Спорт

Беларускі хакей: замарожаныя грошы

2011-05-17

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт А. Дзергуноў Хакей
У Славакіі завяршыўся чэмпіянат свету па хакеі. Нацыянальная каманда Беларусі заняла 14 месца сярод 16 каманд вышэйшага дывізіёна і захавала прапіску ў эліце.

Лёс нашай зборнай вырашаўся ў заключным паядынку са зборнай Славеніі, у якім беларусы ўпэўнена выйгралі — 7:1. Нягледзячы на гэта, адмыслоўцы і заўзятары вынікам расчараваны. У матэрыяле “Усё будзе хакей" “Тут і цяпер” закранала тэму фактычнага правалу нашай зборнай на чэмпіянаце свету, але, мяркуем, нашым чытачам будзе цікава даведацца ў дэталях аб тым, што прывяло да сістэмнага крызісу ў айчынным хакеі.

Як было

Для беларускіх гульцоў цяперашні чэмпіянат свету стаў дванаццатым у эліце сусветнага хакея. Тройчы наша каманда ўваходзіла ў лік васьмі ўдзельнікаў чвэрцьфіналаў, прычым у 2006 годзе па дадатковых паказчыках нашы суайчыннікі выйшлі на 6 месца.

 

Беларусь на чэмпіянатах свету 1998—2011


1998 8-е месца
1999 9-е
2000 9-е
2001 14-е
2002 17-е (1-е ў групе "В")
2003 14-е
2004 17-е (1-е ў групе "В")
2005 10-е
2006 6-е
2007 11-е
2008 9-е
2009 8-е
2010 9-е
2011 14-е


На Алімпійскія гульні (туды адбор асобны) беларусы прабіваліся тройчы: 1998 — 8-е месца, 2002 — 4-е, 2010 — 9-е.

Статыстыка паказвае, што цяперашні вынік — адзін з горшых.

Куды “сыходзяць” грошы

Хакей у нас даўно перастаў быць проста спортам, яго ўзвялі ў ранг адмысловай, знакавай галіны. І ўсё таму, што ў яго гуляе прэзідэнт Лукашэнка. У краіне збудавалі каля 25 лядовых палацаў і пляцовак. Пагаворваюць, што дзяржаўнай казне гэта абышлося, магчыма, у не адзін мільярд долараў. Эксплуатацыя палацаў таксама дорага каштуе: на падтрыманне лядовага пакрыцця і асвятленне ідуць казачныя сродкі.

Яшчэ адзін артыкул выдаткаў — утрыманне прафесійных хакейных клубаў. Хакеістаў лічаць самымі высокааплачвальнымі сярод спартоўцаў у Беларусі. Да прыкладу, на існаванне ХК "Дынама" (Мінск) — прадстаўніка Беларусі ў Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ) — за тры гады выдаткавана каля 100 мільёнаў долараў.

Калі мы столькі марнуем на хакей, чаму ж замест прагрэсу маем рэгрэс?

Пацьмянелыя зоркі

Усе ўдалыя выступы беларусаў на чэмпіянатах свету звязаны з паспяховай гульнёй брамніка Андрэя Мезіна. Выхаванец чалябінскага хакея выступае за Беларусь з 1998 года. У 2006-м і 2009-м журналісты ўключалі Мезіна ў сімвалічную зборную свету. У гэты раз Андрэй правёў усе 6 гульняў ад званка да званка, але часам дзейнічаў не так надзейна, як раней. І гэта цалкам зразумела: хутка яму спаўняецца 37.

Яшчэ адзін ключавы гулец беларускай каманды, яе капітан Аляксандр Калюжны, пакінуў зборную напярэдадні чэмпіянату, спаслаўшыся на хваробу. Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што такім чынам Калюжны зрэагаваў на слабы склад і адсутнасць выразных патрабаванняў пры падрыхтоўцы каманды. Капітанам замест Калюжнага трэнеры прызначылі нападаючага клуба НХЛ “Таронта” Міхася Грабоўскага, але дадатковая адказнасць запрыгоніла хлопца. Лепшы на мінулых чэмпіянатах бамбардзір нашай каманды гэтым разам абмежаваўся толькі чатырма баламі па сістэме "гол+пас" (2+2).

Не было ў зборнай і Канстанціна Кальцова з лепшага клуба КХЛ уфімскага "Салавата Юлаева", а таксама занятых у плэй-оф НХЛ Руслана Салея ("Дэтройт") і Сяргея Касціцына ("Нэшвіл"). Праўда, прыбыў Андрэй Касціцын з "Манрэаля" ды стаў самым “дзейсным” сярод нашых.

Прамашкі Занкаўца

Галоўны трэнер зборнай Эдуард Занкавец падчас матчаў быў спакойны, нават тады, калі камандзе патрабавалася ўзрушэнне. Ужо пасля сканчэння чэмпіянату Занкавец даў зразумець, што, магчыма, не ўгадаў са складам, і дома засталіся некалькі хакеістаў, здольных узмацніць каманду. Не лепшым было і рашэнне ўвесці ў склад адразу семярых дэбютантаў (гэта траціна каманды).

Падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату свету падапечныя Занкаўца абыгралі дома зборныя Расіі і Чэхіі. Аднак у Славакіі і тыя, і другія ў выніку ўвайшлі ў чацвёрку лепшых, а беларусы прайгралі на першым этапе ўсе тры матчы: Канадзе — 1:4, Швейцарыі — 1:4 і Францыі — 1:2, а ў суцяшальным раўндзе і зборнай Латвіі — 3:6. Мабыць, галоўны трэнер пралічыўся ў методыцы падрыхтоўкі да галоўнага турніру года.

Сістэмны крызіс

Сёлета правалілася не толькі нацыянальная каманда, але і моладзевая (да 20 гадоў) і юнацкая зборныя (да 18 гадоў), якія выступалі не ў вышэйшым, а ў І дывізіёне.

"Дваццацігодкі" гулялі ў Бабруйску, але ў вырашальным двубоі за выхад у элітную групу саступілі Латвіі. Юнакі ж пракалоліся тройчы, капітуляваўшы перад аднагодкамі з Францыі, Славеніі і Даніі і апынуўшыся чацвёртымі сярод 6 каманд сваёй падгрупы. Гэта горшы выступ за ўсе гады.

У наяўнасці — сістэмны крызіс. Мабыць, галоўны яго чыннік — бескантрольнае і бессэнсоўнае марнаванне велізарных сум з дзяржаўнага бюджэту. Замест таго, каб спансіраваць дзіцяча-юнацкі хакей, гіганцкія сродкі накіроўваліся ў каманды, якія ўдзельнічаюць у адкрытым чэмпіянаце Беларусі. У выніку, за лёгкай нажывай у беларускія клубы накіраваліся легіянеры сярэдняй рукі з Расіі і Украіны. Тут яны атрымліваюць грошы, пра якія дома і марыць не маглі. Да таго ж многія з іх атрымліваюць беларускае грамадзянства адмысловым указам прэзідэнта як асобы, што ўяўляюць асаблівую цікавасць для краіны. Іх колькасць набліжаецца да сотні. Гэтыя варагі — нібы шлагбаум на шляху юных беларусаў у вялікі хакей.

Верагодна, хакейная забава, якая метадычна спусташае дзяржаўную казну, — адзін са шматлікіх фактараў, што прывялі беларускую эканоміку да крызісу.

Міхась МОШЫН
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI