Рэгiёны

Выбары без мяне

Магілёў  •  2010-03-10

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Бялыніцкі грамадскі актывіст, выдавец і рэдактар маланакладнай газеты “Паходня” Барыс Вырвіч добра знаёмы дэмакратычным калегам усяго Магілёўскага рэгіёна.
Яго адрознівае цвёрдая грамадзянская пазіцыя. Многія памятаюць яго падчас працы спецыялістам у сельгасаддзеле райвыканкама. У нядаўнія часы, якія цяпер пазначаюцца як былыя, людзі давяралі яму быць народным засядацелем раённага суда.

Барыс Вырвіч не прыняў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 1994 года.

Вось якую нататку ад свайго імя ён надрукаваў у свежым нумары “Паходні”. Нам падалося, што разважанні аўтара заслугоўваюць большай чытацкай аўдыторыі. Таму з аўтарскага дазволу мы і змяшчаем вытрымкі з ягонага “крыку душы”.

“За апошнія некалькі тыдняў да мяне звярнулася шмат людзей з прапановай, каб я вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Людзі шчыра прапаноўвалі сваю дапамогу ў правядзенні выбарчай кампаніі. Вялікае дзякуй ім за гэта, але вылучаць сваю асобу ў якасці кандыдата ў дэпутаты я адмовіўся. Дарэчы, да высновы, што ўдзельнічаць у выбарах у мясцовыя Саветы няма ніякага сэнсу, прыйшлі ўсе прадстаўнікі дэмакратычных сіл нашага Бялыніцкага раёна — ад непраўладных камуністаў да сяброў руху і партыі БНФ. Хачу патлумачыць сваю і нашу агульную пазіцыю.

Ні для каго з маіх сяброў не з’яўляецца сакрэтам, як у нас праводзяцца выбары. Пра гэта выдатна ведаюць і шараговыя людзі, бо з усіх бакоў нярэдка чуеш наступнае: “І навошта гэтыя выбары? Каго прызначыць начальства, той і будзе дэпутатам”.

Я з гэтым цалкам згодны. Многія, хто сутыкаўся з дзяржаўнымі інстанцыямі па самых розных пытаннях, ведаюць, што ў нас даволі часта адно — на паперы, іншае — у жыцці. Аднак што тычыцца дэпутацтва і мясцовага самакіравання, то тут і ў Канстытуцыі, і на практыцы назіраецца замілавальнае яднанне. Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі ў кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў уваходзіць:

— зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў, справаздач аб іх выкананні;

— устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў;

— вызначэнне ў межах, вызначаных законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;

— прызначэнне мясцовых рэферэндумаў”.

“І гэта ўсё?” — даволі часта чуў я ад здзіўленых еўрапейскіх дэмакратычных калег на грамадскіх семінарах ці сустрэчах. Так, усё! Толькі вось гэтыя пытанні можа вырашаць наш, як і кожны іншы, раённы Савет.

Яшчэ менш правоў і рэальных магчымасцей уплываць на жыццё маюць дэпутаты сельскіх Саветаў і самі гэтыя Саветы. Сельскія дэпутаты неаднойчы прызнаваліся мне ў тым, што і сесій ніякіх яны не праводзяць. Старшыні сельсаветаў метадам “апытання” дэпутатаў і заднім чыслом складаюць пратаколы сесій і іх рашэнняў. Шмат разоў чуў ад людзей, ды і ад саміх дэпутатаў думку пра тое, што сродкі, затрачаныя на выбары дэпутатаў сельскіх Саветаў, лепш было б накіраваць на рамонт дарогі ці маста, напрыклад. Цяпер бы вось умацаваць берагі рэчак, што неўзабаве хлынуць на вёскі па прычыне раставання вялікай колькасці снегу, аднак на гэта ў большасці населеных пунктаў сродкаў няма. Кожны будзе ратавацца ад паводкі самастойна, як зможа…

А чаго варты раённы Савет дэпутатаў, абсалютную большасць у якім складаюць мясцовыя кіраўнікі розных устаноў, прадпрыемстваў, гаспадарак? Яны цалкам залежаць ад выканаўчай улады, таму дэпутаты, як правіла, ціхенька сядзяць на сваіх сесіях, як мышы пад венікам, і паслухмяна падымаюць рукі за ўсе загадзя сфармуляваныя ў кабінетах выканкама рашэнні… Летась разгаварыліся з адным знаёмым дэпутатам-начальнікам. Ён усхвалявана распавёў мне як незалежнаму журналісту пра шэраг праблем, што яго хвалююць. А на маю прапанову ўзняць гэтыя актуальныя пытанні на сесіі райсавета мой знаёмы адказаў так: “Не, у нас за гэта па галоўцы не пагладзяць. Могуць увогуле з пасады зняць…”.

Не, гэтыя мясцовыя выбары дакладна пройдуць без мяне.

Барыс ВЫРВІЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI