Рэгiёны

Чым заняты магілёўскія чыноўнікі

Магілёў  •  2012-01-18

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Carikatura.ru
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама Святлана Тарасенка лічыць, што адной з асноўных задач яе ведамства з'яўляецца "накіраванне абавязаных асоб (гэта тыя, хто пазбягае ўтрымання ўласных дзяцей — Рэд.) на рабочыя месцы, што дазваляла б ім кампенсаваць затраты, якія дзяржава нясе па ўтрыманні іх дзяцей".

"Правільная" аднабокасць

Такое яе сцвярджэнне чорным па беламу надрукавана на сайце аблвыканкама.

Ва ўсім жа свеце, як вядома, лічыцца, што абавязкам і задачай сацыяльных службаў ёсць дапамога сацыяльна неабароненым людзям — інвалідам, састарэлым, якія застаюцца без нагляду, дзецям-сіротам і малазаможным грамадзянам. Пра такую скіраваную дапамогу ў нас чуваць значна менш, чым цяпер вось пра гэтых "абавязаных асоб".

А ў гэты час у абласным цэнтры пра людзей, што ў выніку жыццёвых абставін літаральна апынуліся на вуліцы, з усіх ведамстваў і службаў па-сапраўднаму клапоціцца дабрачынная Хрысціянская місія "Табея", што дзейнічае тут ужо 20 гадоў. Тут ёсць сталоўка для нямоглых і бяздомных, прытулак; тут бясплатна раздаюць адзенне, побытавыя рэчы і прадукты. Сёлета місія мае на мэце адкрыццё для бяздомных начлежнага прытулку. Не чуваць, каб з такой ідэяй выступіла абласная дзяржаўная сацыяльная служба. У яе на гэты год, як вынікае з прызнанняў кіраўніцы, зусім іншыя прыярытэты.

Толькі вось вінаваціць яе адну ў гэтым было б несправядліва. Яна выконвае адпаведны прэзідэнцкі Дэкрэт № 18, выбраўшы з яго (зразумела, па распараджэнні адпаведнага міністэрства) толькі вось гэты "абавязаны напрамак", пра які гаварылася вышэй. Але ці правільная такая аднабокасць? Вось у чым пытанне.

І ні слова пра лужыну "імя Пракопава"

Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч прапанаваў дзяржаўным раённым газетам перайсці сёлета з двухразовага выпуску ў тыдзень на аднаразовы. Прапанова прагучала на яго прэс-канферэнцыі па выніках мінулага года. Ідэалагічны кіраўнік не патлумачыў эканамічных прычын такога пераходу (хаця яны відавочныя — памкненне скараціць бюджэтныя выдаткі на ўтрыманне раёнак), спаслаўшыся толькі на прафесійныя прычыны, так бы мовіць. Маўляў, чытачу больш прыемна атрымліваць "сур'ёзную газету раз у тыдзень", чым два выпускі малога аб'ёму, якія не дазваляюць падаць змястоўную інфармацыю. А вось на 12-ці старонках (а зараз выпускі раёнак у большасці сваёй дзеляцца на 4-х- і 8-старонкавыя) можна змясціць "салідную інфармацыю". Маўляў, такі эксперымент напрыканцы года ўдала ажыццявіў хоцімскі "Шлях Кастрычніка", вынікам чаго стала павелічэнне колькасці падпісчыкаў. "Начальнік ідэалогіі" прамаўчаў наконт таго, што падпіска ў многіх раёнах на большасць дзяржаўных выданняў кантралюецца, як гэта ў нас прыгожа называецца, з дапамогай адпаведных лістоў з выканкамаў і распараджэнняў, якія непасрэдна атрымліваюць ад свайго начальства паштовыя работнікі.

Такім чынам, усе разумеюць, што клопат пра змест выданняў тут, шчыра кажучы, не пры чым. Калі б было так, то сп. Кунцэвіч пакрытыкаваў бы раёнкі за іх зусім недастатковы клопат пра забеспячэнне інфармацыйных патрэб чытачоў, якія ў сваіх раёнках ніколі не могуць прачытаць пра тое, чым жывуць у рэгіёне іншыя грамадскія сілы, аб'яднанні і арганізацыі, акрамя тых, што непасрэдна адносяцца да ўладных структур кшталту БРСМ ці "Белай Русі". А вось хоць бы і ў тым самым Хоцімску даволі актыўна падаюць сябе раённая суполка БНФ і раённая філія кампаніі "Гавары праўду". Пра іх у газеце ні слова. Няма ў раёнках ніякіх дыскусій і абмеркаванняў. У Крычаве, напрыклад, шмат год гаворыцца пра знакамітую лужыну "імя Пракопава" (да нядаўняга часу старшыню тамашняга райвыканкама), але гэтую тэму старанна абыходзіла раённая газета "Крычаўскае жыццё", час ад часу толькі падаючы на гэты конт "правільныя рашэнні" мясцовай улады, ніколі не спытаўшы ў чыноўнікаў за іх выкананне.

Пра гэтыя факты ў Хоцімску і Крычаве людзі ведаюць толькі з публікацый у мясцовых недзяржаўных, незарэгістраваных маланакладных газет, якія ўлада, дарэчы, упарта не прызнае, не акрэдытуе і шмат год не дае ім займець афіцыйны статус.

Выглядае, што з кабінета "начальніка ідэалогіі" сапраўды бачна толькі адна праблема — пераходу на выпуск раёнак адзін раз у тыдзень...

Іван БАРЫСАЎ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI