Грамадства

Ці знікнуць беларусы праз 10 гадоў?

Люстра дзён  •  2011-11-23

Каментароў: (2) A / A Змяніць шрыфт
Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч сказаў у інтэрв'ю Беларускаму партызану:

— Ні адзін народ еўрапейскі не знаходзіцца на такой стадыі дэнацыяналізацыі, як беларусы. Я лічу, што ў саюзнай дзяржаве 10 гадоў хопіць маскоўскаму Крамлю, каб ужо самі беларусы сказалі, што яны рускія, і мы як нацыя заканчваем сваё самастойнае развіццё.

Таму я, дзе толькі магу, выступаю супраць аб'яднання з Расіяй. Я лічу, што калі мы будзем самастойнай дзяржавай, то рана ці позна нешта ў нашым палітычным жыцці павінна змяніцца, што не ўвесь час будзе кіраваць нашай краінай чалавек, у якога за душой нічога нацыянальнага няма, які не толькі сам жыве рускамоўнымі каштоўнасцямі, а стараецца гэта распаўсюдзіць і на народ.

Вінцук Вячорка, палітык:
"Асноўная пагроза — цяперашняя ўлада"

— Усяляк бывала ў гісторыі беларускай нацыі, і здавалася, з розных прычын, што перспектывы яе трываласці няма.

Але заўсёды з'яўляліся нацыянальна адказныя эліты, нягледзячы на ўсе спробы іх выкасіць. І ў гэтым сэнсе я не думаю, што праз дзесяць гадоў нас чакае вось такая змрочная перспектыва. Праўда, небяспека страты нацыянальнага імунітэту, мовы, цалкам рэальная. Вынікі нядаўняга перапісу — вельмі трывожны сігнал. Таму што колькасць людзей, якія прызнаюць, што карыстаюцца беларускай мовай штодня, стала ніжэйшай за ЮНЭСКАўскія парогі. Думаю, што значную ролю тут адыграла цяперашняя ўлада, якая разглядае вось гэтую фактычную рускамоўнасць беларусаў як тавар для продажу на Усход. І ў гэтым сэнсе без палітычных змен гаварыць пра гарантыі беларускай нацыі немагчыма. Цяперашняя ўлада ёсць асноўнай пагрозай для нацыянальнай самабытнасці, а значыць — і для нацыянальнай перспектывы беларусаў.

Рыгор Сітніца, мастак:
"Гарадскія беларусы будуць заўсёды"

— Беларусы застануцца і праз дзесяць, і праз сто гадоў. Не сумняваюся ў гэтым ніколькі. Іншая справа, што праблема застаецца. Трэба ўсімі намаганнямі пашыраць ужыванне беларускай мовы. Але ні праз дзесяць, ні праз дваццаць гадоў яна нікуды не знікне. Я ў гэтым цалкам перакананы, хаця і падзяляю занепакоенасць прафесара Лыча. Частка нацыі будзе рускамоўнай, але дастаткова носьбітаў мовы заўсёды будзе заставацца, каб ёй не знікаць нікуды. Мала таго, яны будуць узнікаць нават адтуль, адкуль мы і чакаць не будзем. Вось як зараз у асяроддзі пэўнай часткі гарадской моладзі раптам з'яўляецца пэўнае беларускае кола.

Ёсць рэсурсы, на якія мы практычна не звяртаем увагі. Напрыклад, вёска сёння не з'яўляеца носьбітам і захавальнікам мовы. Цяпер гэта абсалютна трасянкавае асяроддзе. А вось горад... Наша вялікая заслуга, што мы мову перавялі з вясковага стану ў элітарны. Акурат гэта і ёсць адзін з гарантаў яе захавання.

Зміцер Вайцюшкевіч, музыка:
"Даю гадоў сто"

— Я спадзяюся, што беларусы застануцца як нацыя. У нас ужо ёсць досвед жыцця ў такім стане, які называецца "ўсё гіне, але ж неяк жыве". Беларусы нездарма прыдумалі анекдот пра шыбеніка, які "прыстасаваўся". Мы трохі даўжэй працягнем у сённяшніх умовах — гадоў сто. Магчыма, усё гэта пяройдзе ў падполле, у сектанцтва, нейкае своеасаблівае стараверства беларускае. Нам важна перш за ўсё знайсці саміх сябе, а ў нас з гэтым праблема. З незалежнасцю дагэтуль не ведаем, што рабіць. Маю на ўвазе і ўладу, і люд паспаліты. Мы ўвесь час інтэгратары. Я даю Беларусі шанц — гадоў сто! Нават, калі ўсё будзе кепска, як цяпер.

Валянцін Акудовіч, філосаф:
"Наша нацыя будуецца на іншай мадэлі"

— Я думаю, шаноўны спадар Лыч, да якога я стаўлюся з павагай, тут альбо паспяшаўся, альбо, як бывае ў пэўных жанрах літаратуры катастроф, дасылае нам папярэджанне.

Прафесар Лыч мае на ўвазе беларусаў як нацыю, якая будзе пабудавана на этналінгвістычнай мадэлі. І тады ў сваіх перасцярогах ён мае рацыю. Хаця ўсё роўна, па-мойму, тут ён гіпертрафаваў праблему. Мы з вамі жылі ў часы, калі беларускай мовы ўвогуле не было на гарадскіх вуліцах. І здавалася, што акрамя сябраў Саюза пісьменнікаў ніхто на ёй не размаўляе. Ніякіх шанцаў на адраджэнне ў яе няма. Прыйшлі 90-я, а разам з імі незалежнасць, і сітуацыя стала выглядаць зусім інакш.

Хаця той аптымізм пакрысе ўжо скісае. Але, калі казаць пра беларусаў як нацыю, трэба мець на ўвазе, што цалкам магчыма, што мы збудуемся не на этналінгвістычнай мадэлі, а на мадэлі грамадзянскай супольнасці. Закон і права агульныя для ўсіх, а культурныя дамінацыі будуць небазавымі. Так што шанцаў пабудаваць беларусам нацыю на этнакультурнай мадэлі ўжо амаль не засталося. І гэты шлях, хутчэй за ўсё, для нас не будзе паспяховым. Тады беларусы будуць сябе атаясамліваць з іншай формулай нацыі, дзе культурныя каштоўнасці, мова, культура, гісторыя будуць не асноўнымі ў пабудове і нацыі, і дзяржавы. Гэта не значыць, што мне так хочацца. Мне хацелася б, каб у нас запанавалі ўсе атрыбуты беларускай культуры і каб мы менавіта на іх будавалі нацыю. Але баюся, што так не атрымаецца. Паколькі я думаю галавой, а не сэрцам, у адрозненне ад паважанага спадара Лыча, то разумею, што, на вялікі жаль, тое, што хочацца сэрцам, у рэальнасці не спраўдзіцца.

Таццяна Залеская, настаўніца беларускай мовы:
"Гэта ведае толькі Бог"

— Калі беларусам наканавана знікнуць як нацыі, дык тэрміны тут устанаўлівае пан Бог, а не пан Лыч. А пяцьдзясят гадоў назад яна не знікла, калі беларускія школы прыбралі з гарадоў, а ўчарашнія вяскоўцы саромеліся сваёй прыроднай беларушчыны і перавучваліся.

Дзесяць гадоў — гэта зусім не тэрмін для гісторыі. Але нават калі свядомых беларусаў застанецца адзін працэнт, нацыя ўсё роўна будзе заставацца. Нават калі тут нічога не застанецца, беларуская мова будзе гучаць у Амерыцы ці Польшчы, і нельга будзе сказаць, што нацыя знікла.

Апытанне рабіў Зміцер ЗЯЗЮЛЯ

Каментароў: (2) Раздрукаваць Уверх
КАМЕНТАРЫ

Žeŭžyk  •  15.01.2012 04:02

Што ўвогуле такое беларусы, можна пачытаць тут. Там і сама кніга: http://mbnf.info/index.php?option=com_content&view=article&id=750:2012-01-13-20-42-17&catid=4:all-news

Žeŭžyk  •  15.01.2012 10:38

Мяркую, што ўжо ў нашай літаратуры ёсць нагода для аптымізму. Напрыклад, пачытайце пра пісьменьніка Кастуся Травеня, які не ўпісаўся ў аніякія мафіозныя кодлы сучасных літБрэжневаў, але ў аповесьці "Імпэрскі сіндром" дае падставы для аптымізму беларусам: http://mbnf.info/index.php?option=com_content&view=article&id=750:2012-01-13-20-42-17&catid=4:all-news

НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI