Спорт
Горш за лідараў, лепш за аўтсайдараў
Спорт • 2011-10-11
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтНяспраўджаныя надзеі
Цыкл пачаўся шматспадзеўна: 3 верасня 2010 беларусы перамаглі ў Сен-Дэні фаварыта групы зборную Францыі (1:0), якая пасля скандалу на чэмпіянаце свету-2010 пазбавілася некалькіх зорных футбалістаў (Рыберы, Бензэма, Эўра, Насры, Абідаля). Аднак затым беларусы "зрабілі" бескаляровыя нулявыя нічыі з Румыніяй (дома) і Люксембургам (у гасцях), у якіх трэба было браць максімум — 6 ачкоў — альбо, прынамсі, 4. Хатняя перамога над албанцамі (2:0) дазволіла пасля чатырох матчаў мець 8 ачкоў і завяршыць 2010 год на другім месцы, з якога адкрываўся від на плэй-оф. Меркавалася, што французы, якія выйгралі тройчы запар, першынства ў групе не выпусцяць. Аднак у шасці матчах цяперашняга года беларусы выйгралі толькі адзін раз, двойчы згулялі ўнічыю і тройчы прайгралі, набраўшы ўсяго пяць ачкоў. Заключны двубой з румынамі ўжо нічога не вырашаў ні для гаспадароў, ні для гасцей.
У апошнім туры адбудуцца два матчы без удзелу зборнай Беларусі: Албанія — Румынія і Францыя — Боснія і Герцагавіна. Пераможца апошняга адразу атрымае пуцёўку ў фінальную стадыю ЧЕ-2012, а няўдачнік выйдзе ў плэй-оф і згуляе яшчэ два матчы. Пакуль жа табліца групы D выглядае так.
| Гульні | Перамогі | Нічыі | Паразы | Мячы | Ачкі | ||
| 1 | Францыя | 9 | 6 | 2 | 1 | 14-3 | 20 |
| 2 | Боснія і Герцагавіна | 9 | 6 | 1 | 2 | 16-7 | 19 |
| 3 | Румынія | 9 | 3 | 4 | 2 | 12-8 | 13 |
| 4 | Беларусь | 10 | 3 | 4 | 3 | 8-7 | 13 |
| 5 | Албанія | 9 | 2 | 2 | 5 | 6-13 | 8 |
| 6 | Люксембург | 10 | 1 | 1 | 8 | 3-21 | 4 |
Кволая атака
Дастаткова ўважліва паглядзець на табліцу, каб убачыць прычыны няўдачы каманды Бернда Штанге. Калі па колькасці прапушчаных мячоў (7) у беларусаў другі-трэці паказчык, то па забітых (8) мы ў паўтара-два разы адстаём ад Францыі, Босніі і Румыніі! І гэта не выпадкова.
Практычна ва ўсіх матчах наша каманда выходзіла на поле з адным нападнікам, у ролі якога змянялі адзін аднаго Сяргей Карніленка (2 галы), Віталь Радзівонаў (1) і Андрэй Варанкоў (0). Магчыма, гэта было б апраўдана, калі б у нас на лязе атакі гулялі супербамбардзіры кшталту румына Муту (5 мячоў у адборачным цыкле), баснійца Джэка (3) альбо француза Бензэма (3). Паколькі форвардаў такога ўзроўню ў нас няма, слушна было б разлічваць на падтрымку вострых атакуючых паўабаронцаў, якімі ў нашай зборнай яшчэ не так даўно былі Максім Рамашчанка, Валянцін Бялькевіч, Аляксандр Глеб. Аднак цяпер такіх у нас не знайшлося. Да таго ж Штанге, імкнучыся ў першую чаргу зберагчы ад непрыемнасцей уласныя вароты, выпускаў на дапамогу чатыром абаронцам і варатару адразу двух апорных хаўбекаў — Аляксандра Кульчага і Яна Цігарава. Аднак Ян праз траўмы ў трох восеньскіх гульнях зборнай не ўдзельнічаў. Гэта значыць, што непасрэдна за абарону адказвалі сямёра, а да атакі звычайна былі датычныя тры-чатыры футбалісты. Вось і атрымліваецца, што абараняліся мы колькасцю, а не ўменнем.
У нападзе ж бракавала і таго, і другога. Роўна ў палове матчаў — пяці з дзесяці — беларусы не здолелі "распячатаць" чужыя вароты. Асабліва бездапаможна выглядалі нашы хлопцы ў вырашальных сустрэчах з камандай Босніі і Герцагавіны. Агулам за два матчы беларусы здзейснілі ўсяго два ўдары ў створ варот сапернікаў (па адным дома і ў гасцях), тады як баснійцы запісалі на свой рахунак 11 "стрэлаў" (5 і 6), тры з якіх сталі галявымі.
Зборная Беларусі ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы-2012
| 03.09.2010 | Францыя - Беларусь | 0:1 |
| 07.09.2010 | Беларусь – Румынія | 0:0 |
| 08.10.2010 | Люксембург – Беларусь | 0:0 |
| 12.10.2010 | Беларусь — Албанія | 2:0 |
| 26.03.2011 | Албанія — Беларусь | 1:0 |
| 03.06.2011 | Беларусь — Францыя | 1:1 |
| 07.06.2011 | Беларусь — Люксембург | 2:0 |
| 02.09.2011 | Беларусь — Боснія і Герцагавіна | 0:2 |
| 06.09.2011 | Боснія і Герцагавіна — Беларусь |
1:0 |
| 07.10.2011 | Румынія — Беларусь | 2:2 |
Нічога новага
Два гады назад зборная Беларусі на чале з тым жа Штанге таксама фінішавала чацвёртай у адборачным цыкле да чэмпіянату свету-2010. Нагадаем тыя вынікі: 1. Англія — 27. 2. Украіна — 21. 3. Харватыя — 20. 4. Беларусь — 13. 5. Казахстан — 6. 6. Андора — 0.
Як бачна, і тады, і цяпер беларусы набралі 13 ачкоў, а прахадны бал — у раёне 20.
Калі паглядзець усю гісторыю выступаў зборнай суверэннай Беларусі ў дзевяці адборачных цыклах, то толькі аднойчы нашым футбалістам удалося выйсці на трэцяе месца ў групе — гэта здарылася ў 2001 годзе пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева. І ачкоў тады набралі найбольш — 15. Гэта наша столь. Вось ужо трэці раз запар зборная Беларусі — чацвёртая.
Зборная Беларусі ў адборачных цыклах (1996-2012)
| Год | Ачкі | Месца |
| Чэмпіянат Еўропы-1996 | 10 11 | 4 (з 6 каманд) |
| Чэмпіянат свету-1998 | 10 4 | 6 (6) |
| Чэмпіянат Еўропы-2000 | 8 3 | 5 (5) |
| Чэмпіянат свету-2002 | 10 15 | 3 (6) |
| Чэмпіянат Еўропы-2004 | 8 3 | 5 (5) |
| Чэмпіянат свету-2006 | 10 10 | 5 (6) |
| Чэмпіянат Еўропы-2008 | 12 13 | 4 (7) |
| Чэмпіянат свету-2010 | 10 13 | 4 (6) |
| Чэмпіянат Еўропы-2012 | 10 13 | 4 (6) |
Ужо вядома, што кантракт са Штанге не будзе працягнуты. Імя яго пераемніка пакуль не абвешчана. А вось сапернікі беларусаў у новым цыкле ўжо вядомыя: чэмпіёны свету і Еўропы Іспанія, Францыя, Грузія і Фінляндыя. У такой пяцёрцы стаць нават чацвёртымі будзе няпроста. Але пачакаем наступнага года.
Міхась МОШЫН



НОВЫ КАМЕНТАР