Грамадства
Ці падабаюцца вам беларускія рэстараны?
Шык і бляск • 2010-03-10
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтУ дакуменце прадугледжана выключэнне прадукцыі гандлёвых аб’ектаў грамадскага харчавання нацэначных катэгорый “люкс”, “вышэйшая” і “першая” з пераліку тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы), надбаўкі (скідкі) на якія рэгулююцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, што падпарадкаваны ўраду, Нацыянальным банкам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, зацверджанага Указам нумар 285 ад 19 мая 1999 года “Аб некаторых мерах па стабілізацыі цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь”.
Цяпер у рэспубліцы функцыянуе 11 450 гандлёвых аб’ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку 5455 агульнадаступных аб’ектаў. Нацэначныя катэгорыі “люкс” і “вышэйшая” маюць толькі 57 аб’ектаў (0,5 працэнта ад агульнай колькасці), першую катэгорыю — 1413 аб’ектаў (12,3 працэнта).
Святлана Калінкіна, журналістка:
"У НАС НЯМА РАЗНАСТАЙНАСЦІ"
— У суседніх краінах (у Літве, Польшчы) паход у рэстаран — гэта звычайная прыемная падзея. А для беларусаў, на жаль, гэта заўсёды мерапрыемства, звязанае з нейкай падзеяй, датай, з’явай у іх жыцці. Я вельмі люблю паходы ў рэстараны. Аднак у мінскіх рэстаранах мне не падабаецца тое, што яны аднолькавыя. Яны могуць быць рознымі па інтэр’еры, але ўсё роўна аднолькавыя па сваіх меню і культурніцкіх прапановах.
Уладзімір Карагін, старшыня ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў":
"У НАС ПАКУЛЬ НЯМА КАНКУРЭНЦЫІ"
— У нас яшчэ недастаткова развіта канкурэнцыя. Цэны ў нашых высакаякасных рэстаранах больш высокія, чым у Літве і Польшчы. Ёсць недахопы ў абслугоўванні. Праца афіцыянтаў недастаткова карэктная і аператыўная. Праўда, ёсць прыемныя выключэнні — некалькі рэстаранаў, у якіх мне даводзіцца бываць, у першую чаргу, калі прымаю замежных гасцей і партнёраў. Напрыклад, “Поющие фонтаны”. Там добрая італьянская кухня, увечары ёсць жывая музыка. Але трэба садзіцца далей ад аркестра, бо будзе занадта гучна. Рэстаран “Рэнесанс”, што насупраць кансерваторыі: добрая кухня, цудоўнае абслугоўванне. Яшчэ я люблю піўны рэстаран “Ракаўскі бровар” — жывое піва, жывая атмасфера. Мае госці часта здзіўляюцца, што ў Мінску ёсць такія рэстараны. Для многіх з’яўляецца нечаканасцю тое, што рэстаранны бізнес у Беларусі развіты на такім узроўні. Усім раю рэстаран “Сыты тата” каля Камароўскага рынка. Яго гаспадыня настолькі любіць сваю справу, што незадаволеных ні якасцю абслугі, ні кухняй там няма. Муж у яе армянін, таму лепшыя шашлыкі ў Мінску толькі там, і арыгінальныя соусы — таксама.
Канстанцін Баскакаў, бізнесмен:
"ДЗІЎНА, ШТО ЕЎРАПЕЙСКІЯ РЭСТАРАНЫ ІСНУЮЦЬ У НАС ПОБАЧ З САВЕЦКІМІ ЎСТАНОВАМІ"
— Нашы сённяшнія рэстараны нельга параўноўваць з “общепитом” савецкага часу. Гэта розныя рэчы. Нашы рэстараны цалкам адпавядаюць падобным установам у суседніх краінах і выглядаюць значна лепш за астатнія рэаліі цяперашняй Беларусі. Такога паняцця, як “сярэдні беларускі рэстаран”, проста не існуе. Па-за межамі Мінска можна сустрэць такія пункты, якія не змяніліся яшчэ з 1974 года, а можна знайсці рэстараны і вельмі добрага еўрапейскага кшталту. Усё, што тут ёсць добрага, існуе насуперак агульнай атмасферы. Цяжка ўявіць, як прыватныя рэстаратары ўпісваюцца ў сістэму зацвярджэння цэн, планаў ды іншай лухты. І пры ўсім пры гэтым яны могуць стварыць нешта прывабнае. У параўнанні з суседзямі мы прайграем па агульным узроўні рэстаранаў. А па асобных установах можам нават даць фору. Калі ласка — “Камяніца” або “0,5”.
Віктар Шалкевіч, бард:
"УСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД КАТЭГОРЫІ РЭСТАРАНА"
— Калі параўноўваць тое, што робіцца па гэты і па той бок мяжы, дык я хачу сказаць, што ўсё залежыць ад катэгорыі рэстарана. Калі рэстаран вышэйшай катэгорыі, дык там усё геніяльна. Напрыклад, рэстаран “Экспедыцыя” ці “Спорцінг-клуб” у Мінску. Гэта выдатныя ўстановы, дзе класна падабраны кадры. Там працуюць добрыя хлопцы, добрыя дзяўчаты, выдатныя бармены — заўжды ўсміхаюцца. Тое самае можна сказаць пра асобныя рэстараны у Лагойску і Сілічах. А ў рэстаране другой катэгорыі можа быць хворая барменша ці ў афіцыянта не ўсё добра на сённяшні дзень. Пра ўсе ж астатнія катэгорыі можна і не гаварыць. А калі браць тую ж самую Польшчу, то хачу сказаць, што там крыху іншае выхаванне, ды і мэта ў людзей іншая. У нас у рэстаран ходзяць для таго, каб пагуляць, “танна зняць” дзяўчат ці проста нажэрціся гарэлкі. А ёсць рэстараны (нават у Беларусі ўжо такія з’явіліся), куды людзі ходзяць не патанчыць пад папсу, а проста пагутарыць, прыемна правесці вечар.
Валянцін, студэнт:
"ЧАМУ Ў КАБАКАХ НЯМА БЕЛАРУСКАГА ПІВА?"
— Я лічу, што беларускае піва зусім не горшае за “Балтыку” ці “Miller” расійскага разліву. Але чаму ледзь не ў палове мінскіх кабакоў няма беларускага піва? Мяне гэта злуе. Хай мне пакажуць месца ў Літве, дзе не было б “Шветурысу”, ці якую польскую піўную, дзе няма “Леха”. Гэта проста лахаўство нейкае! І гэтае лахаўство не прыкрыеш ніякімі еўрарамонтамі.
Святлана Зелянкоўская, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:
"БЕЛАРУСКІМ РЭСТАРАТАРАМ НЕ ХАПАЕ КРЭАТЫВУ"
— Я наведваю невялікую частку рэстарацый, і гэтая частка ніяк не звязана з беларускай кухняй. Мне вельмі падабаецца рэстаран індыйскай кухні “Джамалунгма”, што за кінатэатрам “Беларусь”. Яшчэ мне падабаецца невялікая рэстарацыя “Справа” на Машэрава. Іншыя рэстарацыі, у якія я трапляла, горшыя за тыя, што я назвала. Я прыхільніца экзатычнай кухні, бо беларуская для мяне занадта тлустая. Чым адрозніваюцца беларускія рэстараны ад еўрапейскіх? У рэстаранах еўрапейскага ўзроўню, калі ты завітаеш туды праз пяць гадоў, страва, якую ты каштаваў раней, будзе такой жа самай — з тых жа самых інгрэдыентаў і зроблена так жа класна, як у мінулы раз. А быць упэўненай у тым, што курыная катлета ў нашым рэстаране зроблена толькі з птушкі, я не магу. Там можа быць і свіны тлушч, і падсмажаны катлеты могуць быць на скварках. Я не ўпэўнена ў адпаведнасці страў таму, што напісана ў меню. Яшчэ ў нас не хапае магчымасцей і свабоды. Часам можна доўга чакаць заказ або пачуць нешта ў свой адрас. А ў той жа Маскве ёсць такія рэстарацыі, якія спалучаюцца з галерэяй, дзе можна набыць ювелірныя вырабы. Там больш крэатыўна падыходзяць да ідэі рэстарацыі. Як кліент я хачу, каб мне было добра з усіх бакоў — і вачам, і страўніку, і вушам. Але я не ўпэўнена за свой страўнік, наведваючы беларускія рэстарацыі.



НОВЫ КАМЕНТАР