Палiтыка
Апытанне тыдня: Ці верыце вы ў канcтруктыўны дыялог бізнесу і ўлад?
Улада • 2011-12-21
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтЗа гэтыя два гады зроблена шмат прагрэсіўных крокаў насустрач прадпрымальнікам, лічыць Уладзімір Карагін.
Працягваецца работа і па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказ № 510 "Аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці ў Беларусі". Гэты дакумент рыхтуецца сумесна з дзелавой супольнасцю. "Вельмі ўважліва выслухоўваюцца нашы прапановы, аформленыя пісьмова, якія маюць пэўную аргументацыю, разлікі. Гэта не галаслоўныя прапановы", — сказаў Уладзімір Карагін. Дыялог ідзе бесперапынна.
Адам Глобус, пісьменнік, выдавец:
"Ці можна паверыць у тое, што сабака і кот будуць сябраваць?"
— Ці можна паверыць у тое, што сабака і кот будуць сябраваць? У мультфільме — так, у рэальнасці — не. Бо адзін нараджаецца мышкай, а другі — казлом; адзін нараджаецца сабакам, а другі — коцікам. І дзяржава будуецца па тых жа самых прынцыпах прыроды. І калі ў казцы заклікаюць усіх сябраваць, абдымацца і цалаваць адно аднаго, то гэта выдатна, толькі вельмі далёка ад рэальнасці. Бізнес як творчая ініцыятыва заўсёды апярэджвае дзяржаву. Дзяржава прымае законы пасля таго, як нешта зроблена. Ініцыятыўны чалавек заўсёды рызыкуе, таму што ён ідзе ў нязведанае. Як мастак, як пісьменнік — у нязведаныя сферы, дзе раней ніхто не бываў. Бізнес — гэта тая ж самая творчасць. Узяць тыя ж паслугі, якія прапаноўвае інтэрнэт: дзяржава толькі ідзе следам з вялікім спазненнем са сваім заканадаўствам. У нас асноўныя бізнесмены — чыноўнікі. І ясна, што незалежная ініцыятыва ў нас караецца. Вельмі рызыкоўна займацца нечым новым, але так, мусіць, ва ўсіх дзяржавах, не толькі ў нашай.
Людміла Багдановіч, прадпрымальніца (Гомель):
"Гэта "юдэнратаўскі" дыялог?"
— Ці канструктыўны дыялог у гета паміж юдэнратам і нацыстамі? Канечне, канструктыўны. І ён, у прынцыпе, на карысць людзям. Яны абмяркоўваюць нейкія важныя рэчы для людзей: па колькі кавалкаў мыла выдаваць, каму ісці на работу, а каму пара і ў яму збірацца; каб людзі не штурхаліся, а станавіліся роўненька ў чэргі... Паляпшэнне ўнутранай сітуацыі ў гета заўсёды на карысць людзям. Вось такі канструктыўны дыялог і адбываецца зараз паміж бізнесам і ўладай. Каб "вашывых блох" не адразу вынішчылі і абскублі, а крыху далі пажыць; прабашляць на які хакей, быць вечна ўдзячнымі за тое, што ў лагер адправілі не цябе, а твайго калегу... Вось толькі да рэальнага дыялогу свабодных, актыўных пісьменных людзей (якімі, па ідэі, з'яўляюцца бізнесмены) з выбарнай, законнай уладай наконт узаемавыгаднага супрацоўніцтва сённяшні "юдэнратаўскі" дыялог не мае ніякага дачынення. Але, безумоўна, нармальны бізнес, які плаціць падаткі ў казну, павінен супрацоўнічаць з кантралюючымі органамі, каб адсочваць несумленных гульцоў, якія, ухіляючыся ад падаткаў, і дзяржаве шкоду наносяць, і канкурэнтам.
Аляксандр Талстыка, актывіст аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва":
"Мы гатовы размаўляць, толькі па-сур'ёзнаму"
— З 2008 года я прынцыпова не веру ў канструктыўны дыялог бізнесу і ўлады. Менавіта тады вельмі шмат прадпрымальнікаў і іх сяброў адседзелі ў турме, а Карагін не сядзеў. Потым ён абяцаў, як помніцца, і курс долара 4500 рублёў. Такога не адбылося. І хто такі пан Карагін? Чый ён бізнес лабіруе і абараняе? Мы за дыялог не з Лукашэнкам.
Па-першае, мы за паляпшэнне ўмоў развіцця бізнесу ў Беларусі ўвогуле, каб прыняць закон аб сярэднім і малым бізнесе.
Па-другое, немагчыма сёння стварыць такія ўмовы, пры якіх для ўсіх будзе кайф, таму што з 2012 года пачынае дзейнічаць Мытны саюз. І не адменены ПДВ (падатак на дабаўленую вартасць) для індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэты падатак увёў Кабякоў у 2008 годзе, калі пачаліся першыя страйкі прадпрымальнікаў. Яго яшчэ ніхто не адмяніў. Нібыта адна мытная прастора, а ПДВ распаўсюджваецца толькі на прадпрымальнікаў з Беларусі. Гэта велізарныя грошы з нашай кішэні!
Вось калі заўтра пан Карагін абвесціць, што адмянілі гэты сумны падатак, то, магчыма, прадпрымальнікі і прадстаўнікі Руху за свабоднае развіццё прадпрымальніцтва будуць гатовы сесці за стол перамоў. Таму што мы гатовы размаўляць, але размаўляць па-сур'ёзнаму. Бо гэтае "бязмежжа" нас дастала.
Галіна Краўцэвіч, менеджар:
"Бізнес-клімат апошнімі гадамі стаў значна лепшы"
— Наконт канструктыўнага дыялогу сказаць не магу, але адно заўважыла: працаваць апошнімі гадамі стала лягчэй. Праверак стала менш; лягчэй стала кантактаваць з падатковай інспекцыяй — на цябе ўжо не глядзяць, як на "вашывую блаху", якую трэба абавязкова вывесці на чыстую ваду. Падаткавікі могуць і падказаць, і пракансультаваць, ніхто асабліва не "кашмарыць". Бізнес-клімат значна пацяплеў. Калі гэта плён дзейнасці пана Карагіна, дык хвала яму і пашана.
Апытанне правёў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ



НОВЫ КАМЕНТАР