Грамадства
Апытанне тыдня: Наколькі вас засмучаюць праблемныя крэдыты?
Люстра дзён • 2012-01-24
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтПраблемная запазычанасць па крэдытах, што былі выдадзены беларускімі банкамі фізічным асобам, на 1 студзеня 2012 года склала 304,9 млрд беларускіх рублёў.
У эквіваленце гэта амаль утрая больш, чым на пачатак 2011 года.
Праблемная запазычанасць па выдадзеных крэдытах у нацыянальнай валюце склала 99,8 млрд беларускіх рублёў, павялічыўшыся за мінулы год у 2,8 разу.
Праблемная запазычанасць па валютных крэдытах на 1 студзеня 2012 года склала 24,6 млн додлараў, павялічыўшыся на 13,4% за 12 месяцаў, у тым ліку за снежань на 2,5%.
Хрысціна Ліпская, прадпрымальніца:
"Рэжым эканоміі — гэта не выйсце"
— Для нашай сям'і праблема вельмі актуальная. Бралі крэдыт на набыццё жылля, калі метр каштаваў каля 2 тысяч долараў, а аддаваць прыйшлося, калі заробак у валюце знізіўся ў два разы, кватэру ж прадаваць не мае сэнсу, бо метр рэзка патаннеў. Разлічвалі на адзін узровень абслугоўвання гэтага крэдыту, а ў выніку дзвюх дэвальвацый крэдыт стаў нашмат даражэйшы. І сапраўды, многія неабходныя рэчы давялося адкласці на няпэўны тэрмін, пачынаючы ад рамонту ў нашай "залатой" кватэры і заканчваючы нараджэннем другога і трэцяга дзяцей. Дзякуй Богу, пратэрмінаванай запазычанасці ў нас няма. Мы шмат працуем. У нас на дваіх тры сталыя працы плюс разавыя падпрацоўкі. Я не лічу, што рэжым эканоміі — гэта нармальна. Лепш рэжым максімізацыі працы. Ад чаго можна адмовіцца катэгарычна, дык гэта не ствараць дадатковых затрат, але менш выдаткоўваць на культуру, здароўе, адпачынак — гэта не варыянт.
А жыць калі? Калі зараз эканоміць на сваім здароўі, то дзеля чаго тады гэтая кватэра і ўсё астатняе?! У 60 гадоў мне гэта ўжо будзе нецікава.
Аляксандр Муха, фінансавы аналітык:
"Раю не прывыкаць бліжэйшымі гадамі да спажывецкіх крэдытаў"
— Калі казаць аб пратэрмінаванай запазычанасці, то пакуль яшчэ яна не набыла нейкіх крытычных памераў. Але трэба ўлічваць, што ў Беларусі ў апошнія гады адзначаўся спажывецкі бум. Рост крэдытавання на набыццё нерухомасці, будаўніцтва жылля, пакупку аўтамабіля і гэтак далей. І ў выніку гэта прывяло да такой сітуацыі, што запазычанасць фізічных асоб па крэдытах, выдадзеных банкамі, на 1 студзеня 2012 года склала 31,99 трыльёна рублёў. Яна дасягнула амаль 32 рэкордных трыльёнаў і працягвае расці! У валюце гэтая запазычанасць скарачаецца, бо крэдытаванне ў валюце ў нас забаронена з 2009 года. Запазычанасць у іншаземнай валюце некрытычная — крыху больш за 200 мільёнаў долараў. Тым не менш рублёвая працягвае расці, і трэба разумець, што існуючая крэдытная запазычанасць з'яўляецца значнай і сведчыць аб тым, што беларуская эканоміка перакрэдытаваная. У бліжэйшыя гады плацяжы па крэдытах будуць досыць сур'ёзным цяжарам для сямейнага бюджэту, таму найбольш апраўданым падаецца пагашэнне старых крэдытаў — трэба пагашаць старыя, а новыя не браць. У сярэдзіне 2011 года насельніцтва было чыстым пазычальнікам — гэта значыць, фізічныя асобы ўзялі ў банкаўскай сістэмы грошай больш, чым туды прынеслі. Да новых крэдытаў лепш не прывыкаць — працэнтныя стаўкі будуць высокімі.
Марыя Лукашук, банкаўская служачая:
"Сталі менш ездзіць"
— Я ўзяла валютны крэдыт на пяць гадоў у 2008 годзе на пакупку аўтамабіля. Выплачваю яго акуратна, але пачынаючы з вясны 2011 года — па прычыне ўсім вядомых падзей — стала рэальна цяжка. Я надта "ўціснула" свой бюджэт: стала менш ездзіць, забылася на добрае віно і добрыя сыры, увогуле не купляю далікатэсы, да мінімуму скараціла паходы ў кафэ і рэстараны.
Яраслаў Раманчук, эканаміст:
"Асноўныя праблемныя крэдыты не ў насельніцтва"
— Праблемныя крэдыты не могуць не засмучаць перш за ўсё крэдытораў, але доля праблемных крэдытаў насельніцтва ў параўнанні з тымі праблемнымі крэдытамі, якія маюць банкі, улады і Нацыянальны банк, проста непараўнальная. Напрыклад, даўгі Нацыянальнага банка камерцыйным банкам складаюць недзе 3,8 мільярда долараў. Нацбанк таксама мае даўгі перад урадам — каля 6,8 мільярда долараў. Таму калі гэтыя крэдыторы пачнуць патрабаваць свае грошы, то ў Нацыянальнага банка ўвогуле нічога не застанецца. А праблемныя крэдыты для дзяржаўных прадпрыемстваў у межах дзяржаўных праграм, безумоўна, могуць зруйнаваць нашу беларускую сістэму.
Вольга Грыневіч, менеджар:
"Бяда № 1 — савецкая эканамічная сістэма"
— Амерыканскія пазычальнікі вінныя сваім банкам мільярды і трыльёны — такую гару грошай проста ўявіць немагчыма. А праблемныя крэдыты беларускіх фізічных асоб... Калі ў цябе насмарк, то гэта праблема, але калі ў цябе пры гэтым інфаркт, то гэта якая праблема?! Нашы праблемныя крэдыты — гэта бяда нумар 73, а бяда нумар 1 — наша савецкая эканамічная сістэма. Нашы банкі ляснуцца не ад крызісу спажывецкага крэдытавання, а ад бяздарнасці вышэйшага кіраўніцтва.
Апытанне правёў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ
ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ
- Дзе будуць праводзіць адпачынак вядомыя людзі краіны
- ПЦ "Вясна" пачынае маніторынг пенітэнцыярнай сістэмы
- Чаму мужчыны сядзяць без працы?
- Апытанне тыдня: Ці будзе за шчасце нараджаць дзяцей у Беларусі?
- Заведзена адміністрацыйная справа па дрэве з “Краіны Дурняў”
- Послание президента: "копипаст" и дьяволиада (блог-обзор)



НОВЫ КАМЕНТАР