Палiтыка
А ці правільна мы інтэгруемся?
Улада • 2011-12-05
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт"Значыць, я, напэўна, правільна падзяляю гэтую занепакоенасць, таму што адбываецца ўзмацненне ўзброеных сіл НАТА каля нашых граніц", — заўважыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, беларусы і расіяне — гэта людзі аднаго дрэва, аднаго кораня. "Я гэта гаварыў і не баюся гаварыць. Рускія нам не ворагі — гэта нашы браты, і мы з імі павінны заўсёды знаходзіцца ў адной звязцы, каб выжыць у гэтым цяжкім свеце", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Андрэй Суздальцаў, аналітык:
"Для Беларусі гэта проста нагода для атрымання рэсурсаў"
— У напрамку Еўропы ў Беларусі цалкам рэальны вектар інтэграцыі, але гэта будзе няхутка. Краіна яшчэ не гатова да такой інтэграцыі. Яна павінна мадэрнізаваць эканоміку.
Але пры гэтым можна стварыць палітычную платформу ў адносінах да інтэграцыі з Расіяй. Я лічу, што да інтэграцыі ў рамках ЕўрАзЭС Беларусь не гатова. Яна пакуль гатова спажываць рэсурсы Казахстана і Расіі, а ўнесці нешта сваё ў інтэграцыйны кацёл наша краіна не ў стане. Таму і назіраем, як зараз рыхтуецца дарожная карта ўступлення Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору: ідуць суцэльныя адтэрміноўкі, адно пагадненне за тры гады, наступнае — за пяць...
Беларусь проста "з'есць павідла", скажа, што "нам усё надакучыла, мы сыходзім у Еўропу". Насамрэч "інтэграцыя" для беларускага кіраўніцтва — гэта проста нагода для атрымання рэсурсаў.
Вераніка, студэнтка:
"Нашу краіну вяртаюць у тую прастору, з якой яна і не выходзіла"
— Інтэгравацца ці не інтэгравацца могуць толькі самастойныя адзінкі. Гэта значыць суб'екты, а не аб'екты. Куды і з кім могуць інтэгравацца беларусы, калі яны і сёння жывуць у сваім мінулым?
З Масквой у якасці сталіцы.
З рускай мовай як галоўнай мовай зносін.
З расійскімі тэлеканаламі, праз якія беларусы ў асноўным глядзяць на свет.
З усімі сваімі савецкімі "прэлесцямі" кшталту "прафсаюзаў" і "праграсівак". Беларусь не інтэгруецца ў Еўразійскі саюз. Беларусь юрыдычна вяртаюць у тую прастору, адкуль яна фактычна і не выходзіла, на вялікі жаль.
Уладзімір Колас, дырэктар Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа:
"Нам бы "дзень прастаяць ды ноч пратрымацца"
— Калі глядзець не на перспектыву, а на праблему простага выжывання тут і цяпер, то, безумоўна, робіцца ўсё правільна. Але за гэты кошт мы проста праядаем сваю будучыню, здаём сваю тоеснасць і сваю незалежнасць. Здаём дзеля імперскіх ілюзій, якія мае цяперашняе крамлёўскае кіраўніцтва. Гэта абсалютна бесперспектыўны занятак і для Масквы, і для Мінска. Ніколі Беларусь не стане часткай Расіі і ніколі за кошт такой адтэрміноўкі не ліквідаваць тыя праблемы, што чакаюць Беларусь, калі ўсё ж такі прыйдзецца жыць сваім розумам, жыць па сродках і зарабляць сумленнай працай. Зразумела, што гэта не інтэграцыя. Гэта гульня, у якой кожны з бакоў мае пэўныя мэты, якія ён прыкрывае гэтай інтэграцыяй. Для беларускага кіраўніцтва гэта "дзень прастаяць ды ноч пратрымацца", а для маскоўскага кіраўніцтва гэта чаканне і паступовае адцісканне ад беларускага кіраўніцтва рэсурсаў і ўлады. У рэшце рэшт дойдзе і да тэрыторыі. Але і там, і тут гэтыя мэты не спраўдзяцца. Безумоўна, гэта не азначае, што ўсе павінны сядзець склаўшы рукі і назіраць. Змірыцца з гэтым нельга.
Жанна, хатняя гаспадыня (Баранавічы):
"Інтэгруемся туды, дзе нам рады, дзе не патрэбны візы і дзе нас разумеюць"
— Наша сям'я ўжо інтэгравалася напоўніцу: муж працуе на будаўніцтве ў Маскоўскай вобласці трэці месяц. Яго брыгада тут налічвала дваццаць пяць чалавек, пятнаццаць з'ехалі ў Расію — гэта больш за палову! А якое выйсце? Ва ўсіх жа крэдыты, даўгі, сем'і, дзеці... Як выжыць інакш? Вось і інтэгруемся туды, дзе нам рады, дзе не патрэбны візы і дзе нас разумеюць.
Аляксандр Дабравольскі, палітык:
"Трэба рухацца туды, дзе новыя тэхналогіі"
— Трэба зразумець, з якой мэтай мы выбіраем такі напрамак інтэграцыі. Калі з мэтай забяспечыць стратэгічнае развіццё краіны, то, зразумела, што няправільна. Бо трэба рухацца туды, дзе новыя тэхналогіі, дзе людзі жывуць лепш, дзе проста цывілізаваны свет.
Калі інтэграцыя ажыццяўляецца з мэтай захаваць уладу, тады Лукашэнка правільна думае. Мусіць, ён дамовіўся з расійскім кіраўніцтвам, што яго ўсё ж не будуць выкідаць з уладнага крэсла.
Зінаіда Краўцэвіч, прадпрымальніца:
"А што мы можам прапанаваць Еўрасаюзу?"
— А які ў нас выбар? Еўрапейскі саюз і НАТА? І што мы можам ім цікавага прапанаваць? Сухое малако? Тэлевізары "Віцязь"? Грузавікі з трактарамі? Ці мо аграгарадкі ў Галандыі пабудаваць? Не? Тады, што? Прапанаваць дзесяць мільёнаў халяўшчыкаў? Дык у іх сваіх хапае — ад грэкаў да літоўцаў. Куды бяруць, туды і інтэгруемся. Дзякуй, што яшчэ некуды можам спіхнуць сваю прадукцыю.



НОВЫ КАМЕНТАР