Культура

Якія замежныя канцэрты адмянілі ў Беларусі за апошнія 10 год?

Культура  •  2011-04-18

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Карл Шпіцверг. Вандроўныя камедыянты. Фрагмент карціны
Больш за месяц мінула пасля з’яўлення ў сеціве гэтак званага чорнага спіса непажаданых для ўлад дзеячаў культуры. Выказваючы салідарнасць з забароненымі музыкамі, літаратарамі і акцёрамі, “Тут і цяпер” працягвае “раскручваць” тэму культуры і цэнзуры. Сёння прыгадваем, канцэрты якіх замежных артыстаў зрываліся ў Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе і чаму.

2002 год

28 чэрвеня ў Мінску меў адбыцца канцэрт нямецкіх зорак індастрыял-металу “Rammstein”. Аднак выступ сарваўся, як лічылася, "з палітычных меркаванняў". Казалі нават, што напярэдадні 3 ліпеня беларускія (а таксама ўкраінскія) ўлады вырашылі абысціся без "падазроных" нямецкіх артыстаў.

Цікава, што праз восем год выступ “Rammstein” у Мінску паспрабаваў сарваць старшыня Грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец. Ён запатрабаваў папярэдняга прагляду выступу гурта, творчасць якога ахарактарызаваў як “непрыхаваную прапаганду гомасексуалізму, мазахізму, жорсткасці, гвалту і непрыстойнай лаянкі”. Ніякага прагляду ўрэшце не было, і канцэрт адбыўся ў запоўненай “Мінск-Арэне”.

2004

У Мінску адменены канцэрт амерыканскага дэз-метал-гурта “Cannibal Corpse”. Паводле слоў арганізатараў, адмена стала вынікам ініцыятывы добразычліўцаў, якія быццам бы пераклалі "чарнушныя", гіпернатуралістычныя тэксты песень металістаў ды даслалі іх у Міністэрства культуры.

2008

У красавіку быў скасаваны выступ папулярнага расійскага поп-дуэта "Тату" ў КЗ "Мінск". Прычым, адбылося гэта ўжо пасля таго, як фанаты раскупілі ўсе квіткі. Расійскі прамоўтар заявіў, што прычына адмены — "немагчымасць выбудаваць дзелавыя адносіны з мясцовымі прадстаўнікамі".

У траўні таго ж года з прычыны сканчэння тэрміну ліцэнзіі арганізатараў быў ануляваны сталічны канцэрт "класікаў" рускага рок-н-ролу гурта "Аліса".

У чэрвені ў Мінску мусіў выступіць легендарны брытанскі хард-рок гурт “Uriah Heep”. Урэшце, гастролі па краінах СНД былі адменены, як паведамілі прэсе, "па віне ўкраінскіх прамоўтараў".

У тым жа 2008-м па ўсім Мінску былі расклеены афішы з анонсам вераснёўскага канцэрта на стадыёне "Дынама" папулярнага нямецкага эма-гурта “Tokio Hotel”. Дзяўчыны, што адказвалі па кантактных тэлефонах, прапаноўвалі квіткі па цане ад 20 да 35 долараў, пакуль не высветлілася, што гэта афёра — канцэрт насамрэч не планаваўся. Злачынцы, што абабралі немалую колькасць даверлівага люду, так і не былі знойдзены.

2009

20 красавіка ў Лядовым палацы на Прытыцкага ў Мінску не адбыўся канцэрт брытанскай легенды сусветнага сімфа-блэк-металу “Cradle of Filth”, а таксама партугальцаў “Moonspell” і фінскіх гуртоў “Turisas” і “Dead Shape Figure”. Беларускія мытнікі 5 гадзін трымалі на мяжы тры аўтобусы з музыкамі і 11 гадзін — аўтобус з апаратурай. Музыкі, якім усё ж пашэнціла пераадолець мяжу, спыніліся ў 153-х кіламетрах ад Мінска. Не дачакаўшыся абсталявання, яны вымушаны былі павярнуць назад, бо праз дзень у іх быў запланаваны выступ у Еўропе.

Цікава, што яшчэ за тыдзень да мінскага канцэрта ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя аб тым, што ён не адбудзецца, бо не ўзгоднены з МНС.

Праз чатыры дні пасля “Cradle of Filth” на крытай лядовай арэне ў Сілічах не адбыўся дэбютны канцэрт сусветнага тура знакамітага нямецкага ды-джэя ATB (Андрэ Танебергера). “З-за гіганцкіх праблем з арганізатарамі мы не можам правесці шоу, — напісаў музыка на сваім сайце. — У нас былі пэўныя дамоўленасці, якія арганізатары не выканалі”.

2010

Летась буйных канцэртаў у Беларусі не зрывалі, але ж без скандалаў не абышлося. На цырымоніі адкрыцця XIX "Славянскага кірмашу ў Віцебску" ў ліку іншых зорак павінен быў выступаць вядомы ізраільскі спявак Гарэль Скаат. Аднак за двое сутак да выступлення ізраільцяніна ў Віцебску яго прадстаўнікі атрымалі ліст ад дырэктара фестывалю Радзівона Баса: выступ Скаата адменены "ў сувязі са скарачэннем фармату канцэртаў".

У знак пратэсту супраць "неабгрунтаванай, раптоўнай адмены выступу” тагачасны амбасадар Ізраіля ў Беларусі Эдзі Шапіра адмовіўся прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця фестывалю, накіраваўшы адпаведны зварот старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Косінцу.

У Міністэрстве культуры Беларусі запэўнілі, што "ніякай праблемы няма" і выступ ізраільцяніна, нароўні з некалькім іншымі выканаўцамі, быў скасаваны з-за часовага абмежавання тэлетрансляцыі. Тым не менш ізраільскія дыпламатычныя крыніцы выказалі меркаванне, што адмена ўдзелу Скаата ў Віцебску — палітычнае рашэнне, прынятае праз нежаданне ўлад Беларусі сапсаваць адносіны з арабскімі краінамі.

Чорны спіс-2011

Нагадаем, што 2 сакавіка Байнэт скаланула выкладзеная на “Фэйсбук” копія "Спіса дзеячаў мастацтва і творчых калектываў". Паведамлялася, што нібыта ўсе, хто пералічаны ў гэтым “дакуменце без выхадных даных і подпісаў”, павінны быць аддадзены анафеме ў найбуйнейшых СМІ краіны.

У спісе пералічаны вядомыя музыкі, літаратары, акцёры. Прычым не толькі беларускія, але і расійскія, еўрапейскія ды амерыканскія славутасці, якія выказалі пратэст супраць рэпрэсій з боку ўлад Беларусі да прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў-2010.

Улады Беларусі абвяргаюць існаванне чорнага спіса, аднак супрацоўнікі СМІ ў неафіцыйных размовах пацвярджаюць, што ён ёсць і дзейнічае. Песні пазначаных гуртоў не гучаць у эфіры ФМ-станцый. За гэты час таксама было адменена, прынамсі, сем іхніх канцэртаў.

 

Міхась ДЭМСКІ

Дуглас, Більжо і Стругацкі — кандыдаты ў чорны спіс
Беларускіх рок-ідалаў выціскаюць у падполле

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI