Эканомiка

2010: ці абваліцца наш рубель?

Эканомiка  •  2009-12-30

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Напрыканцы гэтага года шмат хто з нашых суайчыннікаў думае пра пачатак года наступнага: ці не ляснуцца грунтоўна рублёвыя ўклады ў банках?

Як гэта здарылася сёлета 1 студзеня, калі нацыянальная грашовая адзінка дэвальвавалася на 20 працэнтаў. Адзін мой калега, які дагэтуль абмяжоўвае сябе і сваю сям’ю амаль ва ўсім (збірае на жыллё), страціў тады на рублёвых дэпазітах ні многа ні мала каля 4 тысяч долараў. Як ён прызнаўся мне пазней, выкарасківацца з поўнай прастрацыі прыйшлося з дапамогай урача.

Што ж нас чакае на гэты раз?

АПТЫМІЗМУ НАЦБАНКА МОЖНА ПАЗАЙЗДРОСЦІЦЬ

Статыстыка Нацыянальнага банка на гэты конт гучыць дастаткова аптымістычна. За студзень — кастрычнік гэтага года рублёвыя ўклады па сваім росце пачалі нават перавышаць інвалютныя! Напрыклад, за той жа кастрычнік дэпазіты насельніцтва ў рублях выраслі на 319,26 мільярда рублёў, альбо на 4,4 працэнта, а дэпазіты ў інвалюце — на 18,4 мільёна долараў, альбо на 0,5 працэнта.

На пачатак лістапада ўклады насельніцтва ў нацыянальнай валюце складалі каля 7,52 трыльёна рублёў, у замежнай — амаль 3,5 мільярда долараў.

Праўда, пры гэтым прывабнасць рублёвых дэпазітаў была дасягнута за кошт фантастычна высокіх ставак, якія часам дасягалі ажно 22 працэнтаў!

Аптымістычна глядзяць на будучыню банкаўскіх укладаў насельніцтва і адказныя асобы Нацбанка. Асабліва там падкрэсліваюць, што ні напрыканцы гэтага года, ні на пачатку наступнага нічога рэзкага і непрыемнага з беларускім рублём не адбудзецца. Больш за тое, у галоўнай фінансавай установе краіны заяўляюць, што “зараз у эканоміцы краіны, у яе замежнаэканамічным сектары, сфарміраваліся ўсе неабходныя перадумовы, якія дазваляюць і надалей падтрымліваць курс на стабільным узроўні. У сувязі з гэтым на працягу ўсяго наступнага года прадугледжваецца падтрыманне курсу беларускага рубля на ўзроўні кошыка замежных валют у межах калідора ваганняў +/-10% у адносінах да яго кошту, што склаўся да канца 2009 года”.

ЗАМОЎЧАНЫЯ ЛІЧБЫ

Праўда, там “сарамліва” замоўчваюць, што знешняя запазычанасць літаральна за апошнія гады вырасла з 5 да 21 мільярда долараў!

І зараз мы купляем тавараў на 6 мільярдаў “зялёных” больш, чым іх прадаём.

А нейкіх маштабных структурных змен у нашай эканоміцы не адбываецца і не мае адбыцца.

Ці можна пры такім падыходзе разлічваць на стабільнасць нацыянальнай грашовай адзінкі ў 2010 годзе?

Былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч у каментары для “Тут і цяпер” сказаў, што збольшага, напэўна, можна: “Сапраўды, у нашай эканоміцы склалася, мякка кажучы, не вельмі спрыяльная сітуацыя. Але пакуль у нас ёсць доступ да знешніх рэсурсаў, што пакуль (ключавое слова — “пакуль”) дазваляе айчыннай банкаўскай сістэме даволі ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень”.

Напомнім, што літаральна на днях Міжнародны валютны фонд (МВФ) выдзеліў нашай краіне чарговую траншу крэдыту ў 699 мільёнаў долараў. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) даў нам у доўг паўмільярда долараў. Ашчадны банк Расіі, які нядаўна купіў з усімі “трыбухамі” наш Белпрамбудбанк, паабяцаў прывесці сюды інвестыцый як мінімум на 1 мільярд долараў. Акрамя таго, паводле сцвярджэння віцэ-прэм’ера краіны Андрэя Кабякова, Кітай на поўным сур’ёзе сабраўся выдзеліць Беларусі аж 5,7 мільярда долараў. Беларускія ўлады збіраюцца нарэшце развітацца з самымі “смачнымі” кавалкамі беларускай нерухомасці —нафтаперапрацоўчымі заводамі дый іншымі, пакуль яшчэ ліквіднымі прадпрыемствамі.

Праўда, тут ёсць некалькі “але”.

ПЕРШАЕ "АЛЕ"

Прэм'ер-міністр краіны Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад органаў дзяржкіравання “безумоўнага выканання” ў 2010 годзе росту эканомікі на 11—13 працэнтаў, што быў зацверджаны прэзідэнцкім указам. Як лічыць Станіслаў Багданкевіч, гэта ўяўляе непрыхаваную пагрозу дабрабыту простых грамадзян: “Калі гэты прагноз “наверсе” вырашаць выконваць на поўным сур’ёзе, то гэта непазбежна пацягне за сабой інфляцыю, і ў выніку — абясцэньванне грошай”.

ДРУГОЕ "АЛЕ"

Ніхто дакладна не ведае, як стане паводзіць сябе сусветная эканоміка ў наступным годзе. Наш эксперт Сяргей Стрыгун лічыць, што да новых катаклізмаў у фінансавай сферы мы не гатовы: “Амаль усе цяперашнія знешнія і ўнутраныя рэсурсы мы вычарпалі. Да новых выклікаў наш немадэрнізаваны і сацыяльна арыентаваны эканамічны сектар не “акліматызаваны”. І калі гэтыя выклікі ўсе ж будуць мець месца, то наступствы для Беларусі і яе радавых грамадзян (у тым ліку іх зберажэнняў) могуць быць больш чым сумнымі”.

ТРЭЦЯЕ "АЛЕ"

І, пэўна, асноўнае. Разлічвацца за цяперашнія астранамічныя даўгі і продаж “фамільнага срэбра” прыйдзецца не толькі дзецям і ўнукам, а, цалкам магчыма, і цяперашняму пакаленню сталых беларусаў. Сяргей Стрыгун лічыць сённяшнюю эканамічную палітыку ўлады недальнабачнай: “Калі паглядзець на рэчы цвяроза, то, пэўна, у наступным годзе нашым суайчыннікам не варта асабліва турбавацца за свае зберажэнні. Але ж наступяць 2011-ты, 2012-ты, 2015-ты гады, калі прыйдзецца плаціць па даўгавых абавязках і пры гэтым захоўваць прывабнасць захоўвання грошай у банках. Як гэта можна зрабіць пры цяперашнім абыходзе з рэальным сектарам эканомікі, асабіста я не ведаю”.

У ЧЫМ ЗАХОЎВАЦЬ СВАЕ ГРОШЫ Ў БАНКАХ?

Праўда, апошнія перасцярогі з’яўляюцца пакуль пагрозамі будучых гадоў. Тых, хто мае грошы, цікавіць, як з імі найлепш абысціся сёння ці заўтра.

Станіслаў Багданкевіч ужо доўгі час захоўвае свае асабістые зберажэнні ў доларах: “Я веру (і думаю, што небеспадстаўна) у тое, што амерыканская эканоміка хутчэй, чым еўрапейская выйдзе з крызісу. Што тычыцца іншых людзей, якія маюць дастаткова вялікія сумы грошай, то магу параіць традыцыйнае: прапарцыянальна роўна захоўвайце іх у доларах, еўра, беларускіх і расійскіх рублях. Хто хоча атрымаць максімальна вялікі даход ад сваіх банкаўскіх укладаў, можа паспрабаваць зрабіць іх усе ў нацыянальнай валюце”.

Але пры гэтым вядомы эканаміст раіць максімальна пільна адсочваць стан беларускай эканомікі, асабліва яе фінансавай сістэмы, і старацца класці свае грошыкі на кароткачасовыя дэпазіты.

Віктар АЛЯШКЕВІЧ

ДАВЕДКА ТіЦ

Па выніках студзеня — лістапада 2009 года Беларусь заняла другое месца сярод краін былога СССР па росце спажывецкіх коштаў. Пра гэта сведчыць аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі, праведзены БелаПАН.

На працягу першага квартала Беларусь лідзіравала па гэтым паказчыку, па выніках красавіка саступіла першынство Украіне, у чэрвені прапусціла наперад Расію, а ў кастрычніку зноў апярэдзіла яе.

Ва Украіне з пачатку года цэны выраслі на 11,3%, у Беларусі — на 8,7%, у Расіі — на 8,4%. Далей ідуць Казахстан (5,6%), Таджыкістан (4,8%), Арменія (4,5%), Грузія (3,1%) і Літва (1,5%). У Азербайджане цэны знізіліся на 0,1%, у Малдове — на 0,5%, Латвіі — на 0,7%, Кыргызстане — на 1%, Эстоніі — на 2%.


Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI