Культура

Дуглас, Більжо і Стругацкі — кандыдаты ў чорны спіс

2011-04-11

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Карыкатура Андрэя Більжо
Фігуранты чорнага спіса спрабуюць перахітрыць улады іхнімі ж бюракратычнымі захадамі. Тым часам “Тут і цяпер” прапаноўвае чыноўнікам ад культуры быць паслядоўнымі ды пашырыць чорны спіс.

Нагадаем, што 2 сакавіка Байнэт скаланула выкладзеная на “Фэйсбук” копія "Спіса дзеячаў мастацтва і творчых калектываў". Паведамлялася, што нібыта ўсе, хто пералічаны ў гэтым “дакуменце без выхадных даных і подпісаў”, павінны быць аддадзены анафеме ў найбуйнейшых СМІ краіны.

У спісе пералічаны вядомыя музыкі, літаратары, акцёры. Прычым не толькі беларускія, але і расійскія, еўрапейскія ды амерыканскія славутасці, якія выказалі пратэст супраць рэпрэсій з боку ўлад Беларусі да прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў-2010.

Улады Беларусі абвяргаюць існаванне чорнага спіса, аднак супрацоўнікі СМІ ў неафіцыйных размовах пацвярджаюць, што ён ёсць і дзейнічае. Песні пазначаных гуртоў не гучаць у эфіры ФМ-станцый. За гэты час таксама было адменена, прынамсі, сем іхніх канцэртаў.

Музыкі гуляюць з уладамі

У гэтай сітуацыі цікава тое, што музыкі, навучаныя забаронамі 2004—2007 гадоў, калі таксама існаваў чорны спіс, спрабуюць навязаць уладам сваю гульню ды выпрабаваць ступень іхняга абсурду.

Гэтак, Лявон Вольскі, заснавальнік забароненых гуртоў “N.R.M.” і “Крамбамбуля”, нядаўна двойчы з поспехам выступіў у адным з мінскіх клубаў. Прадстаўнік клуба, калі яго, па чутках, выклікалі напярэдадні канцэртаў у Мінгарвыканкам, адказаў: “У нас будзе не канцэрт “Крамбамбулі”, а “Творчы вечар Лявона Вольскага”. Яго ў спісе няма”.

Цяпер музыка анансаваў турнэ па Беларусі з уласнай праграмай на вершы класікаў нашай літаратуры “Белая яблыня грому”. І гэтак жа пад шыльдай “Лявон Вольскі”, а не “Крамбамбуля”. Мясцовыя ўлады, спасылаючыся на адсутнасць у чорным спісе прозвішча Вольскага, згоду далі і нават уклалі ўласныя грошы ў выраб рэкламных афіш. Аднак упэўненасці, што ў апошні момант ім не патэлефануюць са сталіцы і не запатрабуюць адмяніць канцэрты, няма.

“Калі яны ўсё ж такі пойдуць на зрыў канцэртаў, то гэта аўтаматычна будзе азначаць забарону Коласа і Купалы, Танка, Куляшова, Броўкі, Караткевіча — усіх класікаў беларускай літаратуры”, — кажа “Тут і цяпер” Лявон Вольскі.

Яшчэ адзін фігурант спіса Зміцер Вайцюшкевіч, які ўжо таксама пацярпеў ад адмены канцэрта, цяпер рыхтуе выступленне на адной з афіцыйных сталічных пляцовак. Спявак збіраецца прэзентаваць свой новы “шведскі” альбом пры арганізацыйнай падтрымцы Пасольства Швецыі ў Беларусі. “Калі выступ, арганізатарам якога выступіць шведская амбасада, забароняць, то гэта ўжо будзе міжнародны скандал. Паглядзім, ці пойдуць яны на такі канфлікт”, — распавядае Вайцюшкевіч карэспандэнту “Тут і цяпер”.

Забаронены акцёр — у прайм-тайм на белТБ

Практыка таксама паказвае, што ўлады не ўсемагутныя. Гэтак, нягледзячы на тайныя забароны, на некалькіх ФМ-станцыях час ад часу усё ж такі можна пачуць кампазіцыі фігурантаў чорнага спіса. Выглядае на заслугу пэўных супрацоўнікаў радыё, якія свядома ідуць на такі крок.

А вось і іншы прыклад. 30 сакавіка ў лонданскім Каралеўскім Альберт-холе адбыўся дабрачынны канцэрт у гонар 80-годдзя першага прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова. У гала-вечарыне ўдзельнічалі зоркі сусветнай музыкі, палітыкі і грамадскія дзеячы. Адным з вядоўцаў канцэрта быў амерыканскі акцёр Кевін Спэйсі, прозвішча якога ёсць у беларускім чорным спісе. Цікава, што літаральна за некалькі дзён да гэтага ён выступаў на лонданскім мітынгу ў падтрымку палітзняволеных у Беларусі. Расійскі канал “АРТ” паказаў прысвячэнне Гарбачову жыўцом, а беларускі тэлеканал “АНТ” — на заўтра ў вечаровы прайм-тайм. Спэйсі, які быў адной з цэнтральных фігур вечара, з трансляцыі ніхто не выразаў.

Хто на новенькага?

Пакуль стваральнікі чорнага спіса ацэньваюць ягоную “эфектыўнасць” і далейшую мэтазгоднасць, “Тут і цяпер” прапаноўвае чыноўнікам ад культуры быць паслядоўнымі ды пашырыць чорны спіс.

Фота: kinotrep.ru

Фота: kinotrep.ru

Майкл Дуглас

Яшчэ ў лютым у Нью-Ёрку, на вечары салідарнасці з Беларуссю, арганізаваным амерыканскім ПЭН-клубам у падтрымку Беларускага Свабоднага тэатра, брытанскі драматург Том Стопард зачытаў ліст ад выбітнага амерыканскага акцёра Майкла Дугласа, дзед і бабуля якога паходзяць з Беларусі. “Як акцёр я рады падтрымаць беларускі Свабодны тэатр — флагман мірнага пратэсту за справядлівасць і дэмакратыю ў краіне маіх продкаў”, — адзначыў у звароце Дуглас.

(Пры складанні чорнага спіса на шматразовага ўладальніка “Оскара” чамусьці забыліся.)

Фото: donbass.ua

Фото: donbass.ua

Барыс Стругацкі

Напрыканцы студзеня знакаміты расійскі пісьменнік Барыс Стругацкі, а таксама шэраг пецярбургскіх інтэлектуалаў выступілі з адкрытым лістом супраць беларускіх улад і ў падтрымку апазіцыі. «Калі Еўропа і свет не жадаюць паўтарэння на постсавецкай прасторы сталінскіх і нацысцкіх злачынстваў, то яны павінны заняць цвёрдую пазіцыю ў адносінах да сённяшняга беларускага рэжыму», — гаварылася ў звароце.

(Прозвішча Стругацкага таксама няма сярод забароненых у Беларусі.)

Фота: ogoniok.com

Фота: ogoniok.com

Уладзімір Вайновіч

Адсутнічае ў чорным спісе і яшчэ адзін зорны расійскі літаратар — Уладзімір Вайновіч. Следам за падзеямі 19 снежня ў Мінску літаратар у сваім блогу выказаў словы падтрымкі арыштаванай беларускай журналістцы і жонцы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыне Халіп: “Я жадаю Вам, Вашаму мужу і ўсім Вашым таварышам найхутчэйшага вызвалення, а ўсёй Беларусі — збавення ад дыктатуры яе дзікага і невуцкага кіраўніка".

 

Фота: rozov.ru

Фота: rozov.ru

Андрэй Більжо

У сакавіку знаны расійскі мастак-карыкатурыст Андрэй Більжо выступіў у інтэрнэце ў падтрымку беларускіх палітзняволеных. “Мяне так пёрла, што замест адной або дзвюх я зрабіў больш за 10 паштовак, — адзначыў Більжо ў сваім блогу на сайце grani.ru http://www.grani.ru/blogs/free/entries/186818.html, дзе і змясціў карыкатуры на беларускі рэжым”.

 

 

Міхась ДЭМСКІ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI