Палiтыка

Што стаіць за польскай “дымавой заслонай”?

Улада  •  2010-02-11

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Апошняе сур’ёзнае абвастрэнне беларуска-польскіх стасункаў здольнае прывесці да непрадказальных наступстваў.

БРУТАЛЬНЫЯ ПАВОДЗІНЫ

Зусім нядаўна ў Івянцы Гродзенскай вобласці ў Польскі дом, які належыць непрызнанаму ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, заявіліся міліцыянеры і судовыя выканаўцы. Апошнія пачалі апісваць маёмасць гэтага дома. Першыя фактычна яго акупіравалі, выпіхнуўшы на вуліцу актывістаў названай арганізацыі. Замест іх у дом завялі нейкага Станіслава Бурачэўскага, які кіруе мясцовым аддзяленнем лаяльнага ўладам Саюза палякаў.

Раней, напрыканцы студзеня, у тым жа Івянцы ўлады спрабавалі звольніць кіраўніка мясцовага аддзялення названага вышэй саюза Тэрэзу Собаль. Акрамя таго, дзясяткі актывістаў, якія хацелі падтрымаць Собаль, былі затрыманы на некаторы час.

У рэшце рэшт пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін быў адкліканы для кансультацый у Варшаву, што на дыпламатычнай мове азначае сур’ёзнае напружанне ў дыпламатычных стасунках паміж дзвюма краінамі.

Польскі бок у асобе свайго Міністэрства замежных спраў таксама вырашыў выклікаць да сябе пасла Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка, каб выказаць яму сур’ёзную занепакоенасць дзеяннямі беларускіх улад у адносінах да палякаў у Беларусі.

Саветнік польскага прэзідэнта па справах суайчыннікаў за мяжой Міхал Дворчык не вельмі выбіраў словы, характарызуючы сітуацыю, што склалася: “У іншых краінах, еўрапейскіх і нееўрапейскіх, дзе жыве шмат палякаў і асоб польскага паходжання, таксама ўзнікаюць рознага роду праблемы і нават парушаюцца правы чалавека і не вытрымліваюцца еўрапейскія стандарты. Аднак да такіх брутальных сітуацый, як у Беларусі, нідзе ў свеце не даходзіць”.

Прэзідэнт Польшчы падтрымлівае непрызнаны Саюз палякаў Беларусі і яе кіраўніка Анжаліку Борыс.

Прэзідэнт Польшчы падтрымлівае непрызнаны Саюз палякаў Беларусі і яе кіраўніка Анжаліку Борыс.

Не застаўся ўбаку і сам польскі прэзідэнт, які цалкам падтрымаў непрызнаны Саюз палякаў Беларусі і яе кіраўніка Анжаліку Борыс, якая была запрошана на сустрэчу да Леха Качыньскага. Анжаліка публічна заўважыла, што дадзеная сітуацыя вельмі моцна нагадвае ёй падзеі 2005 года, калі “спецназ захапіў Польскі дом у Гродне”.

Самае цікавае, што ўжо 12 лютага павінен адбыцца візіт у Варшаву нашага міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, на фоне якога віцэ-старшыня польскага сената Мацей Плажынскі назваў падзеі ў Івянцы “незразумелымі”. Падчас візіту плануецца (ці ўжо планавалася?) абмеркаваць шматлікія аспекты беларуска-польскіх стасункаў, якія, трэба сказаць, апошнім часам надта актыўна развіваюцца амаль па ўсіх напрамках.

Зараз у Мінску працуе сумесная беларуска-польская камісія па эканамічным супрацоўніцтве. Часткова вынікі яе працы стымулявалі прыезд у сярэдзіне студзеня ў Мінск віцэ-прэм’ера Польшчы, міністра эканомікі Вальдэмара Паўляка, з якім сустракаўся беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Паўляк выказаў спадзяванне, што абедзве краіны рэалізуюць інвестыцыйныя праекты ў галіне энергетыкі і будуць супрацоўнічаць у розных сферах і на розных узроўнях.

Больш за тое, была падпісана дамова паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Беларусі і польскім акцыянерным таварыствам ACJ Capital аб прадстаўленні інтарэсаў Беларусі ў пытаннях прыцягнення інвестыцый у нашу краіну.

І тут такая незадача.

"МУЖЧЫНСКАЯ РАЗМОВА" НА ЗАКУСКУ

Трэба сказаць, што Саюз палякаў А.Борыс неаднаразова спрабаваў неяк вырашыць дадзеную канфліктную сітуацыю. Cтаршыня Галоўнай рады гэтага саюза Анджэй Пачобут паведаміў, што “некалькі месяцаў таму наша грамадскае аб’яднанне перадало адмысловы зварот да беларускага прэзідэнта: “Мы прасілі ў ім Аляксандра Лукашэнку асабіста ўмяшацца ў дадзеную сітуацыю і расставіць усе кропкі над “і”. Але адказу на свой зварот мы не атрымалі дагэтуль. Дарэчы, пад ім падпісалася каля 5000 чалавек”.

Намеснік старшыні афіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Мечыслаў Лысы мае свой пункт гледжання на канфліктную сітуацыю паміж двума саюзамі. На з’ездзе гэтай грамадскай арганізацыі, які прайшоў напрыканцы мінулага года, ён сказаў наступнае: “Канечне, за чатыры гады мы прывыклі працаваць у некаторай ізаляцыі, ва ўмовах падзелу палякаў на “сваіх” і “чужых”. Мы адкрыты для дыялога, але цяжка размаўляць з тымі, хто не хоча чуць”.

Разам з тым М.Лысы выказаў надзею, што са зменай кіраўніцтва СПБ зменіцца і стаўленне да гэтай грамадскай арганізацыі з боку польскага ўрада і Еўрасаюза.

Адказам на яго спадзевы можна лічыць каментар міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага адносна сітуацыі вакол Польскага дома ў Івянцы: “Захаванне правоў меншасцей — важная ўмова збліжэння з Еўрасаюзам, але выбар тут за Беларуссю. Ёй ніхто не забароніць самаізалявацца, калі яна хоча гэтага”. Акрамя таго, Сікорскі паабяцаў “мужчынскую размову” беларускаму міністэрству замежных спраў.

Няўжо беларуска-польскія (а можа, і адносіны Беларусь — ЕС) замарозяцца на няпэўны час з-за івянецкіх падзей і з-за таго, што ім папярэднічала?

ЕЎРАПЕЙЦЫ ПАКРЫЧАЦЬ ДЫЙ ПЕРАСТАНУЦЬ

Палітолаг Юрый Чавусаў лічыць, што такі сцэнар малаверагодны: “Сітуацыя вакол Польскага дома ў Івянцы — гэта, на мой погляд, памылковая мішэнь. Гэткая своеасаблівая дымавая заслона на фоне падрыхтоўкі да чарговых прэзідэнцкіх выбараў на пачатку 2011 года. Нешта падобнае ўжо адбывалася падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі 2006 года, калі за кошт саступак у нейкіх не вельмі значных справах практычна нічога не рабілася ў фундаментальных галінах абароны правоў чалавека ў Беларусі. Зараз адбываецца падобны палітычны гандаль.

Я асабіста не выключаю, што ў хуткім часе ўлады спыняць націск на Анжаліку Борыс і яе саюз. І што, з-за гэтага значна зменіцца сітуацыя з рэгістрацыяй палітычных партый і рухаў? Ці палепшыцца становішча незалежных СМІ? Або неяк скарэктуецца сцэнар правядзення мясцовых і будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі? Усе гэтыя рэчы нават у свядомасці еўрапейскіх (і асабліва польскіх) палітыкаў адыдуць на другі план пасля магчымых саступак беларускіх улад у справе неафіцыйнага Саюза палякаў”.

ЕЎРАПЕЙЦЫ ЎЖО ДАЛЕКА НЕ ТЫЯ

Іншага меркавання прытрымліваецца Ігар Варатынец, таксама палітолаг: “Мушу напомніць, што зараз на двары 2010 год, а не 2006, калі нашым уладам асабліва не былі патрэбны ні еўрапейскія прэферэнцыі, ні тэхналогіі, ні пазыкі — усё гэта “закрывала” братэрская Расія. Цяпер жа, калі РФ і дае прэферэнцыі і пазыкі, то робіць гэта з непразрыстым намёкам на права ўласнасці на самыя смачныя кавалкі беларускай маёмасці, а то і незалежнасці. Еўропе ж апошняе, што называецца, і дарам не трэба. Таму сяброўства з Еўропай для беларускай улады мае цяпер стратэгічны характар па ўсіх напрамках. Гэта разумее і беларуская ўлада, і кіраўніцтва вядучых еўрапейскіх структур. Ім усё-такі ёсць справа да правоў чалавека ў Беларусі”.

Так што, мяркуючы па ўсім, адной “дымавой заслонай” на гэты раз афіцыйнаму Мінску не адкруціцца.

ДА ВЕДАМА

У Беларусі зараз дзейнічаюць два Саюзы палякаў.

Першы — афіцыйны — Саюз палякаў у Беларусі, які з канца мінулага года ўзначальвае 57-гадовы прадпрымальнік Станіслаў Сямашка.

Другі — неафіцыйны — Саюз палякаў Беларусі, якім кіруе Анжаліка Борыс. Беларускія ўлады яго не прызнаюць, але паўнавартасны дыялог з гэтым саюзам вядуць улады суседняй Польшчы.

З 90-х гадоў мінулага стагоддзя за кошт польскай дзяржавы былі пабудаваны 16 Польскіх дамоў, трыма з якіх кіруе А.Борыс.


Віктар АЛЯШКЕВІЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI