Спорт
Топ-6 спартыўных скандалаў у 2011 годзе
Спорт • 2011-12-19
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт— У мяне быў вельмі сумны і цяжкі дзень. Непрыемна пакідаць корт такім чынам. Сёння падчас матча я вымавіла рэзкі каментар на свой адрас, і я не ганаруся гэтым учынкам. Але я жудасна раззлавалася на сябе. Ніколі ў жыцці не стала б абражаць апанента. Паважаю кожнага гульца ў ВТА-туры. Прашу прабачэння, калі выклікала нейкія сумневы.
20 мая, Мінск. На пашыранай калегіі Мінспорту і турызму кіраўнік ведамства Алег Качан раздражнёна падвёў вынік выступлення хакейнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету ў Славакіі, дзе нашы занялі толькі 14-е месца:
— Яны ж прафесіяналы і павінны ўмець гуляць у хакей! Чаму іх вучыць? Шайбу забіваць? Змагайцеся! Мезін павінен бяззубым хадзіць — шайбу лавіць зубамі, не прапускаць! Абаронцы павінны з пераламанымі рукамі і нагамі на лёд выходзіць, але не даваць забіць шайбу ў свае вароты. Што за псіхалагічная абстаноўка ў камандзе? Вы ж бачылі, як гуляла зборная — з мяне смяяліся ўсе. Хоць бы бойку нармальную ўчынілі. За сваю ж краіну... Калі ўскладзеныя абавязацельствы не выкананы, то вярні гэтыя грошы ў бюджэт, аддай назад! Не ўсе, можа, працэнтаў дзевяноста. Машыну прадай, кватэру, яшчэ што-небудзь прадай...
27 мая, Бабруйск. На матчы чэмпіянату Беларусі па футболе паміж мясцовай "Белшынай" і мінскім "Дынама" выбухнуў "газавы" скандал. Калі на 67-й хвіліне пры ліку 2:2 бразілец Ледэсма вывеў дынамаўцаў наперад, яны кінуліся да сектара, у якім іх захоплена віталі дынамаўскія фанаты. Заўзятары з верхніх радоў спусціліся ўніз, гульцы падбеглі да самай агароджы. І тут спецназавец Уладзімір Рэцікаў націснуў на балон са слёзатачывым газам і накіраваў яго ў гушчу людзей... Папала шмат каму. У ліку абпаленых апынулася і пяцігадовае дзіця.
У СМІ гэты выпадак атрымаў шырокую агалоску. Міністэрская праверка падтрымала дзеянні прапаршчыка Рэцікава — маўляў, самі на ражон палезлі. Але ж нічога грамадска небяспечнага футбалісты і заўзятары не рабілі. Каб пагасіць раздражненне ў грамадстве, спецназ вуснамі камандзіра магілёўскага падраздзялення Сяргея Волкава прынёс выбачэнні бацьку дзіцяці. Але не асабіста, а праз прэсу і па тэлефоне.
Праз пару месяцаў спецназ зноў прымяніў слёзатачывы газ — падчас разгону пратэстных акцый маўчання ў Мінску.
5 лістапада, Парыж. Чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы. У зборнай Беларусі адсутнічаў алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. Ён адмовіўся ад удзелу, спасылаючыся на тое, што кіраўніцтва беларускай цяжкай атлетыкі і галоўны трэнер нацыянальнай каманды Аляксандр Ганчароў не ствараюць яму ўмоў для якаснай падрыхтоўкі. Асабісты трэнер спартсмена Міхаіл Саладар прычынай адмовы назваў востры бранхіт, на які перахварэў чэмпіён, і нараджэнне дачкі ў сям'і Ганчарова. У гэтым алімпійскім цыкле Арамнаў прапусціў усе тры чэмпіянаты свету. Адзіным топ-турнірам, на якім ён выступаў, быў чэмпіянат Еўропы-2010 у Мінску. Тады Андрэй перамог, але быў дыскваліфікаваны на паўгода за курэнне "траўкі".
6 лістапада, Мінск. Матч чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі паміж мінскім "Дынама" і "Віцязем" з падмаскоўнага Чэхава. Пасля двух перыядаў наперадзе госці — 2:1. У трэцім канадзец Плат зраўнаваў лік — 2:2. А калі да заканчэння перыяду заставалася ўсяго 44 секунды, іншы легіянер мінчукоў Обшут вывеў гаспадароў наперад — 3:2. Тут жа госці пачалі бойку, у якой саліравалі канадскія тафгаі "віцязяў" Брэнан і Тарнаскі. З трыбун на лёд паляцелі пластыкавыя бутэлькі з-пад піва. Адна прызямлілася побач з трэнерам гасцей Андрэем Назаравым. Раз'юшаны расіянін схапіў клюшку, ускочыў на лаўку і спрабаваў праз агароджу адпомсціць гледачам, а затым паказаў трыбунам непрыстойны жэст. Потым абмацярыў міліцыянтаў... У выніку Назараву прад'явілі абвінавачанне ў хуліганстве. Каб засцерагчыся ад затрымання на суткі, трэнер прынёс прабачэнні ў відэакамеру сталічнага ўпраўлення ўнутраных спраў. Яму даравалі... Новае пабоішча "віцязі" зладзілі праз два тыдні ў Чалябінску.
11 лістапада, Дубай (ААЭ). Тут павінна была адбыцца таварыская сустрэча футбольных зборных Беларусі і Нігера. Абедзве каманды прыбылі ў горад, але на поле не выйшлі. Кантракт на правядзенне матча з абодвух бакоў быў падпісаны. УЕФА і Афрыканская канфедэрацыя футбола згоду далі, аднак, па словах першага намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Сафар'яна, "федэрацыя футбола ААЭ не ўзгадніла з ФІФА ўмовы правядзення гэтага матча". Спачатку гульню перанеслі на паўтары гадзіны, а потым і зусім адмянілі. Добра яшчэ, што ў беларусаў на 15 лістапада быў запланаваны матч са зборнай Лівіі, які завяршыўся ўнічыю — 1:1. А футбалісты Нігера адбылі дамоў і зусім ні з чым.
Міхась МОШЫН



НОВЫ КАМЕНТАР