Грамадства
Чаму ў нас павялічваецца колькасць суіцыдаў?
Люстра дзён • 2010-03-03
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтЯк заявіў міністр, сёння патрабуюць вырашэння праблемныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй і функцыянаваннем службаў псіхічнага здароўя. У прыватнасці, у краіне адзначаецца дэфіцыт псіхолагаў, падрыхтаваных для працы ў згаданых службах. Патрабуецца далейшае развіццё псіхіятрычнай і псіхалагічнай дапамогі, адзначыў Жарко. Па словах міністра, гэта асабліва актуальна для сельскіх жыхароў.
Як лічыць Жарко, наспела неабходнасць у распрацоўцы новай рэдакцыі закона “Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні”.
Валянцін Акудовіч, філосаф:
"СТАЛІ ДОБРА ЖЫЦЬ"
— Калі глядзець на тэндэнцыю суіцыдаў у Еўропе, то яна амаль заўсёды звязана з паляпшэннем жыцця. Найбольшая колькасць самагубстваў у нядаўнія часы адзначалася ў Швецыі. Калі разглядаць гэтую сітуацыю абстрактна, то можна сказаць, што ўзровень жыцця ў беларусаў павышаецца. Але гэтая вясёлая рэмарка не зусім да месца. Нельга звязваць павелічэнне колькасці самагубстваў з эканамічнымі прычынамі. Самы просты прыклад. Падчас мінулай вайны і акупацыі самагубстваў практычна не было. Калі чалавек стаяў перад праблемай элементарнага выжывання, ён імкнуўся выжыць. І ў якіх умовах ён выжываў, было другасным момантам. Таму звязваць самагубствы з тым, што мы сталі горш жыць і што крызіс на нас так моцна паўплываў, будзе надта просталінейным. Вось днямі студэнт-выпускнік, які не хацеў ехаць у правінцыю па размеркаванні, выкінуўся з акна, як быццам яго ў канцлагер адпраўлялі. 20% росту — гэта ўражвае і палохае. Я ніколі не паверу тым, хто адкажа, чаму гэта адбываецца. Думаю, што скачок самагубстваў не вынікае з нейкіх сітуацыйных прычын. Тут патрэбны вельмі глыбокія даследаванні.
Вольга Карповіч, настаўніца:
"ЛЮДЗІ ГЛЯДЗЯЦЬ НА СВЕТ ПРАЗ РУЖОВЫЯ АКУЛЯРЫ"
— Сённяшнія падлеткі нацэлены на дабрабыт, паспяховасць. А рэальна дазволіць сабе прагрэсіраваць у бок дабрабыту могуць адзінкі. Моладзь не гатова да рэальнасці. За поспехам стаіць праца, і няма ніякіх гарантый удачы, багацця. Маладыя не гатовы прымаць удары лёсу. Яны хочуць атрымліваць прыгожае жыццё, не ўмеючы браць на сябе адказнасць і аддаваць. А часам побач яшчэ і не аказваецца блізкіх людзей, якія б маглі гэта растлумачыць ці спыніць у крытычны момант. Людзі трапляюць у псіхалагічную пастку, бо з дзяцінства настроены бацькамі і грамадствам “на лепшую долю”. Трэба вучыць маладых людзей глядзець на жыццё рэальна з дзяцінства і рэальна сябе ацэньваць, каб пасля не расчароўвацца.
Алесь Анціпенка, філосаф:
"З-ЗА АДСУТНАСЦІ САЦЫЯЛЬНЫХ ПЕРСПЕКТЫЎ"
— Вельмі лёгкае пытанне. Адзінае, што я хацеў бы ўдакладніць, дык гэта статыстыку: у якім узросце людзі здзяйсняюць такі нядобры акт, распараджаюцца сваім жыццём, не маючы на тое права? Хутчэй за ўсё, у дыяпазоне ад студэнцкага ўзросту да сарака гадоў. То бок суіцыды звязаны з няпэўнасцю сацыяльнага статусу, пераходным перыядам у жыцці. Гэта неабавязкова пераход ад дзяцінства да юнацтва ці ад юнацтва да сталасці, але ўсё роўна гэта нейкае разбурэнне звыклых умоў жыцця і адсутнасць выразных перспектыў. Калі статыстыка паказвае на тое, што суіцыды здзяйсняюць пераважна маладыя людзі, можна адназначна сцвярджаць: галоўным фактарам павелічэння колькасці суіцыдаў з’яўляецца памяншэнне сацыяльных перспектыў у нашым грамадстве, то бок звужэнне поля нейкага ідэальнага праектавання свайго жыцця ў будучыні. Планаванне свайго жыцця сутыкаецца з жорсткай дэтэрмінаванай бязвыхаднасцю.
Ірына, студэнтка:
"З-ЗА АБЫЯКАВАСЦІ"
— Вакол пануе абыякавасць. Разам з эканамічнымі праблемамі існуе дэфіцыт любові. Самагубствы здзяйсняюць альбо тыя, хто нікога не любіць, альбо тыя, каго ніхто не любіць. Да асобы ставяцца, як да прадукту — як да рук, кашалька, галавы. У нашым грамадстве не прынята ставіцца да чалавека, як да асобы. Шэрасць вітаецца, талент заціскаецца. І не кожны гэта вытрымлівае. Людзі, не маючы магчымасці сябе рэалізаваць, альбо співаюцца, альбо з’язджаюць за мяжу, альбо вешаюцца. Вось калі ўсе таленавітыя з’едуць, сап’юцца і павесяцца, тады, напэўна, Беларусь і зажыве...
Уладзімір Мацкевіч, аналітык:
"ЛЁГКАГА АДКАЗУ БЫЦЬ НЕ МОЖА"
— Тут нешта думаць даволі цяжка. Такія з’явы патрабуюць дакладных і падрабязных даследаванняў. Вядома, што падчас росквіту і паляпшэння дабрабыту самагубстваў здараецца больш, чым у цяжкія часы. Гэта з’ява не мае нейкай адназначнай трактоўкі. Данія па многіх рэйтынгах лічыцца адной з самых шчаслівых краін, у той жа час яна мае хоць і не найвялікшы, але досыць высокі адсотак суіцыдаў. І розныя спекуляцыі на гэты конт не вельмі істотныя. Звычайна большая частка самагубстваў, якія даюць гэты самы працэнтавы рост, не трапляюць у СМІ і пра іх не гавораць. А самагубства кшталту апошняга, калі з даху кідаецца малады чалавек, атрымлівае грамадскі рэзананс. Сам па сабе выпадак нетыповы. Нельга так лёгка падыходзіць да гэтых пытанняў, як часта робяць палітыкі і журналісты. Усё, што закранае чалавечае жыццё, патрабуе сур’ёзных адносін.
Зміцер Лупач, журналіст (Глыбоччына):
"ДЭГРАДАЦЫЯ І П'ЯНСТВА"
— Я лічу, што на гэтую статыстыку ўплываюць жабрачы ўзровень вясковага жыцця і празмернае ўжыванне алкаголю. Людзі не бачаць для сябе іншага выйсця. У маёй ваколіцы летась два чалавекі скончылі жыццё самагубствам. У суседняй вёсцы нават жанчына пайшла з жыцця такім чынам, а гэта — рэдкая з’ява. Аднаму мужыку было ўжо 70 гадоў. Другога, саракагадовага, жонка кінула. І тэндэнцыя пэўная ёсць. Бо дваццаць гадоў назад, калі людзі страчвалі сапраўды вялікія грошы на ашчадных кніжках, так не вешаліся, як сёння. Дэградацыя, п’янства і безнадзейнасць — вось мой адказ.



НОВЫ КАМЕНТАР