Погляд

Як правалы выдаць за поспехі

Валянцін Сыч  •  2012-01-26

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Я даўно ведаў, што ў Белстаце працуюць чарадзеі, але гэтым разам яны перасягнулі сябе.
Днямі Белстат апублікаваў звесткі пра сярэдні заробак у мінулым снежні і 2011 годзе наогул. Шмат у чым яны выглядаюць шакіруючымі, бо сцвярджаюць, што "жить стало лучше, жить стало веселее".

Перадусім, афіцыйная ўстанова сцвярджае, што ў першы месяц зімы заробак беларусаў скокнуў адразу на 438 тысяч рублёў і дасягнуў 2 мільёнаў 877 тысяч. Найбольш атрымліваюць у сталіцы, што не дзіўна, аднак сярэдняя лічба усё-такі ўражвае — 3 мільёны 829 тысяч рублёў. Гэта амаль што знакамітыя "500 долараў". Ці многа сёння, пасля дзвюх абвальных дэвальвацый, тых, хто можа ганарыцца такім заробкам?

Але спрачацца з гэтымі данымі складана. Справа ў тым, што сярэдні заробак — гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы. Пэўна, для некага леташні крызіс быў добрай магчымасцю палепшыць свой дабрабыт. Напрыклад, для тых, хто купляў, дзякуючы сувязям, валюту па курсе Нацыянальнага банка, а прадаваў па рэальным, часам вышэйшым удвая.

Аднак наступная тэза ад Белстата прымушае сумнявацца ў адэкватнасці яго звестак наогул. Паводле версіі гэтай установы, рэальны заробак беларусаў за 2011 год павялічыўся на 1,3% (!). Самы просты спосаб абвергнуць гэтую выснову — параўнаць заробкі за снежань 2010 і 2011 гадоў. Год назад мы, паводле ўсё таго ж Белстата, атрымлівалі 532 долары ў эквіваленце, а зараз — толькі 342! Гэта рост?! Курам на смех!

Праўда, афіцыйна Белстат у доларах не лічыць. Тады пойдзем іншым шляхам: калі крыху спрасціць, то рэальны заробак — гэта перавага абсалютнага заробку над інфляцыяй.

Што мы тут маем? У снежні 2010-га сярэдні заробак складаў 1 мільён 595 тысяч рублёў. Такім чынам, за год ён павялічыўся на 80%, а цэны за гэты час, нават паводле афіцыйнай версіі, узняліся на 108,7%. Гэта рэальнае зніжэнне заробкаў, а ніякі не рост!

І ўжо нават не важна, ці то чыноўнікі проста дураць галаву шэраговым грамадзянам, ці то ў Белстата сапраўды такія методыкі падліку, што дазваляюць убачыць плюс там, дзе відавочны мінус. У любым разе гэта значна падрывае давер да афіцыйнай статыстыкі, калі ён, канешне, быў у вас увогуле.

Напрыканцы варта адзначыць, што снежаньскі скачок заробкаў, хутчэй за ўсё, вылезе бокам. Эканаміст Леанід Злотнікаў у размове з Радыё Свабода адзначыў:

— Нас папярэджвалі і з Усходу, і з Захаду, што нельга зараз павялічваць заробкі, бо няма з чаго. Трэба было ўстрымацца, але ж мы атрымалі ў канцы года даволі неблагія грошы — каля 4 мільярдаў долараў, у асноўным ад Расіі. Пакуль гэтыя грошы ёсць, на 2—4 месяцы хопіць і заробкі павысіць, і пенсіі. А потым паступленняў такіх не чакаецца, і зноў пачнуцца праблемы, як гэта было летам 2011 года.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка лічыць, што такім чынам урад, якому Лукашэнка даў час да траўня, каб выправіць становішча з узроўнем жыцця, ратуе сябе.

— У нас адбываецца неабгрунтаванае павышэнне заработнай платы, асабліва ў доларавым эквіваленце, — кажа Леанід Заіка. — Гэта, дарэчы, садзейнічае развіццю так званай інфляцыі выдаткаў. Да траўня ўрадаўцы дадуць справаздачу пра высокі ўзровень жыцця насельніцтва. Ну а потым што? Да снежня Мясніковіч дасядзіць, а потым — пенсія. Гэта нават не палітыка, гэта жаданне чыноўнікаў захаваць свае крэслы.

А для простых грамадзян гэтыя хітрыкі скончацца чарговым павышэннем цэн. Патаннее толькі рубель.

Валянцін СЫЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI