Спорт
Памяці Рамуальда Кліма. Беларускі спорт застаўся без тытана
Спорт • 2011-05-30
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтЦяжкае дзяцінства
Клім нарадзіўся 14 лістапада 1933 года ў беднай сялянскай сям'і ў вёсцы Хвоева пад Нясвіжам. Пасля Рыжскага міру Заходняя Беларусь трапіла пад польскую ўладу, і да шасці год Рамуальд размаўляў толькі па-польску. З маленства прызвычаіўся дапамагаць бацькам з малодшымі сястрычкамі. Падчас апошняй вайны ў Хвоеве рэгулярна бывалі і немцы, і партызаны. Першыя дабіваліся інфармацыі пра апошніх і некалькі разоў ставілі сям'ю Клімаў да сценкі. Дзякуй Богу, абышлося.
Праўда, па словах Рамуальда Іосіфавіча, сам факт знаходжання цягам трох гадоў пад акупацыяй потым зашкодзіў яму ў прасоўванні па кар'ернай лесвіцы.
Позняе ўзыходжанне
Паступіўшы ў Інстытут фізкультуры, Клім з роўным поспехам мог стаць дужаннікам ці баксёрам. Але на другім курсе на вочы мажнаму сялянскаму хлопцу трапіла аб'ява аб наборы ў групу кідальнікаў молата Яўгена Шукевіча. Апошні быў стваральнікам слаўнай беларускай школы малатабойцаў, якая ўжо больш за паўстагоддзя прыносіць медалі на найбуйнейшых сусветных форумах.
На дварэ стаяў 1954 год, і выхаванец Шукевіча Міхаіл Крываносаў стаў чэмпіёнам Еўропы. Яшчэ праз два гады крычавец назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю айчыннага спорту. На Алімпіядзе-1956 у далёкім Мельбурне наш зямляк заваяваў "срэбра" — першы алімпійскі медаль савецкай Беларусі. Крываносаў стаў арыенцірам для Кліма, а потым і настаўнікам.
Спелыя не па гадах вынікі ў кіданнях-штурханнях Рамуальд пачаў дэманстраваць яшчэ ў юнацтве. Але ягоны выхад на арбіту адбыўся значна пазней, чым у іншых. Да гэтага спрычыніліся розныя жыццёвыя абставіны. У тым ліку і тое, што лёс упарта разводзіў яго і Шукевіча па розных гарадах "вялікага і магутнага".
Дэбют Рамуальда Кліма ў зборнай СССР адбыўся ў 30 год. Унікальны выпадак! Да Алімпіяды-1964 у Токіа заставаўся год. На перадалімпійскім чэмпіянаце Саюза беларус не трапіў у першую тройку, аднак выйграў іншы турнір з лепшым вынікам сусветнага сезона, і яго-ткі ўзялі ў Токіа.
Алімпійскі трыумф
У Японіі ўзышла зорка знакамітага дужанніка-вольніка Аляксандра Мядзведзя. Акрамя яго алімпійскае "золата" для БССР у камандным першынстве па спартовай гімнастыцы заваявала Алена Валчэцкая з Гродна.
"Перад ад'ездам у Токіа нам далі прыкладна 50 японскіх слоў і фраз. А яшчэ Ільічоў, другі чалавек у палітбюро, папярэдзіў: "Вы, таварышы спартсмены, прыедзеце ў Японію і ўбачыце такое, чаго ніколі ў жыцці не бачылі. Але калі вернецеся дадому, павінны казаць, што там нічога няма!" Запомнілася, што, калі запалілі алімпійскі агонь, дзесяціборац Васіль Кузняцоў з Масквы, трохразовы чэмпіён Еўропы, сусветны рэкардсмен, прызёр Алімпіяды, радасна выгукнуў: «Дзякуй табе Божа — свята пачалося!» Я такога шчаслівага чалавека ніколі не бачыў!" — распавядаў карэспандэнту "Тут і цяпер" Рамуальд Клім.
Для самога беларуса алімпійскі турнір кідальнікаў молата праходзіў вельмі напружана.
"Кваліфікацыю зрабіў лёгка. Нарматыў быў 65 метраў, а я ўжо кідаў на 69. А ў пачатку фіналу належнае трэба было аддаць венгру Дз'юле Жывоцкі: за год да Гульняў яму зрабілі рэзекцыю страўніка, выдалілі дзве траціны, аднак ён аднавіўся, і ў першай жа спробе — 69,09 м — паставіў новы алімпійскі рэкорд! Тут да мяне падыходзіць старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі СССР Леанід Сяргеевіч Хаменка: «Давай, Раман! Няма чаго тут! Можаш! Да-ва-ай!» Ну, я даў на 65 метраў. Ён зноў падыходзіць: «Сцыкун!» "Выбачайце, — кажу яму, — далібог больш не падыходзьце!» Тым часам пачаўся шалёны лівень. Тады палова Алімпіяды пад дажджом прайшла. Я выпіў кавы, з'еў бутэрброд, супакоіўся. Настрой палепшаў. І ў чацвёртай спробе я кінуў молат на 69,74. Усё! Перамога!" — прыгадваў герой.
Як Клім "забіў" амерыканцаў
Так пачалося сямігадовае ўзыходжанне Рамуальда Кліма на самыя высокія п'едэсталы. Пасля такійскага трыумфу хлопец з-пад Нясвіжа выйграў алімпійскае "срэбра" на Гульнях-1968, стаў чэмпіёнам Еўропы (1966), двойчы перамагаў на спартакіядах народаў СССР (1967, 1971), чатыры разы — на першынствах СССР (1965—1967, 1971) і сем разоў — у матчавых сустрэчах зборнай СССР. У 1969 годзе на знакамітым "Нэпштадыён" у Будапешце Клім устанавіў сусветны рэкорд (74,52).
Пасля сыходу з вялікага спорту Клім стаў патрабавальным настаўнікам, які выхаваў цэлую плеяду таленавітых кідальнікаў молата.
Усе ведалі Рамуальда Іосіфавіча як чалавека добразычлівага і сумленнага, шчырага ды разважлівага. Вялікі жартаўнік, ён мог гадзінамі распавядаць анекдоты і забаўныя гісторыі з жыцця.
...У другой палове 1960-х падчас адной з матчавых сустрэч СССР—ЗША слынны амерыканскі кідальнік молата Гаральд Коналі запрасіў Кліма і яшчэ некалькі чалавек на сяброўскую вячэру. Перад тым як выпіць каньяку за сустрэчу атлеты вырашылі наладзіць імправізаванае спаборніцтва наўпрост на паляне ля дома Коналі. Амерыканцы стартавалі лепш за савецкіх, што не на жарт раззлавала беларуса. Клім сабраўся дый запусціў снарад пад 73-метровую адзнаку сусветнага рэкорду. Кажуць, у янкі мову заняло, і "спаборніцтвы" былі завершаны.
"Трэба вярнуць бел-чырвона-белы сцяг"
Апроч усяго, Клім быў чалавекам незалежным, не баяўся публічна выказваць сваё меркаванне, крытыкаваў чыноўнікаў, якія выкарыстоўвалі справу ўсяго ягонага жыцця дзеля ўласных шкурніцкіх інтарэсаў.
Рэдкі выпадак сярод спартоўцаў, але першы беларускі алімпійскі чэмпіён у кіданні молата таксама прыхільна ставіўся да беларускага адраджэння.
"Трэба вярнуць тое, што калісьці было. Неабходна гісторыкам (ці ад каго гэта яшчэ залежыць?) «разбуць» вочы і прыгадаць, чаму быў такі бел-чырвона-белы сцяг», — гаварыў некалькі год таму ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" Рамуальд Клім, пахваліўшы заўзятараў, якія падтрымліваюць беларускіх спартоўцаў на замежных арэнах з нацыянальнай сімволікай, што фактычна забаронена ў Беларусі.
На яго долю выпала няпростае жыццё. Некалькі гадоў назад вялікі атлет перажыў сямейную трагедыю — страціў сына. Не дадало здароўя алімпіёніку і рашэнне Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі скасаваць традыцыйны турнір кідальнікаў на прызы Кліма, які несупынна ладзіўся чвэрць стагоддзя. Але чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць, напластоўваючыся, нібыта пыл, на сметніку гісторыі. А вось пра Рамуальда Кліма і ягоныя дасягненні беларусы будуць памятаць заўсёды. Няхай зямелька будзе яму пухам!
Вінцэсь ШЧАБЛОЎСКІ, Міхась МОШЫН



НОВЫ КАМЕНТАР