Палiтыка
Апытанне тыдня: Ці з'явіцца ў нас сістэмная апазіцыя?
Улада • 2012-01-31
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтБЕЗ КУПЮР
Скандальна вядомы аўтар вершаў і па сумяшчальніцтве старшыня верхняй палаты беларускага парламента Анатоль Рубінаў нечакана загаварыў пра неабходнасць наяўнасці ў краіне і ў парламенце сістэмнай апазіцыі.
— Цэнтралізацыя ўлады моцная, магутная кіруемасць. Чаму? А інакш не зробіш, трэба канцэнтраваць рэсурсы. Без моцнай улады і такой жа вертыкалі гэта зрабіць немагчыма, — заявіў Анатоль Рубінаў у інтэрв'ю тэлеканалу «РТР-Беларусь». — Вядома, краіна мае патрэбу ў тым, каб палітычная сістэма развівалася і быў бы іншы пункт гледжання. Апазіцыя павінна быць абавязкова. Любая краіна не можа нармальна развівацца, калі ў яе ёсць адзін пункт гледжання, якой бы добрай яна ні была ці якім бы бязгрэшным не здаваўся аўтар гэтага пункта гледжання. Але калі няма магчымасці агучваць нейкія альтэрнатыўныя прапановы, крытыку, задаваць нязручныя пытанні, то і развіцця не будзе. Гэта ж ясна. Таму пытанне пра тое, каб у нас была сістэмная апазіцыя, — найважнейшае пытанне нашай палітычнай сістэмы. На жаль, у нас сёння ўсё на плошчах, штурмы і гэтак далей, нейкія лозунгі і лаянкі...
Вінцук Вячорка, палітык:
"Гаворка ідзе пра імітацыю"
— Я думаю, што спачатку трэба высветліць, што меў на ўвазе Рубінаў. Ясна, што гэта не з ягонага голасу гаворыцца. Трэба дэманстраваць нейкія жэсты, рытуалы ў заходнім кірунку, у бок дэмакратычнага свету. Як, напрыклад, прэзідэнт Азербайджана Аліеў: раней дэманстраваў стары, а зараз малады.
Гэта значыць, што трэба мець нібыта парламент, нібыта недзяржаўную прэсу, нібыта выбары, нібыта плюралізм. На працягу некалькіх апошніх гадоў ішла такая гульня з пераменным поспехам па стварэнні імітатарскіх структур. Аднак 19 снежня мінулага года была пастаўлена кропка (альбо коска). Ну а цяпер эканамічныя варункі зноў прыціснулі, і трэба вяртацца назад. Гэта адзін момант. Другі: перад вачыма таксама прыклад "пуцінізму", кіруемай дэмакратыі, дзе ёсць так званая сістэмная апазіцыя, якая не наносіць ніякай шкоды, а толькі ўмацоўвае аўтарытарную сістэму ўлады.
І ў гэтым сэнсе я прагназую, што ў нашай краіне стратэгія для пабудовы так званай сістэмнай апазіцыі "а ля Рубінаў" складзецца з дзвюх частак. Першая: якая-небудзь "Белая Русь" будзе інстытуцыяналізавана як палітычная структура, але ўжо пасля так званых выбараў. Другое: пэўная частка фармальнай апазіцыі пагодзіцца на гэтую гульню. І ўжо пагаджаецца.
Аляксандр Пласкавіцкі, былы начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта:
"Гэта гульня для замежных аглядальнікаў"
— Сістэмнай апазіцыі пры аўтарытарызме не бывае, а ў нас амаль што класічны аўтарытарызм. Тое, што кажа Рубінаў, — гэта гульня для замежных аглядальнікаў.
Аляксандр Мілінкевіч, лідар руху "За Свабоду":
"Асабіста мы павінны выконваць маральныя абавязкі"
— Тое, што сказаў Анатоль Рубінаў, безумоўна, тэза, добра вядомая з тых часоў, як будуецца дэмакратыя. Няма апазіцыі — няма дэмакратыі. Але ўлада будзе спрабаваць стварыць такую апазіцыю, якую хтосьці называе кішэннай, а хтосьці — кіруемай. Гэта будуць не тыя людзі, якіх электарат выбера дабравольна. Гэта будуць людзі, якіх выбера ўлада. І гэта вялікая розніца. Улада іх называе канструктыўнай апазіцыяй, а для мяне гэта проста лаяльная апазіцыя. А калі яна лаяльная, то яна зусім не апазіцыя. Асабіста я мушу выканаць свой маральны абавязак. Наш рух прыняў рашэнне аб тым, што, калі будуць палітвязні і не палепшыцца выбарчае заканадаўства, то перад выбарамі будзем здымацца. Выканаем усю інфармацыйную работу, сустрэнемся з людзьмі, выступім па тэлебачанні, скажам усю праўду, якая ёсць, а потым знімемся.
Наталля Антончык, студэнтка:
"Мы наш "саўгас" нікому не аддамо"
— У нас нават яна ёсць — грамадскае аб'яднанне "Белая Русь", партыя ліберал-дэмакратаў Гайдукевіча. Але нават імітацыя нейкага палітычнага жыцця ў нас наўрад ці магчыма, бо выхаванне ў нас іншае. Вось, напрыклад, ці можа быць апазіцыя ў саўгасе? Нашы селектарныя нарады, публічныя разборкі з абразамі — гэта не палітычнае жыццё, а саўгас, унітарнае прадпрыемства з пэўнымі правіламі жыцця. У гэтыя правілы не ўпісваецца ніякая апазіцыя — ні сістэмная, ні пазасістэмная. Ёсць нейкія "ворагі народа", якіх перыядычна ловяць. У нас нават нармальнай дыскусіі не будзе ніколі, бо, калі яна з'явіцца, нават імітаваная, то гэта ўжо будзем не мы.
Мы наш "саўгас" нікому не аддамо. А расійскія "гэбэшнікі" проста больш вытанчаныя, чым нашы калгаснікі.
Зміцер Шыманскі, палітык, БНФ (Брэст):
"Не дапамогуць ні афіцыйныя прафсаюзы, ні БРСМ"
— Пры сённяшняй уладзе? Толькі пры ўмове, што яна будзе створана пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Гэта яшчэ адзін фармальны чыннік, для таго каб прызнаць нашу краіну дэмакратычнай, але гэта не дапаможа. Як БРСМ не дапамагае гаворка аб тым, што ў нас існуюць грамадскія арганізацыі, а афіцыйны прафсаюз не можа пераканаць, што ў нас ёсць рэальныя прафсаюзы.
Апытанне правёў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ



НОВЫ КАМЕНТАР