Культура
Беларускіх рок-ідалаў выціскаюць у падполле
Культура • 2011-03-29
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт“Біцца за праўду — і выжыць”
28 сакавіка ў мінскім клубе “Графіці” адбыўся першы з двух запланаваных “аўтарскіх вечароў Лявона Вольскага”. Менавіта “Лявона Вольскага”, а не гурта “Крамбамбуля”, з якім цяпер выступае музыка. У чым розніца?
На пачатку сакавіка Байнэт скаланула копія "Спісу дзеячаў мастацтва і творчых калектываў". Паведамлялася, нібыта ўсе, хто пералічаны ў гэтым “дакуменце” без выходных даных і подпісаў, павінны быць аддадзеныя анафеме з боку ўладаў. Беларускую музыку ў спісе прадстаўляюць гурты "Ляпис Трубецкой", і "Палац", "Крама", "N.R.M.", "Нейро-Дюбель", "Крамбамбуля", “Naka” і Зміцер Вайцюшкевіч. Самі ўлады адмаўляюць сваю датычнасць да якіх-кольвек спісаў, аднак практыка паказвае, што яны ёсць і дзейнічаюць.
Паўпадпольны канцэрт “Крамбамбулі” пад шыльдай “Лявон Вольскі” перад паўсотняй гледачоў адбыўся ў той час, як канцэрты рок-гуртоў адмяняюць у Беларусі адзін за адным. Быццам, пакуль няма праблем і з такімі самымі “сольнымі” канцэртамі спевака ў рэгіёнах.
“Можа, рэч у тым, што ў спісе фігуруюць “N.R.M.” і “Крамбамбуля”, а непасрэдна майго імя няма, — дзяліўся з публікай Вольскі. — Гэта цалкам магчыма, калі ведаеш звычку гэтых людзей рабіць усё адпаведна паперцы зверху”.
Заснавальнік “N.R.M.” і “Крамбамбулі” яшчэ не раз згадваў падчас выступу чорны спіс, выказваючы непадробнае здзіўленне, што канцэрт усё ж адбываецца. Літаральна дзесяццю днямі раней выступленне “Крамбамбулі” у крыху большай аўдыторыі сталічнага рэстарана “Госці” было адменена “з прычыны хваробы вакаліста”. Калі ж Вольскі ў дзень выступу заявіўся да кіраўніцтва ўстановы разам з прыхільнікамі ды запытаўся: “Я не хворы. Чаму адменены канцэрт?”, у дырэктаркі проста мову заняло.
“Мала сказаць: ненавіджу,
Мала сказаць: прызнаю.
Біцца за праўду — і выжыць,
Нібы салдат у баю”, — спяваў Вольскі песню на верш Пімена Панчанкі, дадаўшы, што сёння яна надзвычай актуальная.
“І не бойцеся прыходзіць на канцэрты”
Сярод сяброў Вольскага і К на канцэрце ў “Графіці” быў і задуменны Яўген Калмыкоў — прадзюсар самага папулярнага беларускага гурта ў Расіі “Ляпіса Трубяцкога”. Некалькімі гадзінамі раней ён абвясціў, што ўсе канцэрты “Ляпісаў” у Беларусі адмененыя. Музыкі заявілі аб перапыненні туру с прэзентацыяй новага альбому пасля таго, як мінскі клуб “Рэактар” у апошні момант скасаваў два запланаваныя канцэрты, на якія былі прададзены ўсе квіткі.
