Грамадства

Як гродзенскую таямніцу закаталі ў бетон

Люстра дзён  •  2010-03-08

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Будынак уведзенага ў эксплуатацыю ў 1947 годзе тонкасуконнага камбіната быў пабудаваны ў 1867 годзе.
Напрыканцы студзеня на былой фабрыцы ў цэнтры Гродна будаўнікі знайшлі людскія парэшткі. Нечаканая знаходка магла праліць святло на дагэтуль невядомыя факты з гісторыі аднаго з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Аднак гісторыкаў з археолагамі на аб’ект не пусцілі, хуценька ўкачаўшы косці ў бетон.

АРХЕОЛАГАЎ НЕ ПУСЦІЛІ

Адбылося гэта ў будынку былой тонкасуконнай фабрыкі, які цяпер перабудоўваецца пад вучэбны корпус Беларускага інстытута правазнаўства. Рыхтуючы канаву пад кабель, рабочыя пачалі разбіраць бетонную падлогу і амаль на паверхні знайшлі напаўстлелы чэрап. Далей у зямлі былі знойдзены парэшткі сямі людзей, а таксама касцяное трыманне з арнаментам і гліняныя чарапкі, упрыгожаныя малюнкамі.

Следчая група, што прыбыла на фабрыку, узяла частку астанкаў на экспертызу. Праз некалькі дзён у пракуратуры Ленінскага раёна Гродна паведамілі, што верагодней за ўсё косці ў зямлі праляжалі больш за паўстагоддзя. Ад далейшых каментараў там адмовіліся, скіраваўшы журналістаў да навукоўцаў. Аднак справа ў тым, што ані гісторыкаў, ані археолагаў, якія маглі б даць знаходкам прафесійную ацэнку, на аб’ект не запрасілі. Больш за тое, атрымаўшы дазвол з пракуратуры, будаўнікі хуценька залілі раскапанае месца бетонам.

Куды вядзе крывавы след?

Нагадаем, што 23 жніўня 1939 года кіраўнікі МЗС СССР і Германіі Молатаў і Рыбентроп падпісалі Пакт аб ненападзе, які стаў дамовай пра перадзел Еўропы. 1 верасня Гітлер напаў на Польшчу, развязаўшы Другую сусветную вайну. Праз 17 дзён на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая з часу Рыжскай дамовы 1921 года знаходзілася ў складзе Польшчы, уступіла Чырвоная Армія. Па словах даследчыка акупацыйных рэжымаў у Заходняй Беларусі Аляксандра Татаранкі, нават пры найменшым супраціве з боку жаўнераў Войска Польскага чырвонаармейцы-“міратворцы” распраўляліся з імі жорстка. Гэтак, 22 верасня 1939 года пасля трохдзённай асады Гродна “вызваліцелі” расстралялі каля 300 абаронцаў горада — як вайскоўцаў, гэтак і цывільных жыхароў.

“Я быў на месцы знаходкі на наступны дзень. Археолагаў туды і блізка не падпусцілі: маўляў, не дурыце нам галаву, і спаслаліся на забарону міліцыі. У міліцыі ж нам сказалі, што нікому нічога не забаранялі. Больш за тое, першапачаткова будаўнікі (відавочна, для адводу вачэй) паабяцалі, што два тыдні нічога не будуць чапаць. Аднак ужо на наступны дзень (косці знайшлі 25 лютага. — “ТіЦ”) там залілі бетон”, — распавёў карэспандэнту “ТіЦ” навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч.

"ТАМ РЫДЛЁЎКУ НЕЛЬГА ЎТКНУЦЬ БЕЗ ДАЗВОЛУ"

Гісторык тлумачыць, што будынак уведзенага ў эксплуатацыю ў 1947 годзе тонкасуконнага камбіната быў пабудаваны ў 1867 годзе ў якасці махорачнай фабрыкі гродзенскага прамыслоўца Шарашэўскага. Напрыканцы ж стагоддзя фабрыка была пераабсталявана пад кашары, якія выкарыстоўвалі як расійскія, гэтак і польскія войскі.

“Але самае цікавае, што было на гэтым месцы дагэтуль, — дзеліцца Андрэй Вашкевіч. — Менавіта тут месціўся гарадскі пасад, дзе людзі жылі яшчэ ў XII стагоддзі. У XVI-м на месцы фабрыкі стаяла Часнахрэсная царква, у XVII-м — драўляны касцёл кармелітаў, у XVIII-м — вялікі палац Мураўскага, ад якога дасюль застаўся адзін будынак энерганагляду. У 1939 годзе тут было месца абароны польскіх салдат ад савецкіх, якіх, не выключана, і расстралялі. Але наколькі гэта праўда, маглі сказаць толькі археолагі”.

Навуковец адзначае, што месца, на якім стаіць фабрыка, — адно з самых каштоўных у горадзе з археалагічнага гледзішча. “Там рыдлёўку нельга ўткнуць у зямлю без дазволу археолагаў, бо фабрыка знаходзіцца ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра горада. Усе дазволы будаўнікам мусіў даваць асабіста прадстаўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук”, — кажа Вашкевіч.

Карэспандэнт “ТіЦ” патэлефанаваў загадчыку аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН Аляксандру Мядзведзеву, які адказвае за Гродна. “Упершыню чую пра гэтыя знаходкі, — адказаў нам Мядзведзеў. — Мне ніхто нічога не паведамляў”.

СТАРЫ ГРОДНА СТРАЧАНЫ

Парушэнне будаўнікамі і гродзенскімі ўладамі помнікаахоўнага заканадаўства ў апошнія гады сталася звычайнай з’явай. У вынiку маштабнай рэканструкцыi, што пачалася чатыры гады назад, у горадзе над Нёманам зруйнавалі некалькi дзясяткаў аўтэнтычных будынкаў. Галоўная страта — флiгель палаца вiцэ-адмiнiстратара XVIII стагоддзя на вулiцы Горкага, на месцы якога паўстаў муляж з сiлiкатных блокаў, а таксама цэлы раён на вулiцы Парахавой, дзе ўзнiк шматпавярховiк. Пры гэтым паўнавартасныя раскопкі нідзе ў горадзе не вяліся, у выніку чаго былі страчаныя ўнікальныя старажытныя падмуркі i сярэднявечны культурны слой.

"Многія чыноўнікі, прыватныя асобы маюць у Гродне свае інтарэсы, а мясцовыя ўлады ідуць ім насустрач, жывучы выключна сённяшнім днём, — прызнаваўся ў інтэрв’ю газеце “Труд” заслужаны архiтэктар Беларусi, былы галоўны архiтэктар Гродзенскай вобласцi Уладзiмiр Iсачанка.— Таму на блiжэйшыя 50 год, а можа, i на стагоддзi, гiстарычны цэнтр Гродна як адметнасць Беларусi страчаны".

Найаўтарытэтнейшы ў Беларусі даследчык савецкага таталітарызму Ігар Кузняцоў нагадвае таксама пра ліквідацыю захопленых у палон польскіх жаўнераў, а таксама іншых вязняў двух дзясяткаў унутраных турмаў НКУС БССР у 1940—1941 гады. “З уступленнем у чэрвені 1941 на тэрыторыю Беларусі немцаў Саветы кінуліся наўцёкі, папярэдне ліквідуючы “самых небяспечных” вязняў — з турмаў НКУС. У запісцы Берыі ад 3 сакавіка 1940 года ішлося пра 18 тысяч польскіх афіцэраў, зняволеных у Заходняй Украіне і Беларусі. У дакладной жа старшыні КДБ СССР Шалепіна, датаванай 1959 годам, напісана, што ў турмах на тэрыторыі Заходняй Украіны і Беларусі было расстраляна 7305 чалавек”, — кажа Кузняцоў.

Андрусь ХВАЁВЫ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI