Эканомiка

Купляйце беларускае! Бо іншага не будзе

Эканомiка  •  2012-01-12

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Чаму мараканскія памідоры выглядаюць лепш за "свойскую" ждановіцкую агародніну, а каштуюць менш? Няўжо прасцей прывезці бульбу з Аргенціны, чым захаваць прывабны выгляд і смак беларускай? Чым, акрамя цаны, адрозніваецца беларуская баваўняная фуфайка ад турэцкай? Такія пытанні, мабыць, чуў і задаваў ледзь ці не кожны з нас падчас шопінгу.
Але неўзабаве надыдзе той час, калі беларусы будуць вымушаны аддаваць свае працоўныя даходы не замежным эканамічным "агрэсарам", а беларускім вытворцам, прынамсі, тым з іх, хто будзе вырабляць імпартазамяшчальныя тавары згодна з пастановай Саўміна РБ № 1779 (спіс імпартазамяшчальных тавараў можна паглядзець тут). Узрадуемся, спадарства: у бягучым годзе з'явіцца шмат новых тавараў "мэйд ін Беларусь". У пераліку 81 катэгорыя спажывецкіх харчовых і нехарчовых тавараў, ад прыпраў і "шакаладных вырабаў у форме яйка полага" да кандыцыянераў, энергазберагальных лямпачак, накрывак для ЗВЧ-печак, турак для кавы, універсальных дзіцячых калясак, рэпелентаў і парфума.

Прыватны інтарэс

Асабіста мяне, як і многіх маладых ці будучых бацькоў, міжволі "зачапілі" тавары і прадукты для дзяцей. Вельмі яскрава адбілася ў памяці тое, як летась доўга і ўпарта шукала для дачкі слінючку беларускай вытворчасці. У выніку самае "беларускае", што знайшлося, было выраблена... у Смаленску. Здавалася б, чаго прасцей: пялёнка, цырата, матузок, пара швоў — і тысячы бацькоў скажуць "дзякуй" айчыннаму вытворцу. Але ёсць, аказваецца, непрыкметныя звычайнаму воку цяжкасці ў швейнай справе...

Цяпер жа яно, звычайнае вока, радуецца: у імпартазамяшчальным спісе — 28 тон гіпаалергенных малочных сумесяў для немаўлят, а карамельных, мармеладных ды шакаладных цукерак — сотні тон, 1100 пар абутку для дзяцей, калясак універсальных — 250 штук, пазлаў — 1000 асобнікаў, канструктараў — 20 тысяч, 5 тысяч лялечных калясак, 3 тысячы настольных гульняў, 7 тысяч скрынак для цацак, 7 мільёнаў падгузкаў... Зрэшты, суаднясём дзяржзаказ з рэчаіснасцю. 250 універсальных калясак — пры тым, што за снежань — лістапад 2011 года толькі ў Мінску нарадзілася 19 331 дзіця, а ўсяго ў Беларусі больш як 99,9 тысяч... Значыць, пракаціцца ў беларускай калясцы зможа толькі адно дзіця з кожных 400. А каштаваць, з улікам мізэрных аб'ёмаў вытворчасці, адна беларуская каляска будзе як маленькі касмічны шатл? Тое, як дзеці і бацькі будуць дзяліць "цэлых" 2000 замяняльнікаў кіндэрсюрпрызаў (шакаладных вырабаў у форме яйка полага) увогуле страшна ўявіць.

У выпадку ж з падгузкамі, вытворчасць якіх у СЭЗ (свабоднай эканамічнай зоне) "Магілёў" будзе кантраляваць адпаведны аблвыканкам, мяне неадступна пераследуе дэжа вю. Не далей як напрыканцы 2010 года вытворчасць гэтых прадметаў гігіены анансаваў адзін з рэзідэнтаў СЭЗ "Мінск", які ўжо ў 2013 годзе абяцаў замясціць уласнай прадукцыяй да чвэрці адпаведнага імпарту. Былі нават набыты плошчы для будаўніцтва завода, але ў крызісным 2011 годзе справа спынілася канчаткова. Зрэшты, была і больш паспяховая спроба — пры ўдзеле кампаніі "Беліта". Але гэтыя падгузкі, па-першае, айчынны складнік мелі ўмоўна, а па-другое, хоць і набылі пэўнае кола карыстальнікаў, вялікай папулярнасці не займелі і на імпартазамяшчэнне не пацягнулі нават з нацяжкай.

Трэцяя спроба мо і атрымаецца паспяховай, але толькі пры ўмове, што падгузкі будуць істотна таннейшымі за замежныя аналагі (што наўрад ці), або калі будзе ўключаны адміністратыўны рэсурс.

Бедныя дзеці...

Паўтарэнне пройдзенага

Пры словах "імпартазамяшчальныя тавары" толькі лянівы не прыгадае скандал з нібыта "інтэгралаўскімі" камп'ютарнымі маніторамі, якія пры больш блізкім разглядзе аказаліся зусім іншай, сусветна вядомай маркай з налепленай зверху айчыннай этыкеткай. Але цалкам верагодна, што з асабістай званіцы сітуацыя падаецца горшай, чым ёсць на самай справе. Таму ацаніць праграму імпартазамяшчэння-2012 "Тут і цяпер" папрасіла чалавека, які ў пытаннях эканомікі і вытворчасці з'еў, як кажуць, не адзін дзясятак сабак. Былы старшыня камісіі Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання па эканамічнай палітыцы і рэформах, экс-старшыня канцэрна "Амкадор" Васіль Шлындзікаў сказаў наступнае:

Васіль Шлындзікаў. Фота belsat.eu

Васіль Шлындзікаў. Фота belsat.eu

— На маю думку, імпартазамяшчэнне магчыма для асобных прадпрыемстваў. Скажам, для аўтазавода, які вымушаны набываць асобныя дэталі ў Расіі і Украіне — больш танныя, але і менш якасныя, чым у Заходняй Еўропе. Вось для яго мэтазгодна стварыць сетку дробных прадпрыемстваў па ўсёй краіне з галаўным зборачным цэхам у сталіцы. А імпартазамяшчэнне ў глабальных маштабах — ці патрэбнае яно? Праграму прыдумалі людзі, далёкія ад канкрэтнай эканомікі, якім неабходна паказаць імітацыю бурнай дзейнасці, вось і сачыняюць усякую лухту. Увогуле, мне гэта нагадвае часы работы ў абкаме партыі: мы таксама стваралі разнастайныя праграмы, якія завяршаліся, як правіла, нічым. Вытрымаць канкурэнцыю ў сусветнай эканоміцы пры цяперашняй заскарузлай калгаснай мадэлі кіравання — гэта ўтопія.

Для таго, каб не ўзнікала неабходнасці складаць такія праграмы, трэба проста развіваць унутраны рынак ва ўмовах ліберальнай мадэлі эканомікі. Тады час і натуральная канкурэнцыя расставяць усё па сваіх месцах, і мы не будзем набываць граблі ў Кітаі, а бульбу везці з Афрыкі. Бо ніводны прыватнік не стане рабіць тавары даражэйшыя і горшыя за тыя, што можна набыць за мяжой.

Дзяржаўныя ж прадпрыемствы проста асвойваюць грошы на імпартазамяшчэнне ды карыстаюцца разнастайнымі льготамі. А замест выніку атрымліваецца "пшык".

"Нашы людзі могуць усё"

Адна галава — прыватная пазіцыя, а некалькі — гэта ўжо зрэз грамадскай думкі. І гаворка пра імпартазамяшчэнне была б незавершанай, калі не даць слова суграмадзянам.

"Якіх тавараў беларускай вытворчасці вам не хапае?" — запыталася ў людзей "ТіЦ".

Марат Клімаў, кандыдат гістарычных навук, археолаг:

— Ну, напрыклад, рулетак, якасных сякер, ды што там — элементарна якаснай паперы 80-й шчыльнасці або пакецікаў на замках-ліпучках. Для наладжвання побыту экспедыцыі вельмі мала або ўвогуле няма такіх беларускіх тавараў, як спецыялізаваны абутак для складаных умоў, зручная верхняя экіпіроўка, турыстычныя гарэлкі, кампактныя прымусы, тэрмакантэйнеры на некалькі страў, тэрмабялізна, святлодыёдныя ліхтары і шмат чаго іншага. Усё гэта беларуская прамысловасць не выпускае.

Ганна Трухановіч, візажыст, "маскоўскі гастарбайтар":

— Як быццам хапае і неблагой касметыкі, і адзення з абуткам, і сувенірнай прадукцыі для замежных сяброў. Але ва ўсім гэтым, шчыра прызнацца, мне не хапае беларускага — няма пазнавальных элементаў у вонкавым аздабленні, беларускай мовы на этыкетках. Адсутнічае тое, з дапамогай чаго адразу бачыш, што зроблена ў Беларусі. Нельга сказаць, што "ўзяў у рукі — маеш рэч".

Яўген Алейнік, прадзюсар, кампазітар:

— Алкагольных напояў класа люкс. Даводзіцца купляць нямецкае або іспанскае шампанскае па 200 тысяч за бутэльку, бо ад нашага толькі пахмелле атрымліваеш, а не асалоду. Часта ў нас вырабляюць выдатныя тавары, якія потым некуды знікаюць. Так было з маім любімым сырам "Белавежскі Пармезан" ад "Савушкін прадукт": цемнаваты, цвёрды, вельмі смачны, ён знік у невядомым кірунку, хоць я і разумею, што, хутчэй за ўсё, не вытворца ў гэтым вінаваты... Калі закранаць прафесійную дзейнасць, то ні прафесійнае праграмнае музычнае забеспячэнне, ні гукавое абсталяванне ў Беларусі не вырабляюць, ды і нельга адразу зрабіць рэч лепшую, прыкладам, чым у нямецкай фірмы "Нойман", якая вырабляе мікрафоны ўжо не першы дзясятак гадоў. Разам з тым у нас хапае таленавітых людзей. Скажам, сцэнічныя ўборы мы замаўляем у беларускіх дызайнераў сясцёр Парфяновіч, візаж і цырульніцкае майстэрства ў Беларусі развіты да вельмі высокага ўзроўню. Асобна адзначу абутак: мне як чалавеку з 50-м размерам нагі абутак раней даводзілася толькі шыць на заказ, а з'яўленне на айчынным рынку адной абутковай фірмы стала для мяне проста паратункам, бо можна прыехаць і выбраць з вялізнага мадэльнага шэрагу. Словам, пазітыўныя зрухі ёсць, але многае ў беларускай эканоміцы засталося ад савецкай сістэмы.

Юрый Калачынскі, афіцэр запасу:

— Беларускіх тавараў мне хапае, не хапае якасных. Тых жа рыдлёвак: у краме для садаводаў стаяць галандскія па 400—600 тысяч і беларускія па 90. Адгадайце, якія лепш бяруць? А вось і не! Бяруць галандскія, бо яны не гнуцца ад першага ж дотыку да каменя і служаць гадамі. А беларускую трэба самому тачыць і насаджваць на ручку, ды яшчэ мяняць праз некалькі месяцаў, бо пагнецца ці зламаецца.

Шура Вергуноў, гумарыст, артыст тэатра "Хрыстафор":

— Мякка кажучы, усяго. Хоць што тычыцца абутку, трыкатажу, ільняных вырабаў, прадуктаў харчавання, я ўсім задаволены і нават ганаруся асобнымі вытворцамі. А вось чаго дакладна не хапае, дык гэта аўтамабіляў (маюцца на ўвазе легкавыя, з астатнімі ў нас парадак) — хочацца, каб яны не выклікалі нараканняў і былі такімі ж брэндамі, як МАЗ ці БелАЗ, гэткім бюджэтным варыянтам аўто сямейнага тыпу, даступным і для гарадскога, і для вясковага жыхара. Натуральна, хочацца, каб з'явілася і свая аргтэхніка — што ж мы, горшыя за кітайцаў, камп'ютар не асілім? Насамрэч я вельмі паважаю беларускі народ. У нас выдатныя людзі жывуць — рукастыя, галавастыя, кемлівыя, і яны ўсё могуць зрабіць, калі ім толькі крышачку дапамагчы. І хаця б не перашкаджаць".

Да апошніх слоў Вергунова дадасці няма чаго.

Вікторыя ПРАКАПОВІЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI