Эканомiка
Што можна набыць за тысячу рублёў у Мінску, Маскве і Кіеве
2011-12-25
Каментароў: (1) A / A Змяніць шрыфтПа курсе Нацбанка адна ўкраінская грыўня практычна адпавядае 1 тысячы беларускіх рублёў (дакладна — 1050).
Булён з ванілінам
У звычайнай харчовай краме ў спальным раёне мінчаніну ці госцю сталіцы з тысячай рублёў у кішэні практычна няма чаго лавіць. Не тое што хлеба, а і булачкі з макам на гэтыя "шалёныя" грошы набыць вы не зможаце. Таксама тысячы не хопіць ні на паўлітра малака, ні на глазураваны сырок, ні на мінералку, ні на адну сасіску... Словам, прасцей пералічыць, на што хопіць.
За тысячу рублёў або нават і за меншую суму можна набыць: пластыкавы кубак, бутэльку або кантэйнер для салаты, фасовачны пакет, самы танны булённы кубік, пакецік ваніліну або ванільнага цукру. Умоўна гэтай сумы хопіць і на 1 яйка, але насамрэч вам яго не прададуць, хіба што ў кулінарыі, але ўжо звараным. Хопіць на 1 вельмі малы яблык, 100 г кіслай капусты, на пару бульбін або 2-3 невялічкія морквы. Усё.
Не, калі вельмі пашанцуе, то на тысячу ў сталоўцы можна набыць 50-грамовы кавалачак хлеба. Больш нічога вы не купіце, нават рулон туалетнай паперы. Замест яе можаце набыць вучнёўскі сшытак (12 старонак) альбо, скажам, якую-небудзь рэспубліканскую газету. Калі апошняя вам не спадабаецца, то гары яна гарам — нездарма ж на тысячу рублёў можна набыць ажно пяць пачкаў запалак.
Дзе вы зможаце разгуляцца на тысячу, дык гэта ў аддзеле канцтавараў альбо ў кіёску "Белсаюздрук", які завалены ўсякімі дробязямі. Газеты, стрыжні для аўтаручак і самі ручкі, тонкія сшыткі і вокладкі для іх, тачылкі, алоўкі, грыфелі, заколкі — во колькі цікавых рэчаў маюць цэннік да тысячы!
Таксама 1000 рублёў хопіць на тое, каб...
...набыць білет на электрычку (2 зоны) або праехаць 1 прыпынак (3-4 км) у прыгарадным аўтобусе;
...прагаварыць паўгадзіны па стацыянарным тэлефоне або столькі ж па мабільным, прасядзець 15 хвілін у інтэрнэце ў пунктах калектыўнага карыстання;
...прыдбаць на будаўнічым кірмашы некалькі самарэзаў;
...набыць канверт з маркамі для адпраўкі па Беларусі;
...набыць 50 г корму для хамячка або марской свінкі.
Дзе вы зможаце разгуляцца на тысячу, дык гэта ў аддзеле канцтавараў альбо ў кіёску "Белсаюздрук", які завалены ўсякімі дробязямі.
Хуткім крокам па Маскве
Мы прызвычаіліся ўвесь час параўноўваць узровень жыцця ў нас і "ў іх". Чаму б не скарыстаць гэты прынцып і ў дадзеных разліках?
"Далёка ты з такімі грашыма ў Маскве не пойдзеш, — пракаментавала нашы разлікі "маскоўская беларуска" Таня Кравец, якая вось ужо тры гады ездзіць на вучобу і падпрацоўку ў сталіцу краіны-суседкі. — Лепш сказаць, якраз пойдзеш. Пешшу, бо ні на які від транспарту гэтых грошай не хопіць, адно толькі павесяліш вадзіцеля маршруткі".
Наўскідку Таня здолела прыгадаць у межах згаданай сумы ўсё той жа класічны набор: запалкі, сшытак, фасовачныя пакеты. Пасля доўгага шпацыру па крамах у спіс былі дабаўлены 0,5 кіло бульбы ці морквы (між іншым, агародніна ў абодвух выпадках аказалася беларускай), гузікі, гаспадарчае мыла, шпількі і ніткі для шыцця, варанае яйка, пакецік гарбаты, актываваны вугаль і саломінка для соку.
Сёння ж мая пенсія з усімі прыбаўкамі і дабаўкамі не перавышае 700 тысяч рублёў, даводзіцца літаральна дрыжаць за кожную тысячу.
Сувязь па-кіеўску
"Кіеўская беларуска" Марына Амельчанка, якая пераехала жыць ва Украіну год таму, прызналася, што час ад часу яшчэ пералічвае мясцовыя цэны на беларускія грошы. "І толькі калі думаю, што нешта дорага атрымліваецца, адразу ўзгадваю, што і заробак у мяне цяпер іншы", — смяецца дзяўчына. Па нашай просьбе Марына шукала, што ў Кіеве можна набыць за 1 грыўну.
Выніковы спіс атрымаўся не тое каб вялікім, але і не такім сціплым, як маскоўскі: 1 вафелька, жвачка, шклянка семак у знаёмай бабулі, пакецік ваніліну або лімоннай кіслаты, запалкі, насоўка, заколка для валасоў, цэлафанавы пакет, вучнёўскі сшытак, газета, аловак, кавалак крэйды, канверт, лейкапластыр, аднаразавы пластыкавы кубак, капронавая накрыўка, 20-кілаграмовая ўпакоўка драўняных пелетаў (від экалагічна чыстага паліва ў гранулах), бамбукавыя палачкі для сушы, ад 5 да 40 хвілін мабільнай сувязі і нават... мабільны тэлефон! "Гэта рэкламная акцыя аднаго з аператараў, — патлумачыла наша сувязная. — Калі заключыць з імі дамову на год на пэўныя тарыфныя планы, то тэлефон табе як быццам абыдзецца ў 1 грыўню. Тое, што абаненцкая плата складае ад 25 грыўней у месяц, на рэкламных плакатах, зразумела, не распісваецца".
Тады і цяпер
"За савецкім часам, — прыгадвае цяперашні беларускі пенсіянер Анатоль Бурлак, — я атрымліваў спачатку стыпендыю 45 рублёў, а потым — інжынерскі заробак 180 рублёў, пры гэтым ведаў цану кожнага рубля і мог яго патраціць, спалучыўшы прыемнае з карысным. Як цяпер памятаю: у 1986 годзе 1 рубля мне хапала на тое, каб з'ездзіць на працу і дамоў, паабедаць у завадской сталоўцы, набыць пачак цыгарэт і яшчэ па дарозе дамоў прыкупіць пару кіло бульбы. Сёння ж мая пенсія з усімі прыбаўкамі і дабаўкамі не перавышае 700 тысяч рублёў, даводзіцца літаральна дрыжаць за кожную тысячу, а хіба за яе што купіш? Мабыць, нават валідол у аптэцы не прададуць...".
Спяшаемся супакоіць Анатоля Васільевіча: у Беларусі яму на 10 таблетак валідолу тысячы рублёў якраз хопіць. Гэтак жа, як і на анальгін ці парацэтамол беларускай вытворчасці, маленькі бінт, пару кавалачкаў лейкапластыру, аднаразовы шпрыц, бутэлечку валяр'янкі, ёду або зялёнкі. А што яшчэ чалавеку трэба ў экстраннай сітуацыі? Чарка і шкварка? Забудзьцеся — тысячы рублёў не хопіць нават на мыла і вяроўку.
Зрэшты, гэта, відаць, усё ж добрая навіна.
А ЦЯПЕР ПАРАЎНАЙЦЕ ЗАРОБКІ
Сярэдні заробак у верасні — кастрычніку 2011 года (паводле звестак Статыстычнага камітэта СНД)
У Беларусі — 2,26 мільёна беларускіх рублёў, у Мінску — Br 2,849 мільёна.
У Расіі — 23 467 расійскіх рублёў, або 6,172 мільёнаў беларускіх рублёў; у Маскве — 41 344 расійскія рублі, або Br 10,873 мільёна.
Ва Украіне — 2737 грыўней, або Br 2,879 мільёна; у Кіеве — 4072 грыўны, або Br 4,284 мільёна.
|
Да ведама Дэнамінацыі ў Беларусі адбываліся ў 1994 (выкраслілі адзін нуль) і 2000 гадах (прыбралі тры нулі). Сёлета яшчэ да сваёй адстаўкі старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч заяўляў, што дэнамінацыя ўжо, у прынцыпе, магчымая, а яго пераемніца Надзея Ермакова казала, што "пытанне па дэнамінацыі ў гэтым годзе ў нас не стаіць, а наступны год пакажа, у якіх лічбах будзе весціся разлік, колькі ў нас будзе нулёў". |
Вікторыя ПРАКАПОВІЧ



КАМЕНТАРЫ
Mariam • 26.12.2011 10:44
Оо, я таксама люблю адшукваць такія ненармальныя рэчы па мінімальны кошце. Прапаную адкрыць клуб аматараў дурылак "усё па тысячы!" ^_^ ЗЫ. А як гэта вы на соль забыліся? Маленькі пачак таксама каштуе менш за 1000, усяго 650 рублёў.
НОВЫ КАМЕНТАР