Спорт

Бюджэтны спорт — ахвяра эканамічнай дэградацыі

2011-07-25

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Спорт у Беларусі, як вядома, пераважна бюджэтны. Футбалісты і хакеісты, лёгкаатлеты і плыўцы, баксёры і дужаннікі, а таксама іх калегі з іншых дысцыплін пакорліва стаяць у чэргах за пірагом з дзяржаўнай скарбонкі.

Дакладныя лічбы выдаткаў, напэўна, вядомы толькі вузкаму колу асоб, таму будзем зыходзіць з афіцыйнай статыстыкі, што адлюстравана ў публікацыях вядучай спартовай газеты краіны "Прессбол".

На адмысловым рахунку

Вялікі спорт у Беларусі — галіна стратная, што, як правіла, не стварае матэрыяльных каштоўнасцей. На ўтрыманне велізарнага войска атлетаў, трэнераў, функцыянераў, медыкаў сплываюць гіганцкія сродкі.

У адпаведнасці з прэзідэнцкімі ўказамі № 300 ("Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі" ад 1.07.2005) і № 116 ("Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі асобных відаў спорту" ад 1.03.2010) фінансаванне гульнявых відаў (футбол, хакей, баскетбол, валейбол, гандбол, хакей на траве) ад замацаваных прадпрыемстваў было найбольшым у 2008 годзе — каля 75 мільёнаў долараў. У 2010 яно паменшылася да 68 мільёнаў долараў. Можна прыпусціць, што сёлета зніжэнне аб'ёму бюджэтных інвестыцый у спорт працягнецца.

У структуры выдаткаў шасці названых гульнявых відаў безальтэрнатыўна першынствуе хакей, улюбёны від спорту Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, дзяржпадтрымка ад замацаваных за клубамі прадпрыемстваў у самым шчодрым 2008 годзе складала: 43 мільёнаў долараў для хакейных каманд, 22 мільёны — для футбольных, па 4 мільёны — для гандбольных і валейбольных каманд, менш за мільён — для баскетбола і хакея на траве. Летась звыродлівая структура ледзь выраўнавалася, але ўсё роўна выдаткі на хакей склалі больш за палову ад агульнай сумы, выдзеленай на гульнявыя віды спорту ў Беларусі, — 58 %, на футбол — каля 30%.

Агулам за алімпійскае чатырохгоддзе хакей, па афіцыйных даных, "праглынуў" 153 мільёнаў долараў. Прычым, верагодна, у гэтую суму не ўваходзяць сродкі, што былі выдаткаваны на будаўніцтва лядовых палацаў.

"Прессбол" прыводзіць арыгінальныя разлікі выдаткаў на аднаго гульца ў 2010 годзе. Так, адзін хакеіст, які выступае за беларускія клубы, абыходзіўся ў сярэднім у 73,5 тысячы долараў у год, футбаліст — у 21,5 тысячы, валейбаліст, баскетбаліст, гандбаліст — ад 11,7 да 14 тысяч долараў. Сярэднестатыстычны настаўнік або лекар каштуе ў год 3—6 тысяч долараў. Адчуйце розніцу!

Пры гэтым значная частка грошай выплачана "варагам" — хакеістам з Расіі, якія атрымалі грамадзянства Беларусі адмысловым прэзідэнцкім указам. Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Сяргей Цяцерын на адной з нарад абмовіўся, што за апошнія гады ў Беларусі натуралізавалі ўжо 124 хакеісты!

Хаця б частка гэтых сродкаў магла быць накіравана ў дзіцяча-юнацкі хакей, у якім па-ранейшаму не назіраецца парадку. У сезоне, які нядаўна завяршыўся, юнацкая (да 18 гадоў) і моладзевая (да 20 гадоў) беларускія зборныя правальна выступілі на чэмпіянатах свету сярод аднагодкаў і не здолелі прабіцца ў вышэйшы дывізіён.

Скарачэнне апетытаў

Эканамічны крызіс імкліва спусташае фінансавыя засекі радзімы. 5 траўня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі гульнявых відаў спорту. Мэтай форуму была распрацоўка формулы, якая мусіць знізіць спартовую нагрузку на бюджэт. Іншымі словамі, прэзідэнт у цяперашняй сітуацыі імкнецца прымусіць клубы самастойна зарабляць грошыкі і хаця б часткова пакрываць немалыя выдаткі.

Мінула ўжо больш за два месяцы, але, здаецца, цудадзейную формулу пакуль яшчэ ніхто не вынайшаў. Думаецца, справа ў тым, што пераважная большасць беларускіх клубаў эканамічна несамастойныя і незаможныя.

У эканамічна развітых краінах спартовыя клубы — гэта, як правіла, акцыянерныя таварыствы, якія кіруюцца радамі дырэктараў, што дзейнічаюць у інтарэсах акцыянераў. Беларускія ж клубы фактычна падкантрольныя рэгіянальным органам улады альбо кіраўніцтву буйных дзяржпрадпрыемстваў, якія выдзяляюць сродкі на іх утрыманне.

(Выключэнне складаюць Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова і ФК "Дынама" (Мінск), якія фінансуюцца недзяржаўнымі структурамі. Барысаўскі БАТЭ частку сродкаў зарабляе ў еўракубкавых турнірах.)

Таму рэзкае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне пачынае адбівацца і на клубах. Так, з гарадзенскага футбольнага клуба "Нёман" нядаўна сышлі малдаўскі форвард Віарэл Фрунзэ і сербскі абаронца Неманья Цветкавіч. Магілёўскі "Днепр" пакінуў украінскі гулец Яраслаў Сворак. Гандбольны клуб "Машэка" (Магілёў) расстаўся з адзіным легіянерам — украінцам Дзмітрыем Полякам. Гандбольнае мінскае "Дынама" не прадоўжыла кантракт з літоўскім галкіперам Эгідзіўсам Пяткявічусам. Пералічаных спартоўцаў нельга назваць зоркамі першай велічыні, але сёння і такія нашым клубам не па кішэні.

Футбольныя клубы, якія ўдзельнічаюць у еўракубках, звычайна імкнуліся ўмацоўваць склады, аднак цяпер такой магчымасці няма. Сур'ёзна пахіснуліся справы ў першай лізе футбольнага чэмпіянату краіны. Цяжкія часы перажывае адзін з лідараў — мазырская "Славія". Футбалісты "Полацка" і зусім прапусцілі выязны паядынак. Адзін час рубам стаяла пытанне аб існаванні чэмпіёна краіны па гандболе мінскага "Дынама"...

Зрэшты, і тут ёсць выключэнне. У Лідзе ў новым лядовым палацы па асабістым загадзе Лукашэнкі ствараецца хакейны клуб. "Баляванне падчас чумы!"

Лавіна крызісу разбуральная, нібыта цунамі. Не схавацца ад яе і беларускаму спорту.

Міхась МОШЫН

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI