Палiтыка
Ідэалагічны кактэйль
Улада • 2010-03-03
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтТРЭБА ІСЦІ АД ЖЫЦЦЯ
Як паведамляе сайт naviny.by, жлобінскія ідэолагі нядаўна выпусцілі бюлетэнь “для аказання метадычнай дапамогі намеснікам кіраўнікоў па ідэалагічнай працы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна”. Складальнікам дапаможніка з’яўляецца аддзел ідэалагічнай працы Жлобінскага райвыканкама. Тыраж — 100 экзэмпляраў на 114 ідэолагаў у гэтым раёне.
Нагадаем, што 17 лютага на семінары ідэалагічных супрацоўнікаў Мінскай вобласці першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч патлумачыла, што ў сучасных умовах “патрэбен нефармальны падыход. Час лозунгаў мінуў. Трэба ісці ад жыцця, зыходзіць з патрэб людзей”.
Сказала Пяткевіч і фразу, якая тычылася ідэалагічнай працы ў цэлым і амаль адразу стала “крылатай”: “Танчэй, мудрэй, хітрэй”.
Пэўна, жлобінскія “вертыкальшчыкі” і кіраваліся ў сваіх апошніх дзеяннях менавіта гэтай фразай. У брашуры насельніцтва падзелена на пэўныя катэгорыі, з якімі трэба працаваць, і апісаны падрабязны механізм гэтай работы.
Напрыклад, у рабоце з беспрацоўнымі “істотны дабрачыннасць, індывідуальная праца і фарміраванне актыву сярод іх”. Праўда, як будзе фарміравацца гэты актыў, не гаворыцца.
З хатнімі гаспадынямі, “якія слаба далучаны да палітычнага жыцця”, плануецца праводзіць работу “ад дзвярэй да дзвярэй”. Але неяк слабавата верыцца, што палітычная свядомасць хатніх гаспадынь ад гэтага моцна вырасце.
На прадпрымальнікаў можна ўздзейнічаць праз “лабіраванне іх інтарэсаў і культурна-нацыянальныя цэнтры, зямляцтвы, рэлігійныя і жаночыя арганізацыі”. Дарэчы, у нашай краіне само слова “лабіраванне” знаходзіцца ледзь не пад забаронай. Але калі гаворка ідзе пра сімпатыі выбаршчыкаў, то тут, пэўна, можна зрабіць выключэнне з правіл і датычна гэтага слова.
Ну і гэтак далей…
З выступу Аляксандра Лукашэнкі на адкрыцці семінара кіруючых супрацоўнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў па пытаннях удасканалення ідэалагічнай працы ў сакавіку 2003 года:
— …З іншага боку, мінула прыкладна 10 гадоў, і мы сёння ўсведамляем, што мы страцілі. І я ўжо аб гэтым гаварыў: самае галоўнае — мы страцілі добра адладжаную жыццём сістэму ідэалагічнай працы. А ў савецкія часы, трэба аддаць належнае, гэта была нядрэнная сістэма, і нам не варта ад яе адмаўляцца. Ды мы і не спрабавалі адмаўляцца, хутчэй за ўсё, мы спрабавалі захаваць гэтую сістэму, пазбавіўшыся ад непатрэбнага баласту, але ў нас і гэтага не атрымалася. І больш за ўсё з-за нашай ляноты і нежадання працаваць у гэтым напрамку, а не па прычыне непадрыхтаванасці кадраў. Таму што прасцей надаіць, атрымаць прыплод ці вытачыць гайкі і балты. Падняць эканоміку прасцей, чым наладзіць сістэму ідэалагічнай працы, выбудаваць яе і атрымаць ад яе эфект.
ТОЛЬКІ ДВА ПАСТУЛАТЫ?
Калі шчыра, то аўтарам згаданай брашуры нельга адмовіць у пэўным крэатыўным падыходзе. Вось толькі ці маюць усе гэтыя “напрацоўкі” адносіны да фарміравання нацыянальнай ідэалогіі? Вядомы палітолаг Віктар Чарноў абсалютна перакананы, што не: “Мяркую, што ў жлобінскім выпадку гаворка ідзе пра выпрацоўку нармальнага адраснага падыходу да мясцовых выбаршчыкаў. Нехта там сапраўды азнаёміўся з тэхналогіямі правядзення выбарчых кампаній і вырашыў, што называецца, прымяніць іх на справе. Ідэалогія ўяўляе сабой нешта зусім іншае”.
На думку Чарнова, увогуле сама па сабе ідэалогія існуе выключна ў таталітарных дзяржавах, а ў нармальных ёсць агульная сістэма каштоўнасцей: “Такая сістэма фарміруецца паступова, забіраючы ўсё лепшае ад платформ вядучых палітычных сіл краіны. Напрыклад, лібералы прапануюць і змагаюцца за свабоду слова і сходаў, сацыял-дэмакраты — за сацыяльную абароненасць розных слаёў грамадства, нацыянальна заангажаваныя партыі і сілы — за фарміраванне паўнавартаснай нацыі і г.д. У нас жа, як вядома, пакуль мае месца пусты набор агульных фраз ды бясконцыя ссылкі на прыклады гераічнага мінулага беларусаў. Прычым пачынаючы выключна з 1917 года”.
Былы кіраўнік галоўнага прававога ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі (1997—2000 гг.) Аляксандр Пласкавіцкі перакананы, што наша ідэалогія, па вялікім рахунку, звужаецца да двух пастулатаў: “Першы: любі прэзідэнта. Другі: усё астатняе рабі без асаблівых крайнасцей. У свой час, наколькі я ведаю, былы міністр замежных спраў Іван Антановіч і галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия” Павел Якубовіч спрабавалі сфарміраваць нацыянальную ідэалогію, але на дадзены момант маем тое, што маем”.
Дарэчы, Наталля Пяткевіч даволі працяглы час працавала менавіта пад кіраўніцтвам Пласкавіцкага. Тады былы кіраўнік галоўнага прававога ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі не заўважыў у яе жадання выпрацоўваць і мацаваць дзяржаўную ідэалогію.
ТАНЧЭЙ, МУДРЭЙ, ХІТРЭЙ
Пікантна, што кіраўнік НДТРК Аляксандр Зімоўскі ў сваім чарговым тэксце на тых жа naviny.by дастаткова кпліва адазваўся аб узроўні ідэалагічнай працы ў краіне ўвогуле. Непразрысты намёк быў адрасаваны ні каму-небудзь, а менавіта Наталлі Пяткевіч: “Нядаўна ўзорны беларускі ідэолаг быў тоўсты, тупаваты і прастадушны. Перад тварам пастаўленых задач ён часам-такі захоўваў цвярозы розум і цвёрдую памяць альбо разам страчваў і тое, і другое. Не то што цяпер! Цяпер усё танчэйшае, мудрэйшае і хітрэйшае. Атрымаеш ў працу цыркуляр, і проста смешна: відаць, што памяць у аўтараў цвёрдая, а цвярозага розуму як і не было. Атрымаеш наўздагон наступны — і здзіўляешся, адкуль узялося ў іх столькі цвярозага розуму? І куды падзелася ўся цвёрдая памяць? Не ідэалогія, а сляза камсамолкі”.
У тэксце абыгрываецца тая самая “крылатая” фраза Пяткевіч: “Танчэй, мудрэй, хітрэй”.
Акрамя таго, Зімоўскі канстатаваў, што “кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі разгортваецца, à propos, пры поўнай адсутнасці афіцыйнай ідэалогіі”.
Калі ўжо прадстаўнікі вышэйшага ўладнага эшалона па-рознаму глядзяць на такі прадмет, як ідэалогія, то сапраўды ўзнікае правамернае пытанне: ці існуе яна на дадзены момант у нашай дзяржаве?
СПРЭЧАК НЯМА ТОЛЬКІ НАКОНТ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
Як сцвярджае Віктар Чарноў, пакуль у нашым грамадстве ёсць поўная згода толькі наконт аднаго пункта меркаванай агульнай сістэмы каштоўнасцей — гэта незалежнасць: “Наконт усяго астатняга поўны туман, Не тое, што паміж шараговымі беларусамі, паміж элітамі беларускага грамадства няма нацыянальнага кансенсусу. Аб якой ідэалогіі тады можна гаварыць? А нашы суграмадзяне ў сваёй большасці вельмі прагматычныя і прыземленыя. Іх аднымі брашурамі, няхай і “прасунутымі”, не возьмеш”.
Не, не возьмеш.
Віктар АЛЯШКЕВІЧ
ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ
- Апытанне тыдня: Ці з'явіцца ў нас сістэмная апазіцыя?
- Выспятак як дыягназ
- Лукашенко не хочет быть "бандерлогом" для Путина
- Ці пойдзе апазіцыя на выбары?
- Апытанне тыдня: Ці верыце вы ў канcтруктыўны дыялог бізнесу і ўлад?
- Лозовик: Наличие видеокамер на избирательных участках не дает гарантий от фальсификаций



НОВЫ КАМЕНТАР