“У Беларусі ідзе нейкі культурны генацыд. Я ведаю, што многія цяпер з'язджаюць на Захад — вучыцца, працаваць, бо не бачаць перспектыў у самой краіне. Насамрэч ўсе гэтыя чорныя спісы можна працягваць да бясконцасці. Кожны разважны, прыстойны, інтэлігентны чалавек любой прафесіі можа ўносіць сябе ў чорны спіс. Такіх, як мы, проста выжываюць з краіны. Нам не даюць спяваць, іншым не даюць займацца мастацтвам, навукай, бізнэсам. І калі ад нас раней патрабавалася маўчанне, то цяпер нас адсюль проста выганяюць”. Сяргей Міхалок
“Калі ідэолагі і працаўнікі культуры, афіцыйныя асобы лічаць, што "Ляпіс Трубяцкі", N.R.M., "Neuro Dubel", Naka, Вайцюшкевіч нявартыя высокага звання рок-музыкі, то няхай яны па метадзе "Фабрыкі зорак" набяруць з ліку БРСМ-актывістаў самадзейных талентаў, апрануць іх у скураныя ўборы на ўзор галоўнага рокера нашай краіны Дзядзі Вані. Няхай выдатныя кампазітары Алег Елісеенкаў, Макс Алейнікаў і іншыя напішуць ім рок-песні, паставяць ім цуда-колерамузыку, якую я бачыў на розных афіцыйных мерапрыемствах, а потым з дапамогай дубінак і электрашокераў заганяюць на гэтыя канцэрты моладзь”, — заявіў у звязку з адменай тура лідар “Ляпісаў” Сяргей Міхалок.
Музыкі і іх прадзюсары сцвярджаюць, што адмена канцэртаў ажыццяўляецца праз мясцовыя выканкамы. Туды запрашаюць прадстаўнікоў гаспадарчых суб'ектаў, якія прадстаўляюць пляцоўку для канцэрта, ды пад пагрозай адносна далейшай дзейнасці зрываюць мерапрыемствы.
“Гэтымі забаронамі яны нашкодзяць сабе. На маім брэсцкім канцэрце магло папрысутнічаць 200 чалавек. Сёння ж пра існаванне ў Беларусі дзікунскіх забаронаў ведаюць ужо мільёны людзей па ўсім свеце”, — распавядае карэспандэнту “Тут і цяпер” іншы фігурант чорнага спіса Зміцер Вайцюшкевіч.
… Цягам дзвюх гадзін у “Графіці” публіка спявала разам з Вольскім хіты і новыя песні. “Да новых сустрэч, — з аптымізмам сказаў на развітанне лідар “Крамбамбулі”, дадаўшы: “І не бойцеся прыходзіць на канцэрты”.
|
Чорны спіс у дзеянні Якія канцэрты ўжо адмянілі Нагадаем, што з 2004 па 2007 гады ў Беларусі ўжо існавалі чорныя спісы, якія забаранялі публічную дзейнасць найбольш вядомых рок-гуртоў на чале з "N. R. M.", "Крамай", "Палацам", "Нейра Дзюбелем". Сёлета ў звязку з чорным спісам адменена ўжо сем канцэртаў. 13 сакавіка. “З-за тэхнічных прычынаў” адменены канцэрт "Ляпіса Трубяцкога" у Гомелі. 17 сакавіка. Адміністрацыя рэстарана “Госці” абвясціла, што выступленне “Крамбамбулі” адмяняецца “з прычыны хваробы вакаліста”, аб чым сам Лявон Вольскі даведаўся ад сяброў. 18 сакавіка. Адміністрацыя брэсцкага Тэатра лялек без тлумачэння прычын адмяніла канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. 20 сакавіка. Скасаваны выступ “Ляпіса” ў адным з клубаў Магілёва. 24 сакавіка. Мінскі клуб "Рэактар" адмовіў канцэрту-прысвячэнню гурту "Neuro Dubel". Як адзначыў лідар рок-калектыва Аляксандр Кулінковіч, іх выступ менавіта забаронены: "Кіраўніцтва клуба выклікалі і прапанавалі выбіраць: альбо страта арандатара, альбо страта клуба". 1, 2 красавіка. Кіраўніцтва “Рэактара” без уцямных прычынаў скасоўвае два канцэрты “Ляпісаў” на якія даўно былі раскупленыя ўсе квіткі. |
Міхась ДЭМСКІ



НОВЫ КАМЕНТАР