Рэгiёны

Забароненая канкурэнцыя

Магілёў  •  2010-02-16

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Па правілах свабоднага рынку перамога ў канкурэнцыі дасягаецца за кошт перавагі ў такіх складніках прадукцыі, як якасць тавару і цана. Аднак магілёўскія раённыя спажывецкія таварыствы ідуць да перамогі сваім шляхам — больш кароткім і энергічным.
Выглядае, што менавіта так вырашаюць праблему сваёй неканкурэнтаздольнай прадукцыі (у дадзеным выпадку — хлебнай) ці не ў палове раёнаў Магілёўшчыны. Ясная справа, што па правілах свабоднага рынку перамога ў канкурэнцыі дасягаецца за кошт перавагі ў такіх складніках прадукцыі, як якасць тавару і цана. Аднак магілёўскія раённыя спажывецкія таварыствы, якім належаць як і самі камбінаты па вырабе хлеба, так і крамы, дзе ён рэалізуецца, ідуць да перамогі над папулярным у народзе хлебам з абласнога цэнтра сваім шляхам — больш кароткім і энергічным.

Не купляюць людзі свой хлеб, бо лічаць магілёўскі лепшым? “Не пушчаць у раён магілёўскі прадукт, забараніць гандаль ім у падначаленых крамах!”

Не выконваюцца ў раёне эканамічныя прагнозныя паказчыкі развіцця прадпрыемстваў спажывецкай галіны? “Паставіць на мяжы раёна адміністрацыйны шлагбаум на шляху падобных тавараў з іншых рэгіёнаў!”

Тады, як мяркуюць вынаходнікі гэтых найпроставых спосабаў рынкавага рэгулявання і барацьбы з канкурэнцыяй, і перамога ў змаганні за спажыўца будзе забяспечана, і працоўныя месцы (найперш, канешне, свае камандна-адміністрацыйныя) захаваюцца. Прапануем паведамленні з дзвюх тэрыторый Магілёўшчыны, у якіх найбольш актыўна вядзецца адміністрацыйная барацьба з канкурэнцыяй у сферы гандлю першасным прадуктам для нашага стала — хлебам.

ПАТРЫЁТАМ БЫЦЬ АБАВЯЗАНЫ!

Тут да абароны сваёй хлебнай вытворчасці падключыўся нават райвыканкам. Супрацоўнікі адпаведных аддзелаў гэтай установы, як нам стала вядома, настойліва “рэкамендуюць” гандлёвым прадпрыемствам прадаваць хлеб выключна мясцовай вытворчасці. Сапраўды, хлеб з Магілёва апошнім часам у раён практычна не завозіцца. У гутарцы з намі спецыялісты райспажыўтаварыства пацвердзілі гэту інфармацыю. Яны таксама паведамілі, што абмежаванне паставак магілёўскага хлеба ажыццяўляецца для таго, каб “павялічыць аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі ўласнага камбіната кааператыўнай прамысловасці”. Да таго ж, “бялыніцкі хлеб не горшы за магілёўскі, а да таго ж камбінату неабходна пастаянна павялічваць аб’ёмы вытворчасці, як таго патрабуюць “прагнозныя паказчыкі”. А не будзе павелічэння аб’ёмаў, давядзецца скарачаць работнікаў.

Многія ж бялынічане (да слова сказаць, не меншыя патрыёты свайго раёна, чым прадстаўнікі “вертыкалі” і спажывецкай галіны) выказваюць незадаволенасць тым, што не могуць цяпер набыць па сваім жаданні той хлеб, які хочуць (магілёўскі, у прыватнасці), як гэта было яшчэ зусім нядаўна. Адзначаюць яны і лепшую якасць магілёўскіх буханак, і меншую іх цану ў параўнанні з мясцовымі гатункамі. Яшчэ раз падкрэслім, што ўсе суразмоўцы з пэўным спачуваннем і зразумелым хваляваннем пагаджаліся з тым, што сапраўды дрэнна, “што камбінат і спажыўтаварыства не выканалі мінулагодніх запланаваных паказчыкаў па вытворчасці і рознічным гандлі адпаведна”. Але, як справядліва пыталіся суразмоўцы, “пры чым тут мы, звычайныя бялынічане, якія не працуюць ні на камбінаце, ні ў спажывецкім таварыстве”?

ЧЭРГІ ЗА ХЛЕБАМ – РЭАЛІІ ДНЯ

Актыўны ў грамадскім сэнсе жыхар райцэнтра Сямён Панізоўцаў, які па справах даволі часта бывае ў абласным цэнтры, заўсёды валачэ торбу, набітую магілёўскім хлебам. Бо і самому падабаюцца пэўныя гатункі прадукту, і знаёмыя часта просяць прыхапіць для іх адну-дзве буханкі з Магілёва.

Амаль два гады назад спадар Панізоўцаў з просьбай вырашыць згаданую праблему на карысць сваіх землякоў звяртаўся нават да Ліліі Чыгір, старшыні камітэта Дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці. Адказ атрымаў наступны: маўляў, пытанне будзе вывучана. Аднак магілёўскі хлеб ад гэтага ў чэрыкаўскіх крамах не з’явіўся. Прадавачкі адпаведных аддзелаў і нават загадчыкі крам (як гаворыцца, азіраючыся па баках) прызнаюцца, што “гандляваць магілёўскім хлебам нам забаронена”. Праўда, у райспажыўсаюзе пярэчаць, што забароны такой не існуе. Маўляў, як “нам самім, то найбольш падабаецца чэрыкаўскі хлеб”. Ну а той, хто ўжывае магілёўскі, можа купляць яго столькі, колькі душа жадае. Пры гэтым у спажыўканторы забываюцца ўдакладніць, што насамрэч гэтае “колькі душа жадае” чэрыкаўчане могуць атрымаць толькі па суботах, ды і то, калі пашчасціць. Бо аўталаўка з магілёўскага “Хлебпраму” прыходзіць у райцэнтр менавіта па суботах, па вольным раскладзе, і прывозіць хлеб у абмежаванай колькасці. А таму, каб “задаволіцца”, людзі ў надзеі на ўдачу вымушаны займаць чаргу зранку, яшчэ перад пустым прылаўкам.

А вось супрацоўніца магілёўскага “Хлебпраму” (сваё прозвішча яна адмовілася назваць) на наша “хлебнае” пытанне па тэлефоне пацвердзіла, што “ёсць устаноўка мясцовай улады ў Чэрыкаве (і не толькі) на тое, каб мясцовыя спажывецкія крамы і нават прыватныя прадпрымальніцкія гандлёвыя кропкі бралі на рэалізацыю магілёўскі хлеб”.

"ЧУЖЫ"-2

Такім жа спосабам змагання за якасць сваёй мясцовай прадукцыі вызначаюцца ў Кіраўску, Клічаве, Клімавічах, Хоцімску. У былым партызанскім краі (Клічаўскім, хто забыўся) сапраўдную барацьбу з мясцовай уладнай бюракратыяй за права гандлю ў раёне “чужым, прывазным хлебам” (з суседняга Бабруйска) ужо больш як два гады вядуць грамадскія актывісты, якія аб’ядналіся ў прафсаюзную суполку прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Але пакуль яны дамагліся аднаго: бабруйская аўталаўка сваім цёплым і смачным таварам радуе клічаўскіх насельнікаў толькі раз на тыдзень. У астатнія дні бабруйскаму хлебу тут і на парог забаронена з’яўляцца…

Канкурэнтная барацьба — справа рашучая!

Сямён СЯМЁНАЎ, Віктар ВОЙТ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI