Спорт

Славянскія крыкі ў Мельбурне

Спорт  •  2012-01-30

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
22-гадовая мінчанка Вікторыя Азаранка ўпершыню за сваю кар'еру выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі — адзін з чатырох турніраў Вялікага шлема, які з'яўляецца самым прэстыжным і высокааплачвальным тэнісным спаборніцтвам у свеце.

"Наша" Маша...

Беларуска перамагла ў паўфінале леташнюю чэмпіёнку легендарную Кім Клійстэрс з Бельгіі — 6:4, 1:6, 6:3, а ў фінале "разграміла" 24-гадовую расіянку Марыю Шарапаву — 6:3, 6:0. Узнагародай Вікторыі сталі 2 мільёны 180 тысяч долараў і тытул першай ракеткі свету. Да яе зрабіць такое нікому з беларусак не ўдавалася.

Фінальнае супрацьстаянне Азаранка і Шарапавай чакалася з надзвычайнай цікавасцю хаця б таму, што мела ярка выяўлены славянскі падтэкст. Бацькі Шарапавай таксама з Беларусі. Яны з'ехалі з Гомеля ў Расію пасля чарнобыльскай катастрофы і пасяліліся ў Нягані (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга), дзе і нарадзілася Маша. А яе бабуля, Галіна Дзям'янаўна, дагэтуль жыве ў Гомелі і хварэе за ўнучку, якая зрэдку яе наведвае. Для Машы гомельскія карані не пусты гук: яна заснавала адмысловы фонд, які ажыццяўляе падтрымку шэрагу праектаў у раёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі, Расіі і Украіне, а таксама фінансуе ў нашай краіне праграму стыпендый для студэнтаў — выхадцаў з пацярпелых ад тэхнагеннай катастрофы раёнаў. З 2007 года Шарапава — амбасадар добрай волі Праграмы развіцця ААН.

Вікторыя Азаранка таксама заўважана ў дабрачыннасці. У лістападзе 2010 года яна згуляла ў мінскім Палацы спорту паказальны матч з першай ракеткай свету датчанкай Каралін Вазняцкі (у яе таксама славянскія карані — польскія). Тады на корце з'явіўся і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Акцыя ўдала ўпісалася ў яго перадвыбарную кампанію.

Абедзве дзяўчыны — і Вікторыя, і Марыя — цяпер жывуць далёка ад родных сцен: Азаранка — у цэнтры княства Манака Монтэ-Карла, побач з багачамі з ўсяго свету. Шарапава асталявалася ў курортным Брэдэнтане (штат Фларыда, ЗША). Дарэчы, там жыве і знакаміты беларускі тэнісіст Макс Мірны. А трэніруе Машу з нядаўняга часу былы партнёр Мірнага па зборнай Беларусі Уладзімір Валчкоў.

... і наша Віка

На тэнісную адукацыю Вікторыі істотна паўплывала мінскі трэнер Надзея Драздова. Потым з Вікай доўга працаваў партугалец Антоніа Ван Грычэн, а апошнія два гады яе курыруе француз Сэмюэль Сюмік. Менавіта ён навучыў Віку, якая славілася нястрыманасцю і брыдкаслоўем на корце, валодаць сабой і не расплюхваць нервовую энергію. Раней праз усплёскі раздражнення Азаранка страчвала кантроль над сабой і цярпела паразы ад больш слабых саперніц. Мудры француз паступова "вылечыў" экспрэсіўную беларуску. Гэта дазволіла ёй дасягнуць істотнага прагрэсу ў выніках.

Першых значных поспехаў мінчанка дамаглася ў 16-гадовым узросце: тады яна выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі і яшчэ некалькі турніраў Вялікага шлема ў юніёрскім разрадзе, а таксама стала лідарам сусветнага юніёрскага рэйтынгу. Праз шэсць гадоў яна паднялася на вяршыню ў дарослым тэнісе.

За дзень да вырашальнага матча Шарапава праігнаравала традыцыйную прэс-канферэнцыю, затое там саліравала Азаранка. Яна, у прыватнасці, сказала: "Беларусы і рускія — цалкам розныя нацыі. Адзінае, што нас аб'ядноўвае, — дык гэта тое, што мы гаворым на адной мове. Хаця ў нас ёсць і свая мова. Наогул, не хацела б у гэта паглыбляцца, але за межамі сталіцы можна ўбачыць акуратныя, чыстыя гарады. Лічу, гэта шмат аб чым кажа. Думаю, па характары беларусы вялікія працаўнікі".

Самы гучны фінал

Да фіналу ў Мельбурне Віка і Маша сустракаліся на корце шэсць разоў, і кожная атрымала па тры перамогі. Падчас іх апошняй сустрэчы беларуска, прайграючы, уголас груба вылаялася па-ангельску. Гэта стала прадметам абмеркавання інтэрнацыянальных СМІ. Зрэшты, Віка паспяшалася запэўніць свет у тым, што да саперніцы яе грубіянства не мае ніякага дачынення.

Для Шарапавай фінал турніру Вялікага шлема быў ужо шостым (тройчы яна перамагала), а для Азаранка — першым. Таму Віка напярэдадні дрэнна спала, хвалявалася звыш меры, згараючы ад нецярпення: калі ж пачнецца фінал? Узрушанасць прыкметна скоўвала беларуску. У пачатку сустрэчы яна зрабіла адразу дзве падвойныя памылкі і дазволіла расіянцы павесці — 0:2. Трэці гейм — яшчэ адна падвойная памылка беларускі, але затым Азаранка дала сабе рады. "У той момант я імкнулася гуляць агрэсіўна і старалася як мага радзей памыляцца", — распавяла яна пасля матча. Вельмі хутка ініцыятыва перайшла ў яе рукі, і нервавацца стала ўжо Шарапава. Пасля ліку 3:3 Азаранка выйграла дзевяць геймаў запар. У выніку на яе долю прыпала ўсяго 12 нязмушаных памылак, у апаненткі іх набралася 30. Так наймацнейшыя нервы сталі закладам поспеху.

Гэты фінал стаў, верагодна, самым гучным у гісторыі тэніса. Абедзве дзяўчыны вядомыя тым, што ў момант удару па мячы аглушальна крычаць. Сіла Вікавых гукаў дасягае 95 дэцыбел, Машавых — 105! Характэрна, што, бываючы ў родным Мінску, Вікторыя паводзіць сябе нягучна: яна катэгарычна адмаўляецца даваць інтэрв'ю беларускім журналістам, папракаючы іх у непрафесіяналізме. Нават дзіўна: як у такой непрафесійнай краіне, як Беларусь, выгадавалася лепшая тэнісістка планеты Зямля?..

Міхась МОШЫН

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI