Спорт

Першыя з былога СССР!

Спорт  •  2011-06-27

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Фота: www.football.by

Моладзевая зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева дамаглася найвялікшага поспеху ў гісторыі суверэннага футбола: на чэмпіянаце Еўропы ў Даніі (узрост гульцоў да 21 года) хлопцы ўпершыню заваявалі бронзавыя медалі, а таксама пуцёўку на Алімпійскія гульні-2012 у Лондан.

Пунтус, Курненін, Кандрацьеў

У фінальную стадыю чэмпіянатаў кантынента для моладзевых каманд, куды дапускаюцца толькі восем зборных, беларусы выйшлі ў трэці раз. Упершыню гэта здарылася ў 2004-м: тады каманда пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса перамагла італьянцаў (2:1), згуляла ўнічыю з харватамі (1:1) і саступіла сербам (1:2). Гэтага не хапіла для таго, каб прабіцца ў квартэт лепшых, — 6 месца. Лідары той зборнай — Юры Жаўноў, Аляксандр і Вячаслаў Глебы, Цімафей Калачоў, Сяргей Карніленка, Дзмітры Молаш — ужо шмат гадоў абараняюць гонар нацыянальнай каманды.

Наступнага прарыву ў васьмёрку наймацнейшых чакалі пяць гадоў. Каманда Юрыя Курненіна пачала фінальны турнір з аглушальнай паразы ад гаспадароў чэмпіянату-2009 шведаў (1:5), але затым трохі выправіла становішча: нічыя з сербамі (0:0) і параза ад італьянцаў (1:2). Вынік — 7 месца. Праз месяц пасля заканчэння турніру 55-гадовы Курненін нечакана памёр. Найбольш вядомыя гульцы ягонай каманды — Антон Пуціла, Сяргей Кісляк, Сяргей Крывец, Ігар Шытаў, Максім Бардачоў, Дзмітры Верхаўцоў, Аляксандр Мартыновіч.

Сабраць і рыхтаваць новую каманду даручылі Георгію Кандрацьеву, паплечніку Курненіна па чэмпіёнскім складзе мінскага "Дынама" 1980-х. Георгій Пятровіч быў лепшым бамбардзірам той каманды і ўвайшоў у сімвалічны клуб бамбардзіраў імя Рыгора Фядотава.

Спачатку беларуская "маладзёжка" заняла другое месца ў адборачным турніры. Нашы па два разы абыгралі аднагодкаў з Азербайджана (3:2 і 1:0) і Албаніі (4:2, 2:1), паспяхова згулялі з Аўстрыяй (2:1, 3:3) і не вельмі добра — з Шатландыяй (0:1, 1:1). Затым былі два складаныя двубоі з Італіяй у плэй-оф. Саступіўшы ў гасцях 0:2, у Барысаве беларусы здолелі адыграцца ў асноўны час (2:0), а ў дадатковы забілі вырашальны гол, які вывеў іх у фінальную васьмёрку.

Кантрастны душ

Згодна з лёсаваннем, беларускія футбалісты трапілі ў групу з камандамі Даніі, Ісландыі і Швейцарыі. Эксперты назвалі гэта вялікай удачай, паколькі другі квартэт склалі Іспанія, Англія, Чэхія і Украіна. Акрамя медалёў разыгрываліся тры пуцёўкі на лонданскую Алімпіяду, таму важна было прабіцца ў паўфінал.

Першы ж матч з Ісландыяй склаўся для нас удала. У канцы гульні Андрэй Варанкоў (з пенальці за знос Станіслава Драгуна) і Максім Скавыш забілі два галы, якія засталіся без адказу. І другая сустрэча — з датчанамі — пачалася па нашым сцэнарыі. Дзмітры Бага, атрымаўшы востры пас ад Драгуна, перайграў варатара і ўразіў вароты гаспадароў. На жаль, на радасцях нашы страцілі ўвагу і тут жа прапусцілі зваротны "ўкол" сапернікаў. Капітан каманды Міхаіл Сівакоў у сваёй штрафной збіў нападніка датчан. Пенальці Аляксандр Гутор адбіў, але Эрыксан дабіў мяч у вароты, а затым гаспадары выйшлі наперад.

Перад апошнім турам усе чатыры каманды мелі шанс на выхад у паўфінал, аднак дзве павінны былі адсеяцца. Беларусы ўжо ў першым тайме здзейснілі дзве грубыя прамашкі ў абароне — 0:2, а ў сярэдзіне другога ў нас выдалілі Сяргея Матвейчыка. Пасля гэтага эпізоду нашы сталі больш цікавіцца падзеямі ў раўназначным матчы, дзе Ісландыя выйграла ў Даніі, — 3:1. Менавіта такі варыянт задавальняў беларускую зборную, якая, нягледзячы на дзве паразы запар, па лепшай розніцы мячоў выйшла ў паўфінал і аўтаматычна стала бронзавым прызёрам.

Насуперак прагнозам

Адмыслоўцы аднадушна прадказвалі беларусам буйную паразу ад фаварытаў турніру іспанцаў, аднак Кандрацьеў разумна не стаў спаборнічаць з "чырвонымі д'ябламі" ва ўменні атакаваць і выбудаваў магутныя абарончыя заслоны. Іспанцы беспаспяхова спрабавалі іх пераадолець, а на 38-й хвіліне прапусцілі контрвыпад беларусаў. Варанкоў прыгожым ударам праз сябе адкрыў лік.

Наспявала сенсацыя. На жаль, нашым землякам не хапіла сіл утрымаць мінімальную перавагу. За дзве хвіліны да сканчэння асноўнага часу сапернікі зраўнялі лік, а ў дадатковыя 30 хвілін забілі яшчэ два галы.

Каб вырашыць лёс трэцяй пуцёўкі на Алімпіяду (яшчэ дзве дасталіся фіналістам — Іспаніі і Швейцарыі), быў адмыслова праведзены матч Беларусь—Чэхія. У першай палове гульні чэхі насядалі, а беларусы паспяхова абараняліся. Пасля перапынку каманды памяняліся ролямі. Нашы захавалі больш сіл і перайшлі ў наступ. Развязка наступіла за дзве хвіліны да фінальнага свістка: Алег Вераціла ажыццявіў вострую перадачу справа, а Ягор Філіпенка ў адзін дотык пераправіў мяч у вароты.

Праз год беларуская каманда стане першай постсавецкай камандай, якая возьме ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Апошні раз тады яшчэ зборная СССР выступала на Гульнях-1988 у Сіэтле.

Паводле рэгламенту, у Лондане каманду можна ўзмацніць трыма футбалістамі любога ўзросту.

Чэмпіянат Еўропы сярод моладзевых каманд (да 21 года)

1. Іспанія. 2. Швейцарыя. 3-4. БЕЛАРУСЬ і Чэхія. 5. Ісландыя. 6. Данія. 7. Англія. 8. Украіна.

Усе матчы зборнай Беларусі

Беларусь—Ісландыя — 2:0 (Варанкоў, Скавыш)

Беларусь—Данія — 1:2 (Бага)

Беларусь—Швейцарыя — 0:3

Беларусь—Іспанія — 1:3 (асноўны час — 1:1, Варанкоў)

Беларусь—Чэхія — 1:0 (Філіпенка)

Міхась МОШЫН

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI