Эканомiка

Апытанне тыдня: Наколькі хопіць нашых рэкордных золатавалютных рэзерваў?

Эканомiка  •  2012-01-18

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Беларусь валодае дастатковымі золатавалютнымі рэзервамі для падтрымання стабільнасці нацыянальнай валюты. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай сустрэчы з кіраўніком Нацбанка Надзеяй Ермаковай, паведамілі БелТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Золатавалютныя рэзервы ў нас упершыню ў гісторыі дастатковыя для таго, каб падтрымліваць любы курс нацыянальнай валюты. Але ён павінен быць абгрунтаваным, разумным, як мы дамаўляліся, і абавязкова свабодным", — падкрэсліў А.Лукашэнка.

Надзея Ермакова паведаміла прэзідэнту, што сітуацыя на валютнай біржы і ў банкаўскай сістэме ўвогуле складваецца нядрэнна. Па стане на 1 студзеня 2012 года, золатавалютныя рэзервы сфарміраваны ў суме $ 7,9 млрд па міжнародных стандартах. На наяўным рынку сітуацыя таксама спакойная. Насельніцтва прадае ў дзень на 5—7 млн валюты ў доларавым эквіваленце больш, чым купляе.

Станіслаў Багданкевіч, эканаміст:
"Гэта рэзервы для выплаты дзяржаўных даўгоў"

— Трэба мець на ўвазе, што золатавалютных рэзерваў у Нацыянальным банку сапраўды каля 8 мільярдаў долараў, але пры гэтым у камерцыйных банкаў — мінус 3,7 мільярда. Калі гэтыя рэзервы скласці разам, то атрымаецца недзе каля 4 мільярдаў у плюсе. Увогуле рэзервы не вельмі патрэбны для падтрымання валютнага курса, калі гэты курс вызначаецца на аснове попыту і прапанавання, як гэта аб'яўлена. Рэзервы выкарыстоўваюцца толькі для спынення спекуляцый. А калі курс расце таму, што экспарт меншы за імпарт, то тут патрэбны не рэзервы, а сур'ёзныя эканамічныя меры.

Таму мая пазіцыя такая. Наўрад ці нам трэба крэдыты (часам дарагія, напрыклад, як крэдыт Ашчадбанка Расіі) заганяць  у рэзервы, захоўваць у СКВ ці каштоўных паперах ЗША пад нізкі працэнт і страчваць на гэтым. Грошы, якія мы атрымліваем у выглядзе крэдытаў, трэба выкарыстоўваць на развіццё, тэхналагічнае пераўзбраенне, павышэнне ўзроўню вытворчасці, зніжэнне энергаёмістасці. Расповедамі пра вялікія рэзервы намагаюцца супакоіць, збіць паніку. Як былы чыноўнік я магу сказаць, што рэзервы гэтыя ляжаць у асноўным для супакаення. Яны будуць выкарыстаны для таго, каб пагасіць даўгі па дзяржаўных крэдытах.

На гэты год грошай дзяржаве павінна хапіць.

Юзэфа Антановіч, пенсіянерка (Маладзечна):
"Дык хай бы падзяліўся!"

— Во, аказваецца, якія мы багатыя сталі! У сямідзясятыя і васьмідзясятыя я зусім не ведала, колькі тых рэзерваў у Савецкага Саюза. Затое ведала, што грошы, якія я паклала "на кніжку", не згараць ні за год, ні за два. А зараз у нас у казне агромністыя мільярды, а я не магу толкам "дамавінныя" захаваць. Хай бы ўлада падзялілася валютнымі мільярдамі з тымі, у каго рахункі ў "зайцах" пагарэлі.

Міхась Залескі, эканаміст:
"Гэта намаляваныя грошы"

— Па сваіх даўгах мы павінны выплачваць усё астатняе жыццё — колькі будзем існаваць, столькі будзем і "абслугоўваць" замежныя пазыкі, таму што занадта многа набралі даўгоў. А рэзервы гэтыя ў значнай ступені намаляваныя, а не рэальныя.

Вераніка Матусевіч, прадпрымальніца (Гродна):
"Да эканамічнага росту гэтыя рэзервы не маюць ніякага дачынення"

— Для народа галоўным індыкатарам эканамічнага дабрабыту з'яўляецца курс. Гэты індыкатар, насамрэч, мае мала дачынення да стану эканомікі. На самай справе, галоўнымі індыкатарамі з'яўляюцца беспрацоўе, эканамічны рост, інфляцыя. Курс нічога не значыць. Больш за тое, экспартна-арыентаваным эканомікам вельмі выгадны нізкі абменны курс. Калі ў Кітая падае юань, амерыканцы ледзь ці не бамбіць іх збіраюцца за такі акт агрэсіі. А для беларусаў самым важным паказчыкам ёсць курс. Але наяўнасць золатавалютных рэзерваў з курсам ніяк не звязана, і траціць рэзервы на падтрымку курса — гэта поўны ідыятызм. Золатавалютныя рэзервы — гэта не тыя грошы, якіх павінна на нешта хапаць. Гэта грошы, якія паказваюць устойлівасць эканомікі, гэта запіс на рахунку. І калі яны ў цябе ёсць, то табе ахвотна дадуць крэдыт. І крэдыты браць трэба. Таму трыльённыя даўгі ў выглядзекрэдытаў ў вялікіх эканоміках ЗША, Кітая, Японіі — гэта не паказчык таго, што яны па глупстве панапазычалі. Гэта сведчыць аб тым, што яны найбольш эфектыўна імі распараджаюцца. Наяўнасць золатавалютных рэзерваў толькі разам з астатнімі індыкатарамі з'яўляецца важнай рэччу. А тое, што мы чуем ад Лукашэнкі, — проста супакаенні, маўляў, "у нас многа грошай, не хвалюйцеся". Пачуўшы такія словы, я спачатку ўзрадавалася б, што ў нас ёсць такія рэзервы, а потым бы спалохалася — навошта пра гэта гаварыць? І, такім чынам, не знайшла б прычыны для радасці, бо хаджу ў магазіны і бачу, што інфляцыя прэ і прэ. Нельга казаць пра рост, калі ён забяспечваецца інфляцыяй, беспрацоўем (чалавек, які працуе за мільён, беспрацоўны) і рыззем, якое на складах з'ядуць пацукі. І вось гэта мяне сапраўды хвалюе.

Віталь, студэнт:
"Маіх золатавалютных рэзерваў хопіць сёння на піва"

— Асабіста мне маіх золатавалютных рэзерваў хопіць сёння на піва. Вось бы крыху аб'яднаць мае і ягоныя рэзервы! Але я хутчэй з'еду з роднай краіны, чым дачакаюся хоць якога адчувальнага росту сваіх запасаў.

Апытанне правёў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI