Грамадства

Каму не сорамна працаваць на БТ?

Люстра дзён  •  2012-01-30

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Што адчуваюць вядучыя беларускіх тэлеканалаў, калі кажуць, што ў нашай краіне ўсё выдатна? Ці вераць яны самі ў тое, што даводзіцца агучваць? І што адказваюць "тэлезоркі" на пытанне "Ці не сорамна вам працаваць на БТ?"

Дзмітрый Бачкоў:
"Ад раздвойвання асобы не пакутую"

Вядучы праграмы «Панарама» Дзмітрый Бачкоў ганарыцца тым, што працуе ў найбуйнейшым медыяхолдынгу Усходняй Еўропы. Так у канцы снежня мінулага года ён адказаў на пытанне «Вам не сорамна казаць, што працуеце на БТ?".

"Вы маеце на ўвазе, ці не сорамна мне працаваць у найбуйнейшым медыяхолдынгу Усходняй Еўропы? — адказаў Бачкоў. — У асяроддзі людзей з вышэйшай адукацыяй і багатай прафесійнай, творчай і асабістай біяграфіяй? Сярод дацэнтаў, заслужаных дзеячаў і народных артыстаў? Побач з людзьмі, якія ўмеюць працаваць у рэжыме нон-стоп без стогнаў і скаргаў? Мяне цешыць, што я сярод іх».

Дзмітрый Бачкоў верыць той інфармацыі, якую агучвае.

«Я раздвойваннем асобы не пакутую, — кажа 28-гадовы журналіст. — Вы, калі ласка, зразумейце: дыктар — не акцёр. Яму Станіслаўскі ў першых шэрагах не падасца. Ёсць падзея, і ёсць той, хто пра яе паведамляе (дыктар). Ёсць той, хто гэтае паведамленне прымае (глядач). Як толькі ў кадры з'яўляюцца эмоцыі, інфармацыя становіцца апасродкаванай, а значыць, перастае быць навіной, ператвараючыся ў меркаванне. А для меркаванняў ёсць шмат іншых праграм».

Яўген Перлін:
"Марыў стаць прэзідэнтам..."

22-гадовы вядучы праграмы «Навіны» Яўген Перлін рады, што яму не даводзіцца казаць, што дарагі бензін — гэта добра.

Ці можа вядучы гаварыць у эфіры адно (напрыклад, як добра, што бензін зной падаражэў), а думаць абсалютна іншае (маўляў, запраўляцца стала занадта дорага)?

«Добра, не даводзіцца казаць, што дарагі бензін — гэта добра, — адказаў журналіст месяц назад тэлегледачам падчас анлайн-канферэнцыі. — Па-першае, калі мы расказваем пра павышэнне цэн, то абавязкова гаворым, чаму так адбылося і чаму інакш нельга. А па-другое, калі чалавек пачынае думаць глабальна, то ён разумее, што павышэнне коштаў — гэта не толькі змена лічбаў на цэнніку... Пазіцыя канала такая, каб на ім працавалі думаючыя вядучыя, тыя, якім можна верыць».

А яшчэ Яўген Перлін марыў стаць прэзідэнтам.

"І кім толькі ні марыў быць! — кажа ён. — У дзяцінстве хацеў быць шафёрам, потым — працаваць "Уладам Лісцьевым"... Затым мары, хоць неяк звязаныя з масмедыя, змяніліся сур'ёзнымі прафесіямі: юрыст і нават прэзідэнт. Але ў дзяцінстве, натуральна, ты бачыш толькі перавагі прафесіі, якія часам бываюць прыдуманымі. Затое з узростам разумееш, якая адказнасць у кожнай з іх».

Вікторыя Сянкевіч:
"Пакуль не ўяўляю сябе без тэлебачання"

Твар тэлеканала «Беларусь-1» Вікторыя Сянкевіч не выключае, што можа сысці з тэлебачання.

На пытанне: «Калі вам прапануюць больш выгадную працу па-за тэлебачаннем, вы сыдзеце?" лаўрэат прэміі "Тэлевяршыня-2007" у намінацыі "Лепшы вядучы інфармацыйнай праграмы" адказвае з гумарам: "Усе прапановы — адразу ў асабістую скрыню! А калі сур'ёзна, то пакуль што я не ўяўляю сябе без тэлебачання. Але не выключаю, што сітуацыя можа змяніцца...".

Таццяна Някрасава:
"Лагічна паважаць тое месца, дзе працуеш"

Вядучая праграм "Дзелавое жыццё" і "Сфера інтарэсаў" Таццяна Някрасава — адна з тых, хто вучыўся на курсах тэлевядучых у легендарнай Зінаіды Бандарэнка.

Падчас нядаўняй анлайн-канферэнцыі карэспандэнт "Тут і Цяпер" задала ёй некалькі пытанняў.

— Як думаеце, вы адна з найлепшых вядучых на БТ?

— Так думаць надта саманадзейна.

— Дзеля таго, каб проста ўбачыць вас на экране, людзі могуць кінуць працу, дачу, жонку/мужа?

— Не думаю.

— Колькі вы зарабляеце, калі не сакрэт?

— Некарэктнае пытанне.

— Якія-небудзь навіны з тых, якія вам даводзіцца агучваць, выклікаюць у вас унутраны пратэст?

— Унутраны пратэст? Гвалт.

— Вам не сорамна працаваць на БТ?

— Я думаю, лагічна паважаць тое месца, дзе працуеш. Дзякуй.

ЭКСПЕРТЫЗА

Ці ёсць сёння на БТ прафесійныя тэлевядучыя?

На гэтае пытанне мы папрасілі адказаць вядомага тэлежурналіста рэжысёра Леаніда Міндліна.

— Людзі, якія добра чытаюць тэкст, ёсць; якія добра глядзяцца ў кадры — таксама, але вядучых-асоб я пакуль што не бачу.

Ёсць такая амерыканская прымаўка: пародзістага каня трымайце на доўгім ланцужку. Дык вось, тэлебачанне — гэта пародзісты конь, але ў нас яго трымаюць на кароткім павадку. Таму тэлебачанне такое, якое ёсць: прысутнічаюць прыгожыя жанчыны, прыемныя мужчыны, але не больш за тое.

— А тэлезоркі ў Беларусі, на ваш погляд, ёсць?

— Некаторых называюць тэлезоркамі, але ўсё пазнаецца ў параўнанні. На мой погляд, тэлезорка — гэта не толькі яркасць і харызма, але яшчэ і асобасныя якасці. Вось Леанід Парфёнаў — тэлезорка. Тэлезорка з адмоўным вобразам — Міхаіл Лявонцьеў. Я не ўспрымаю яго погляды, але чалавек ён, безумоўна, яркі. У нас некаторыя спрабавалі "касіць" пад Міхаіла Лявонцьева, але з гэтага нічога не атрымалася.

Атмасфера спараджае адпаведных персанажаў, у тым ліку і тэлевізійных. Як ні дзіўна, але такім персанажам быў Аляксандр Зімоўскі.

Асобы на ТБ пачалі з'яўляцца ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, але гэты перыяд доўжыўся нядоўга. Па розных прычынах, у тым ліку і па ідэалагічных. Напрыклад, мне падабалася, як у эфіры тады працаваў Віталь Сямашка: харызматычны хлопец, з добрай беларускай мовай...

ТЫМ ЧАСАМ

Зінаіда Бандарэнка на БТ не выкладае ўжо вельмі даўно

"Мяне туды нават не запрашаюць, а на курсах тэлевядучых выкладаюць ужо мае вучні", — гаворыць Зінаіда Аляксандраўна.

Адным з самых яркіх тэлевядучых на беларускім тэлебачанні Зінаіда Бандарэнка лічыць Сяргея Дарафеева і амаль кожны аўторак разам з мужам глядзіць на ўкраінскім "5 канале" праграму "Партрэты", якую цяпер вядзе Дарафееў.

"Ён так добра глядзіцца, — дзеліцца ўражаннямі Зінаіда Бандарэнка. — Пачынае паціху размаўляць і на ўкраінскай мове. Падчас першых эфіраў казаў: "Яшчэ крышку і загавару на ўкраінскай". Цяпер два-тры пытанні можа задаць па-ўкраінску, а потым пераходзіць на рускую. Між іншым, большасць яго суразмоўцаў таксама размаўляюць па-руску".

Марына МІТ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI