Культура

Хто будзе здымаць працяг “Белых Рос”?

Культура  •  2011-11-17

Каментароў: (1) A / A Змяніць шрыфт
Днямі гендырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч заявіў, што Нацыянальная кінастудыя мае намер зняць працяг супервядомай камедыі "Белыя Росы".
Ці сапраўды сёння наспела патрэба зняць працяг "Белых Рос"? Ці вяліся ўжо перамовы аб здымках з тым жа Мікалаем Карачанцавым, які сыграў адну з галоўных роляў у фільме? І, самае галоўнае, хто будзе здымаць працяг карціны?

Гэтыя і іншыя пытанні "Тут і цяпер" адрасавала вядомаму драматургу, лаўрэату Дзяржпрэміі, аўтару сцэнарыя "Белых Рос" Аляксею Дудараву.

— Патрэба ёсць, — адназначна адказаў Аляксей Ануфрыевіч. — Калі беларускі кінематограф прапусціць такі матэрыял, ужо маючы за плячыма "Белыя Росы", то гэта будзе яго вялікай памылкай. Трэба было даўным-даўно зняць, але ўсё было неяк не да гэтага...

— Яшчэ, відаць, калі Дабралюбаў быў жывы, так?

— Шкада, але на той момант, калі гэтая думка прыйшла мне ў галаву, Ігар Міхайлавіч ужо не мог працаваць...

Некалькі дзён назад адбылася мастацка-вытворчая рада, на якой гэты кінапраект быў ухвалены. Цяпер самае галоўнае — знайсці рэжысёра, які возьмецца ўсё гэта ўвасабляць. І тады можна з кінааповесці пачынаць рабіць кінасцэнар.

— Ужо вызначыліся з рэжысёрам?

Аляксей Дудараў. Фота // www.expressnews.by

Аляксей Дудараў. Фота // www.expressnews.by

— Пакуль не. Але самае важнае — каб не было ніякіх выкрунтасаў і эксперыментаў. Спадзяюся, што буду пры ўсім гэтым прысутнічаць і не дапушчу, каб гэта быў нейкі зляпаны рымейк або кінамалява, якая будзе трымацца на паверхні выключна за кошт поспеху і сапраўднай працы папярэднікаў. Гэтага нельга рабіць, бо гэта будзе здрада. І перад Дабралюбавым, і перад Новікавым, і перад Санаевым, і перад усімі тымі, хто ствараў "Белыя Росы". Трэба захаваць па-дабралюбаўску кранальныя інтанацыю, атмасферу, і, самае галоўнае, паважлівае стаўленне да зямлі, да Беларусі, да чалавека. Я перакананы, што людзі не мяняюцца. Мяняецца свет, надвор'е, а нашы думкі, памкненні, погляды, адносіны з высокім застаюцца тымі ж самымі. І тыя ж самыя героі, і дзеці нашы — яны нас паўтараюць. А тое, што адбываецца ўсюды, — гэта як надвор'е, непагадзь нейкая: яна прыйдзе, адыдзе і потым зноў дойдзе. Вось такі падыход патрэбен...

Важна, каб рэжысёр, які будзе працаваць над фільмам, адчуў гэты матэрыял. І каб зрабіў не паўтарэнне дабралюбаўскіх "Белых рос", а самастойны твор, які можна глядзець, нават не бачыўшы першы фільм. Але першая і другая работы павінны быць знітаваны пачуццямі...

— А хто будзе займацца пошукам рэжысёра?

— Вядуць перамовы Алег Сільвановіч і кінастудыя "Беларусьфільм". Самае галоўнае не тое, каб кандыдатура рэжысёра мяне задаволіла, а каб я адчуў, што ў чалавека ёсць такое імкненне, пра якое я гаварыў раней. Мне ўжо не трэба ні імя рабіць, ні зарабляць. І, дарэчы, калі здымалі "Белыя росы", мы з Дабралюбавым ні пра славу, ні пра грошы нават і не думалі. Працавалі з задавальненнем і асалодай, і вось маем тое, што маем... Я некалі казаў, што творчасць і мастацтва — як цнатлівая жанчына, якую трэба любіць і абагаўляць. Тады ад яе ўсё атрымаеш. А калі хочаш нешта атрымаць адразу, то нічога не будзе.

— Можа, ужо вялі перамовы з той жа Галінай Польскіх, Мікалаем Карачанцавым, Наталляй Харахорынай?

— Пакуль што не. Дарэчы, у матэрыяле, калі чыталі, ёсць роля і для Мікалая Пятровіча Карачанцава. Калі нехта не заўважыў, дык трэба аб гэтым сказаць. Але гэта ні ў якім выпадку не выкарыстанне яго імя, і тым больш яго стану — гэта грэх!

— Наколькі я зразумела, праект "Белыя росы-2" будзе рэалізоўвацца бліжэйшым часам?

— Бліжэйшым часам гэта і трэба рабіць, бо тыя ж Генадзь Гарбук, Галіна Польскіх, Наталля Харахорына сёння ўжо сталі тымі, кім былі Усевалад Санаеў і Барыс Новікаў. Гэта пакаленне, якому трэба, што называецца, уладкаваць сваіх дзяцей, дачакацца ўнукаў і зрабіць усё, каб на зямлі "Белых Рос" заўсёды была чыстая раса...

ДЛЯ ТЫХ, ХТО НЕ Ў ТЭМЕ

Чаму так цягне ў "Белыя Росы"?

Фільм "Белыя росы" зняў народны артыст, рэжысёр Ігар Дабралюбаў, які пайшоў з жыцця 19 ліпеня 2010 года на 77-м годзе.

"Белыя Росы" з'явіліся на экране ў мінулым стагоддзі — у 1983 годзе. Але і сёння фільм не састарэў, і многія з цікавасцю пераглядваюць яго шмат разоў.

Актрыса Наталля Харахорына, якая сыграла ў фільме паштальёнку Веру, у адным са сваіх інтэрв'ю адзначыла, што ў яе як у артысткі ёсць дзве "візітныя карткі" — роля Машы ў фільме "Піраты ХХ стагоддзя" і роля Веры ў "Белых Росах".

На адной з сустрэч з гледачамі, што на пачатку кастрычніка прайшла ў Магілёве, аўтар сцэнарыя "Белых Рос" Аляксей Дудараў прызнаўся, што не зразумеў, у чым поспех карціны, нягледзячы на, здавалася б, "звычайны" прафесіяналізм усіх акцёраў, рэжысёра і ўсіх, хто мае дачыненне да стварэння кінастужкі.

"Але цягне ў Белыя Росы, і шчасце таму народу, які мае такі фільм!" — заявіў Аляксей Дудараў, усклікнуўшы: "Жыве Беларусь!".

Аляксей Дудараў напісаў працяг "Белых Рос" — кінааповесць друкавалася ў адной з дзяржаўных газет, ужо нават кніжка выйшла. Дудараў перакананы, што гэты працяг "Белых Рос" будзе цікавая гледачам.

Пра што пісаў Дудараў?

"Белым Росам" па-ранейшаму не даюць жыцця, — распавядаў ён Еўрарадыё. — Андрэй Ходас, старэйшы сын з сям'і Ходаса, перабраўся ў вёску, з якой яго зноў высяляюць, таму што там плануецца будаўніцтва элітнага катэджнага пасёлка пад назвай Белыя Росы. Яму прапаноўваюць кватэру ў горадзе, а ён працівіцца. Не хоча ляцець з вёскі і бусел, які жыве на высмаглым дубе.

У Ходасаў з'явіліся ўнукі. І вось яны ўсе збіраюцца на гэтым хутары, адкуль Андрэя высяляюць, каб адзначыць 100-гадовы юбілей бацькі...".

Аляксей Дудараў упэўнены, што здымаць "Белыя Росы-2" трэба ў тых жа месцах, дзе здымаў і Дабралюбаў, бо "хоць мясціны і змяніліся, але энергетыка захавалася".


Марына МІТ

Каментароў: (1) Раздрукаваць Уверх
КАМЕНТАРЫ

Ананім  •  22.03.2012 14:56

"Я некалі казаў, што творчасць і мастацтва — як цнатлівая жанчына, якую трэба любіць і абагаўляць. Тады ад яе ўсё атрымаеш. А калі хочаш нешта атрымаць адразу, то нічога не будзе." зачотны чувак :) +1000

НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI