Апублікована у выданні “Тут і цяпер”
2 лістапада 2009 г.
На “Белсаце” выйшаў фільм “Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941—1944”.
Здавалася б, гэты дакументальны серыял, паказаны ў кастрычніку, павінен быў выклікаць публічныя водгукі. Проста па азначэнні: няма, напэўна, іншай тэмы, якая была б горш вывучана і адначасова выклікала б нагэтулькі непадробную цікавасць да сябе ў беларускім грамадстве.
Але мінула некалькі тыдняў пасля прэм’еры, а ў друку, у тым ліку недзяржаўным, водгукаў не з’явілася. Хоць анонсаў у прэсе да гэтага хапала.
Нешта падобнае адбылося раней і з фільмам Аляксандра Ступнікава “ІзГоі”, які таксама выйшаў на “Белсаце” і быў прысвечаны яўрэйскім партызанскім атрадам у Беларусі.
Між тым, трохсерыйная стужка Антона Цялежнікава (кожная серыя па 50 хвілін) не можа не ўразіць сваёй маштабнасцю. Вялікая колькасць малавядомай ці зусім невядомай кінахронікі, рэдкія фотадакументы з архіваў, унікальныя сведчанні сучаснікаў — свайго роду цэлы кантынент, які дагэтуль застаецца “тэра інкогніта” для абсалютнай большасці беларускіх гледачоў, асабліва маладых. Выключэнне складаюць, хіба, тыя, хто чытаў фундаментальную працу гісторыка Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, якая, уласна кажучы, і лягла ў аснову фільма.
Бадай, самае каштоўнае ў стужцы — інтэрв’ю самога Туронка, а таксама айца Аляксандра Надсана, навукоўца Барыса Кіта, іншых жывых удзельнікаў і сведак тагачасных падзей у Беларусі. Без іх інтэрв’ю, без погляду, так бы мовіць, з таго боку (усе яны пасля адступлення немцаў апынуліся ў эміграцыі), фільм наўрад ці атрымаўся б такім цікавым. Доўгі час нават самі імёны гэтых людзей былі пад забаронай. Як і імёны прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага, кіраўніка Беларускай краёвай абароны Францішка Кушаля, бургамістра Мінска Вацлава Іваноўскага і многіх іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія супрацоўнічалі з нямецкай адміністрацыяй.
Акрамя гэтых людзей шмат увагі ў фільме ўдзелена ролі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, яго спробам спрыяць беларускаму нацыянальнаму развіццю, стварэнню беларускай дзяржавы (праўда, пад нямецкім кантролем). Яго асоба, прынамсі, не выглядае карыкатурнай, як у знакамітым мастацкім фільме “Гадзіннік спыніўся апоўначы”.
Апошнім часам пра БЦР, БКА, Беларускую народную самапомач сталі гаварыць больш, у тым ліку ў адкрытым друку. Але ў цэлым гэтая тэма, асабліва яе аб’ектыўная гістарычная ацэнка, заставалася прадметам табу. Фільм “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” яго як бы здымае.
Але гэта толькі першы подступ да тэмы. Калі глядзіш стужку, сочыш за развіццём узаемаадносін унутры беларускіх структур, створаных пад акупацыяй, барацьбой за ўладу паміж асобнымі беларускімі дзеячамі, цяжка пазбавіцца ўражання, што назіраеш за паводзінамі жывёл у тэрарыуме. Якімі б высокімі меркаваннямі ні кіраваліся б тыя людзі, як бы яны ні любілі Беларусь, іх паводзіны на фоне акупацыйных парадкаў, зверстваў фашыстаў, катаванняў палонных, масавага знішчэння яўрэяў — як тых, што жылі ў Беларусі, так і вывезеных з Еўропы, цяжка назваць людскімі. Зразумела, як і паводзіны тых партызан, якія рабавалі вёскі, гвалтавалі і расстрэльвалі сялян без суду і следства — за “супрацоўніцтва” з немцамі.
Аўтары фільма пазбягаюць наўпроставых ацэнак. І гэта слушна. Але перанос на другі-трэці план жахаў вайны, лёсу мірных жыхароў наўрад ці апраўданы творчай задумкай. Апісання таго, як жылі простыя гараджане і сяляне ў акупацыі, як яны спрабавалі выжыць, як ставіліся да акупантаў і да іх беларускіх памагатых, мне асабіста, як гледачу, не хапіла ў фільме.
Тое, што аўтары ўзяліся за бязмежна складаную задачу, паказала і абмеркаванне з удзелам прафесійных гісторыкаў Кузьмы Козака і Аляксея Літвіна. Дарэчы, само гэтае абмеркаванне падалося мне не менш каштоўным за прэм’еру. Шкада было, што яно так хутка скончылася — дзеля размовы такога ўзроўню асэнсавання варта было б вылучыць у эфіры мінімум гадзіну. Гэтая размова, якую тут няма магчымасці падрабязна разбіраць, паказала, што да асэнсавання таго, чым была для Беларусі вайна 1941—1944 гадоў і што гэта была за вайна, нашаму грамадству яшчэ далёка. Адсутнасць рэакцыі на фільм сведчыць, прынамсі, пра тое, што яно яшчэ не гатова абмяркоўваць тэму гістарычнай адказнасці. Яно, што называецца, у вочы не бачыць мінулага. І віна тут не толькі ўлад.
Вельмі важна не замяняць у працэсе асэнсавання гісторыі старыя міфы іншымі — уяўленні пра спрэс “добрых і мужных савецкіх партызан” на “добрых акупантаў і высакародных калабарантаў, сапраўдных барацьбітоў за незалежнасць”.
Магчыма, фільм, які быў паказаны на “Белсаце”, стане адной з першых цаглінак на доўгім шляху да праўды.
Максім ПЕШКА