Культура
Беларусізацыя пачалася?
Культура • 2009-12-29
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтНе ставячы перад сабой задачы ахапіць усе значныя культурныя падзеі сыходзячага года, мы вырашылі спыніцца на асноўных тэндэнцыях, дзякуючы якім 2009 год і ўвойдзе ў гісторыю. Безумоўна, галоўная з іх — намёк на беларусізацыю, якой так прагнулі нацыянальна свядомыя сілы апошнія 15 год.
ЧАЛАВЕК ГОДА: ПАВЕЛ ЛАТУШКА
Несумненна, падзея № 1 у культурным жыцці Беларусі — прызначэнне на пасаду міністра культуры 36-гадовага Паўла Латушкі. Адбылося гэта падчас чарговага ператрусу кадраў, які прэзідэнт Лукашэнка ажыццявіў на пачатку чэрвеня.
Ён вучыўся на гістфаку БДУ, аднак скончыў юрфак і паралельна — Лінгвістычны ўніверсітэт. Займаў розныя пасады ў структуры Міністэрства замежных спраў, у тым ліку працаваў прэс-сакратаром МЗС. Ад 2002 па 2008 год быў паслом Беларусі ў Польшчы, дзе наладзіў сувязі з беларусамі Беласточчыны, папулярызаваў сярод палякаў нашу культуру. Заўважым: Латушка быў самым маладым беларускім амбасадарам і ці не адзіным, хто нязменна публічна выступаў на беларускай мове.
З прыходам у Мінкульт экс-амбасадара, якога недзяржаўныя СМІ адразу ахрысцілі “сімвалам лібералізацыі”, сталі мажлівымі рэчы, аб якіх раней нельга было і марыць: натуральная беларускамоўнасць міністра, дыялог з незалежным грамадствам, агучванне ідэяў, пра якія недзяржаўныя эксперты казалі гадамі, аднак улада іх не чула.
Гэтак, выступаючы на адкрыцці V З’езда беларусаў свету (міністр культуры наведаў форум упершыню за доўгія гады), Латушка заявіў, што не “ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы” і што асабіста для яго “беларуская мова з’яўляецца прыярытэтнай”. І сапраўды, ён не толькі пачаў перавод справаводства на беларускую мову, але і стаў амалоджваць міністэрскія шыхты. Гэтак, пасады намесніка міністра пазбавіўся Уладзімір Грыдзюшка.
Латушка паставіў перад сабой задачу навесці парадак з помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны, сотні якіх па ўсёй краіне гінуць на вачах ці вынішчаюцца гора-будаўнікамі. Гэтак, быў спынены жахлівы еўрарамонт Мірскага замка, а таксама анансаваны законапраект, які дазволіць замежнаму капіталу інвеставаць у беларускія аб’екты турыстычнага інтарэсу.
Міністр культуры Беларусі таксама паспеў сустрэцца з калегамі з Літвы і Польшчы, аб чым ягоныя папярэднікі нават не задумваліся. Быў падпісаны шэраг міжурадавых дамоваў аб супрацоўніцтве, а галоўнае — узноўлены дыялог суседзяў, ад якога ўсе бакі толькі выйграюць. “Шкада тых 15 гадоў, змарнаваных на непаразуменні, калі не было ніякіх кантактаў, хаця мы суседзі”, — заявіў падчас нядаўняга візіту ў Мінск міністр культуры Польшчы Богдан Здраеўскі.
Абазнаныя людзі кажуць, што Павел Латушка ўваходзіць у вузкае кола асобаў, якія карыстаюцца даверам прэзідэнта. Нават калі гэта і не так, цяжка ўявіць, каб хоць адзін рэфарматарскі крок новага міністра не быў санкцыянаваны зверху.
ТЭНДЭНЦЫЯ ГОДА: БЕЛАРУСКАЯ МОВА ВЯРТАЕЦЦА?
Яшчэ ў студзені адбылася сустрэча старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава з кіраўніком Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім, які паабяцаў пашырыць выкарыстанне беларускай мовы на ТБ. І сапраўды, у навінах “Першага нацыянальнага” сталі рэгулярна з’яўляцца беларускамоўныя сюжэты, а з 19 кастрычніка рэгіянальныя тэленавіны ва ўсёй краіне перайшлі на беларускую мову.
У верасні ж дзяржаўныя СМІ выйшлі з сенсацыяй: “Значная частка насельніцтва Беларусі выступае за больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы!” Такая выснова была зроблена па выніках сацдаследавання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Траціна рэспандэнтаў заявілі, што жадалі б шырэй выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах і ў адукацыйным працэсе ўсіх навучальных устаноў; пятая частка — на сваёй працы, вучобе, а таксама ў сферы абслугоўвання. Амаль палова насельніцтва краіны лічыць неабходным у першачарговым парадку пашырыць ужыванне беларускай мовы ва ўсіх дзіцячых дашкольных установах.
“Значная частка грамадства (ад 27% да 43%) лічыць, што больш шырокае ўжыванне беларускай мовы ў жыцці рэспублікі прывядзе да кансалідацыі насельніцтва, яго згуртавання шляхам падвышэння ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці, больш глыбокага ўсведамлення свайго становішча як самастойнай нацыі”, — пісала БелТА.
Цікава, што ў часе лістападаўскага перапісу насельніцтва прэзідэнт Лукашэнка назваў роднымі адразу дзве мовы — беларускую і рускую. На дзвюх мовах, паводле ягоных словаў, ён размаўляе і дома.
ПРАРЫЎ ГОДА: ЗАБАРОНЕНЫЯ РОКЕРЫ І НАРВЕЖСКІ БЕЛАРУС
Улетку пад Мінскам адбыўся першы “нацыянальны фестываль жывой актуальнай музыкі "Bela Music". Унікальнасць сітуацыі ў тым, што з 2005 па 2007 год у Беларусі існавалі “чорныя спісы”, якія забаранялі публічную дзейнасць найбольш вядомых рок-гуртоў на чале з “N.R.M.”, "Крамай", "Палацам", "Нейра Дзюбелем". Музычная блакада цягнулася да таго часу, пакуль забароненыя музыкі не схадзілі на прыём да галоўнага ідэолага краіны Алега Праляскоўскага (цяпер — міністр інфармацыі). І вось у самы разгар абвешчанай уладамі лібералізацыі Мінкультуры, Мінаблвыканкам і Мінгарвыканкам выступілі суарганізатарамі музычнага фэсту з удзелам гуртоў, якія яшчэ колькі гадоў назад былі пад забаронай.
Сёння мастацкі кіраўнік "Bela Music" і лідар “Палаца” Алег Хаменка не знікае з тэлеэкранаў, “N.R.M.” даюць аншлагавы канцэрт у КЗ “Мінск”, а "Нейра Дзюбель" спакойна адзначае 20-годдзе. Дзівосы, ды і толькі!
Не меншым дзівам стала “Еўрабачанне-2009” у Маскве, на якім перамогу атрымаў беларус Аляксандр Рыбак. Праўда, таленавіты хлапчук разам з бацькамі пакінуў радзіму, калі яму было толькі чатыры гады, і дасягнуў усяго ў Нарвегіі. А вось выступ прадстаўніка Беларусі Пятро Ялфімава скончыўся правалам і скандалам паміж ім і Белтэлерадыёкампаніяй, якая займалася адборам і падрыхтоўкай да “Еўрабачання” ад Беларусі.
Язэп ШЧАБЛОЎСКІ



НОВЫ КАМЕНТАР