Спорт

Амерыканскія горкі Вікі Азаранка

2011-07-05

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Фота: wimbledon.org
На мінулым тыдні 22-гадовая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка дасягнула найвялікшага поспеху ў кар'еры на турнірах "Вялікага шлема". На кортах легендарнага Уімблдона наша суайчынніца спынілася ў кроку ад запаветнага фіналу. "Тут і цяпер" падсумоўвае дасягненні тэнісісткі.

Узлёт

2011 год стаў пікавым у кар'еры Вікторыі Азаранка. У красавіку яна выйграла топавы турнір у Маямі (ЗША) з прызавым фондам 4,5 млн долараў, дзе ў фінале перамагла расіянку беларускага паходжання Марыю Шарапаву. Адразу пасля гэтага беларуска апярэдзіла ўсіх на адносна невялікіх спаборніцтвах у іспанскай Марбэльі (прызавы фонд — 220 тысяч долараў). У траўні Азаранка дайшла да фіналу буйнога турніру ў Мадрыдзе. Апроч таго, беларуска прабілася ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату Аўстраліі і ў чвэрцьфінал "Ралан Гарос". Як вынік, у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (ВТА) Азаранка дасягнула найлепшага паказчыку ў кар'еры — 4 месца. "Прэміяльныя" тэнісісткі, на чыім рахунку ўжо 7 перамог у турнірах ВТА, перасягнулі 7,5 мільёна долараў.

На неафіцыйным чэмпіянаце свету на травяным пакрыцці ва Уімблдоне, які завяршыўся ў мінулы ўік-энд, Азаранка дасягнула найвялікшага поспеху ў кар'еры на турнірах "Вялікага шлема". Пераадолеўшы тры першыя раўнды і чвэрцьфінал, беларуская тэнісістка (5 месца ў рэйтынгу) трапіла ў чацвёрку наймацнейшых. У паўфінальным супрацьстаянні побач з узыходзячай чэшскай зоркай Петрай Квітавай (8) беларуска выглядала не вельмі пераканаўча і саступіла ў трох сэтах — 1:6, 6:3, 2:6. Квітава, якой Азаранка літаральна два месяцы назад саступіла ў фінале турніру ў Мадрыдзе, урэшце заваявала першы ў кар'еры тытул "Вялікага шлема".

Поспех беларускі тым больш прыкметны, што сёлета ёй давялося прайсці выпрабаванне шэрагам траўм. Праз пашкоджанні Віка сыходзіла з турнірнай барацьбы, прынамсі, тройчы: у Індыян-Уэлсе, Штутгарце ды Рыме.

"Шчыра кажучы, пасля студзеньскага турніру ў Дохе я не хацела гуляць у тэніс, проста хацела прыехаць дадому і адпачыць. Мая мама спыталася ў мяне, што я збіраюся рабіць. Я адказала: "Планую заняцца вучобай". Пачуўшы гэта, мама гучна засмяялася", — падзялілася яна на Уімблдоне.

Пачатак

Віка пачала займацца спортам у 7 год на кортах Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе. Першы трэнер, Валянціна Ржаных, не адразу разгледзела ў дзяўчынцы будучую зорку.

"Тэніс — такі від спорту, што спачатку рэдка калі ўдаецца вызначыць, атрымаецца ў дзіцяці альбо не. Але крыху пазней я пабачыла, што ў дзяўчынкі добрыя перспектывы. Праўда, я і падумаць не магла, што яна пойдзе так далёка. Віка была маёй улюбёнай вучаніцай: працавітая, разумная, з характарам. Канечне, не без праблем. Аднак, як бы цяжка ні было, Віка ніколі не казала, што ёй цяжка і што яна хоча кінуць трэніроўкі", — распавяла Валянціна Ягораўна карэспандэнту "Тут і цяпер".

У 12 гадоў таленавітае дзяўчо падпісала першы кантракт з вытворцам спартовага інвентару "Head". У 13 яе тагачасны трэнер Вячаслаў Конікаў з'ехаў у Штаты, і Азаранка разам з іншымі таленавітымі тэнісісткамі ўзяў пад апеку найбуйнейшы ў Беларусі імпарцёр зброі "Белтэхэкспарт". У створаным пры фірме клубе яна трэніравалася ў галоўнага трэнера юніёрскай зборнай Беларусі Надзеі Драздовай. Дзякуючы шчодраму спонсару 15-гадовая Віка змагла ўладкавацца ў акадэмію тэніса ў іспанскай Марбэлье, дзе трэніравалася ў настаўніка знакамітай Штэфі Граф Клаўса Хофсаса.

Маці Вікі даўно сябравала з жонкай вядомага варатара НХЛ Мікалая Хабібуліна, якая таксама родам з Мінска. Сямейная пара запрасіла таленавітую тэнісістку да сябе ў Арызону, там яна жыла і трэніравалася апошнія гады.

У 14 год Азаранка выйграла дзявочы чэмпіянат Еўропы, потым — юніёрскі Адкрыты чэмпіянат ЗША (2005), Аўстраліі (2005, у адзіночным і парным разрадах ) і Францыі (2005, у парным разрадзе). У 2007-м беларуска ўпершыню трапіла ў сотню найлепшых тэнісістак свету сярод дарослых, а яшчэ праз два гады выйграла свой першы тытул у турнірах ВТА.

У цэнтры скандалаў

Дабрачынны матч за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў непрыхаваным піярам Лукашэнкі

Дабрачынны матч за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў непрыхаваным піярам Лукашэнкі

Аднак вобраз Вікі Азаранка асацыіруецца не толькі з гульнёй на корце.

У лістападзе 2010-га Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў тэнісістку званнем заслужанага майстра спорту пры тым, што яна не стала ані першай, ані трэцяй ракеткай свету, не выйграла турнір "Вялікага шлема". За што? За перамогу ў пасрэдным "Кубку Крамля", якая мела месца ў момант жорсткага палітычнага супрацьстаяння паміж Масквой і Мінскам.

"Яна не жадала выйграваць: назаўтра пачынаўся турнір у Катары, а там тэмпература +35 — +38 градусаў. Я патэлефанаваў ёй увечары і папрасіў выйграць. Гэта быў палітычны матч. Трэба было прадэманстраваць усёй Расіі, што Беларусь жывая", — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт накіраваў спартоўцы віншавальную тэлеграму, а пасля дабрачыннага матчу ўручыў ёй сярод іншых падарункаў і сваю хакейную клюшку.

19 лістапада 2010 года, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў, Азаранка згуляла ў Мінску дабрачынны матч з першай ракеткай свету датчанкай Каралін Вазняцкі. Шоу ўяўляла сабой непрыхаваны перадвыбарны піяр Лукашэнкі, які выйшаў на корт у той час, як іншым кандыдатам у прэзідэнты ўручалі пасведчанні аб рэгістрацыі ў ЦВК.

Азаранка славіцца яшчэ і тым, што зусім не ўспрымае крытыку. З гэтай прычыны яна не дае інтэрв'ю айчынным СМІ цягам некалькіх апошніх год. Прычым улюбёная спартоўка прэзідэнта не робіць выключэнняў ані для "чэсных", ані для "нячэсных" журналістаў. Гэтак, падчас сёлетняга каманднага двубою зборнай Беларусі з эстонкамі ў Мінску яна "апусціла" на прэс-канферэнцыі карэспандэнта "Советской Белоруссии", а потым адмовілася даваць каментар каналу "АНТ", хоць гэта было прадугледжана згодна з рэгламентам спаборніцтваў.

Не аднойчы падчас адказных паядынкаў беларуска дазваляла сабе на публіцы грубую лаянку, якая з дапамогай тэлекамер разляталася па ўсім рускамоўным свеце. Ну, а колькасць паламаных на корце ракетак ужо вылічваецца дзясяткамі.

Алесь ЖЛОБІНСКІ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI