Грамадства
Расціла бабуля мак ды каноплі…
Люстра дзён • 2010-03-02
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтНа што толькі не ідуць іншым разам вясковыя людзі, каб хоць нейкім чынам палепшыць свой дабрабыт. Адны гоняць “бімбар”, другія перавозяць праз расійскую мяжу кантрабандныя цыгарэты, трэція цягнуць з калгаса пры любой нагодзе хоць паўмеха камбікорму… Калі парушальнікаў строгіх беларускіх законаў ловяць, кожны з іх мае ў запасе сваю апраўдальную шчымлівую гісторыю. Пра адну з іх сталася вядома і нам.
Летась горкі і адначасова кур’ёзны выпадак здарыўся ў вёсцы Ляпнёўка, што ў Хоцімскім раёне, непадалёк расійскай мяжы. Тамтэйшая пенсіянерка, бабуля Марыя, была арыштавана і асуджана на пэўны тэрмін за вырошчванне на сваім агародзе маку і канопляў, ураджай з якіх прадавала маладым расійскім хлопцам. Працягваліся выгадныя для абодвух бакоў дзелавыя адносіны ажно 4 гады. А пачалося ўсё выпадкова.
Неяк у вёску завіталі на аўтамашыне маладыя людзі, якія і натаропіліся на бабулю Марыю. Яны запыталіся, ці не параіць яна, у каго тут можна набыць мак. “Ды і ў мяне ёсць, — адказала старая. — А вам на што? Можа, вы, хлопцы, нуркаманты якія?” — рассмяшыла бабка Марыя невядомых гасцей. А тыя і не сталі хавацца, толькі падкрэслілі, што “за гэта бабулі нічога не будзе”, бо яна ж не нуркамантка! На тым і з’ехалі, добра заплаціўшы за мак і ўзяўшы з бабулі абяцанне, што ўвосень яна таксама прапануе ім ураджай маку і канопляў.
Бабуля слова стрымала. Яна засеяла коноплямі і макам практычна ўвесь свой агарод. Стрымалі слова і хлопцы, якія восенню забралі ўсё вырашчанае бабуляй, ды яшчэ і па вёсцы паскуплялі “дурноту” там-сям.
Працягвалася гэта, як ужо было сказана, чатыры гады. Мясцовая міліцыя ніяк на тое не рэагавала. Ды міліцыі тут месяцамі не бачылі. У вёсцы ўсяго адзін тэлефон на ўсіх. Праўда, і жыве тут усяго восем чалавек, самаму малодшаму з якіх крыху больш за 75 гадоў. Бліжэйшая крама — у шасці кіламетрах, а аўталаўка прыязджае ў вёску ніяк не больш за адзін раз на два месяцы.
З нейкімі сваімі рэйдамі міліцыянеры тут, канешне, перыядычна бывалі. Але па якіх справах і клопатах, гэта людзям не было вядома. На тое, што росцяць мясцовыя бабулі-дзядулі на сваіх агародах, ахоўнікі парадку ўвагі не звярталі. Пашпацыруюць па Ляпнёўцы туды-сюды, у пару хат зойдуць, пра нешта спытаюцца: маўляў, як жывяце, ці не гоніце самагон? — і толькі тых міліцыянтаў і бачылі.
А аднойчы пры шараговых міліцыянтах былі два афіцэры з вялікімі зоркамі на пагонах. Вось яны і ўбачылі на агародзе ў бабулі Марыі мак ды каноплі. Аддалі каманду скасіць-вынішчыць небяспечнае зелле, склалі пратакол на штраф. Можа, тым бы і скончылася, але бабка сама прагаварылася. Яна пачала прасіцца ў тых афіцэраў: маўляў, сынкі мае родненькія, не вынішчайце ўраджай, бо за ім вось-вось павінны хлопцы рускія прыехаць!
Забягаючы наперад, скажам, што злавіць тых хлопцаў не ўдалося. Судзілі бабулю Марыю. З-за ўзросту і першага ў жыцці правапарушэння бабцы далі 3 гады ўмоўнага пазбаўлення волі. Пацярпеў і ўчастковы ляпнёўскі міліцыянт — яго звольнілі з міліцыі (дарэчы, ён і распавёў нам бабуліну і сваю гісторыю). А вось “вяліказоркавыя” афіцэры, што так удала раскрылі справу, атрымалі павышэнне па службе і іншыя знакі падзякі.
Здаецца, пра казусную гісторыю можна і забыцца. Але пэўныя пытанні засталіся. Ну, напрыклад, чаму так зрэдку і так фармальна наведвалі міліцыянты сваю вёску? (Аказваецца, як распавядае цяпер былы ўчастковы, бензіну на тое, каб ездзіць па маланаселеных вёсках часцей, у міліцыі не стае.) Чаму людзі ў тых самых вёсках і слыхам не чулі пра тое, што вырошчванне зелля ёсць незаконная справа? Чаму, нарэшце, людзі, якія ўсё жыццё аддалі цяжкай працы ў гаспадарцы, на старасці гадоў засталіся без якой-небудзь прыстойнай дзяржаўнай апекі і вымушаны жыць літаральна на капейкі? Адсюль яны і былі гатовы з лёгкасцю і нават удзячнасцю да тых самых “нуркамантаў” спакусіцца на вырошчванне атруты.
Улада, як падаецца, знае адзіны метад барацьбы з п’янствам і наркаманіяй — забарону і крымінальны пераслед. Вось і апошнія папраўкі ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы з гэтага ж шэрага: штрафы і крымінальная адказнасць значна павялічаны ажно амаль па сарака пазіцыях. Аднак тлумачальная, выхаваўчая і прафілактычная работа ў гэтым напрамку прыкметна адстаюць (іначай бы, я мяркую, і змены ў кодэксах не спатрэбіліся б). Значна адстаюць ад сучасных цывілізаваных нарматываў і сацыяльна-культурныя ўмовы, што і правакуе людзей, як справядліва лічаць сацыёлагі і праваабаронцы, на парушэнне, у прыватнасці, антыалкагольнага заканадаўства.
Хоцімскія афіцэры прымацавалі да мундзіраў новыя медалі. Дэпутаты ўзаконілі сур’ёзныя дапаўненні ў кодэксы. Улада праз “сваё” тэлебачанне і “свае” газеты пастаянна вядзе барацьбу з чыноўнай карупцыяй, недысцыплінаванасцю, бюракратызмам. А бабка Марыя так і не ўцяміла, за што ж яе пакаралі і пазбавілі прыработку.
Ян ШЫШКА



НОВЫ КАМЕНТАР